Агляд прэсы: прысуд непазбежны



Як беларускае пераўсведамленне пакідае ўсё менш месца Расеі ў Беларусі. Следчыя СААЗ ставяцца скептычна да кітайскай тэорыі ўзнікнення Covid-19. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Амерыканскае выданне Atlantic Сouncil канстатуе пабудову новай нацыі ў Беларусі: «Падобна Ціханоўскай, якая жыве ў эміграцыі ў Вільні, усё большая колькасць беларусаў пачынае скіроўваць погляд на Захад».

Характэрна, што апошнія апытанні грамадскай думкі паказваюць, што ў Беларусі зніжаецца падтрымка саюзнай дзяржавы з Расеяй. Тым часам падтрымка да больш цесных сувязяў з Еўропай няўхільна расце.

«Змена адносін да геапалітычнай арыентацыі Беларусі адбываецца на фоне пераацэнкі гісторыі, ідэнтычнасці краіны і таго, што складае агульнае мінулае. Усё большая частка грамадскасці звяртае ўвагу на еўрапейскую гісторыю краіны да ўключэння яе ў склад Расійскай імперыі ў 1796 г. У першую чаргу яны звяртаюцца да стагоддзяў, калі беларускія землі ўваходзілі ў склад Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай», – адзначае Atlantic Сouncil.

Прэм’ер-міністр Венгрыі Орбан прыгразіў выхадам сваёй партыі Фідэс са складу фракцыі Еўрапейскай Народнай партыі ў Еўрапарламенце, калі ў пятніцу фракцыя прагаласуе за ўнясенне зменаў у рэгламент. У выпадку такіх зменаў стала б магчымым часова выключыць дэпутатаў ад Фідэс з фракцыі: мера, якая да гэтага часу не магла быць рэалізаваная.

Нямецкая газета Süddeutsche Zeitung піша пра тое, што Орбан у чарговы раз узяў ініцыятыву ў свае рукі:

«Ён прымушае партыю да прыняцця рашэння, якое ў іншым выпадку было б адкладзена. Гэта тыповая для яго форма шантажу, якая ў дадзеным выпадку нават уяўляецца вельмі лагічнай. Чыста тэарэтычна, змяніўшы статут, можна выключыць любую групу, і тым не менш, пакуль што гэта відавочна стане кейсам Фідэс. Еўрапейскай Народнай партыі самы час заняць ясную і выразную пазіцыю», – рэзюмуе нямецкае выданне.

У панядзелак экс-прэзідэнт Францыі Нікаля Сарказі атрымаў прысуд: тры гады турэмнага зняволення па абвінавачванні ў дачы хабару і спробе аказання незаконнага ўплыву. Два гады з трох, аднак, Сарказі атрымаў умоўна. 

«Той факт, што абвінавачванне Сарказі заснавана на праслухоўванні тэлефонных размоваў, кажа пра тое, што французская юстыцыя вельмі палітызаваная», – піша Le Figaro.

Французскае выданне адзначае, што такія «скрадзеныя» словы, па сутнасці, уяўляюць сабой вынік пастаяннай і бесцырымоннай юрыдычнай кампаніі, якая праводзіцца Нацыянальнай фінансавай пракуратурай.

«Ужо далося ў знакі, калі значнымі палітычнымі гульцамі станавіліся менавіта суддзі. Гэта і спыненне шматгадовага расследавання ў дачыненні да Нікаля Сарказі да скандалу з ахвяраваннямі Бетанкур, гэта і нязвыклая паспешнасць пракуратуры ў дачыненні да Франсуа Фіёна, а таксама юрыдычная рызыка, якая паралізуе крызіснае кіраванне барацьбы з пандэміяй. Вядома, палітыкі павінны падаваць прыклад іншым, і нішто не павінна абараняць іх ад усёй строгасці закона. Аднак што ж дае права юстыцыі самой упадаць у ганарыстасць, якую яна гэтак бязлітасна пераследуе ў народных прадстаўнікоў ва ўладзе?», – задаецца пытаннем  Le Figaro.

Брытанская штодзённая газета Financial Times паведамляе, што даследнікі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя абверглі кітайскую тэорыю пра тое, што каронавірус быў занесены ва Ухань праз замарожаныя прадукты, што падкрэслівае напружанасць геапалітыкі вакол вытокаў Covid-19.

«Скептыцызм СААЗ падтрымала  Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ЗША, якая заявіла, што заражэнне харчовых прадуктаў і ўпакоўкі з’яўляецца” надзвычай рэдкай з’явай», – паведамляе брытанскае выданне і такім чынам абвяргае гіпотэзу кітайскіх навукоўцаў аб тым, што Sars-Cov-2 быў выяўлены на знешняй упакоўцы імпартнай замарожанай траскі.

«На сённяшні момант мы не маем уяўлення аб геаграфіі паходжання каронавірусу», – падсумоўвае Financial Times .

 Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка