Агляд прэсы: Пункт адваротнага адліку



Як вайна Расеі ва Украіне можа раздушыць Беларусь. НАТО жывы як ніколі! З якімі глабальнымі праблемамі можа сутыкнуцца свет? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«У летнія месяцы 2020 года азлоблены Лукашэнка быў на мяжы згубы ўлады на фоне масавых унутраных пратэстаў і санкцый Захаду. Тады на дапамогу прыйшоў Крэмль. Цяпер Лукашэнка вяртае ласку, дазваляючы сваёй краіне стаць плацдармам для ваеннага набегу Расеі на Украіну — крок, які выклікаў новую хвалю санкцый і можа зноў распаліць унутраныя рознагалоссі, якія могуць пасадзіць насенне для яго палітычнай гібелі. Самае галоўнае, што беларусы, здаецца, не хочуць гэтай вайны. І Лукашэнка, відавочна, гэта нават ведае. Ужо ёсць рэальныя прыкметы таго, што калі Лукашэнка ўвядзе свае войскі ва Украіну — гэта можа стаць той іскрой, якая зноў распаліць унутраны апазіцыйны рух па ягоным звяржэнні», — піша амерыканская газета Washington Examiner.

Выданне цытуе кіраўніка ўкраінскай чыгункі «Укрзалізныца», які заявіў, што беларускія чыгуначнікі сабатавалі чыгуначнае злучэнне паміж Украінай і Беларуссю, каб сарваць перавозку падмацавання на расейскія баявыя лініі.

«Заходнія краіны ўвялі жорсткія санкцыі супраць Беларусі за яе ролю ў дапамозе Расеі ў канфлікце. На гэты раз Расея не так добра падрыхтавана, каб выратаваць Лукашэнку ад гневу Захаду. Санкцыі знішчылі больш за 30 мільярдаў даляраў з ВУП Расеі. Санкцыі супраць Расеі, верагодна, акажуць рэзкі ўплыў на Беларусь з-за яе ўсебаковай залежнасці ад Расеі. У любым выпадку, людзі ў Беларусі, верагодна, пацерпяць. З аднаго боку, яны церпяць рэпрэсіі супраць уласнага рэжыму, але цяпер яны вінаватыя, таму што гэты рэжым стаў ў вайне на баку Пуціна, якая з’яўляецца злачыннай. У іх няма ніякай сілы, каб змяніць сітуацыю, таму што рэпрэсіўная машына ў Беларусі спрацавала настолькі, што амаль кожны, хто меў смеласць пратэставаць, быў арыштаваны і саджаны ў турму або з’ехаў з краіны», – падкрэслівае амерыканскае выданне.

Гішпанская газета El Mundo падкрэслівае адказнасць, якая ляжыць цяпер на альянсе.

«Найбуйнейшая ваенная арганізацыя ў гісторыі, сэнс існавання якой заключаецца ў абароне дэмакратычнага парадку і стрымліванні таталітарных пагроз, павінна адказна выкарыстоўваць сваю моц, калі па другі бок мяжы ёй супрацьстаіць такі імперыяліст-псіхапат, узброены ядзернай зброяй, як Уладзімір Пуцін. Усё змянілася, і сёння НАТО жывей, чым калі-небудзь раней і гатова абараняць каштоўнасці, за якія змагаецца Украіна і з-за якіх Расея ўварвалася ў яе межы. Гэтая вайна прынясе ліберальным дэмакратыям нямала новых выпрабаванняў, у якіх ім давядзецца даказаць сваю рашучасць і гатоўнасць ахвяраваць. Мы павінны з высока паднятай галавой прыняць выклік часу!», – падкрэслівае гішпанскае выданне.

У ААН прадказалі голад у Афрыцы і краінах Блізкага Усходу, што пацягне за сабой масавую міграцыю насельніцтва ў Еўропу. Тая тым часам спрабуе справіцца з плынямі бежанцаў з Украіны. Сусветныя СМІ разважаюць, ці змогуць краіны, якія прымаюць, забяспечыць патрэбнасці мігрантаў.

«Расея і Украіна ўваходзяць у лік найбуйнейшых сусветных вытворцаў і экспарцёраў збожжа. На гэтыя ж дзве краіны прыпадае і значная доля экспарту сельгас угнаенняў, аднак з-за ўзброенага канфлікту парушаны лагістычныя ланцужкі. Пад пытаннем таксама аказалася і пасяўная кампанія гэтага года. Наступствы стануць зразумелыя ў поўнай меры ўвосень. Ратуючыся ад голаду, афрыканцы паедуць у Еўропу»,- папярэджвае еўрапейскае выданне Politico.

«Каля 80 гарадоў у Вялікабрытаніі ўжо аб’явілі аб прыпыненні пабрацімскіх сувязей з гарадамі Расеі на фоне вайны на Украіне», – паведамляе брытанская газета The Guardian.

«На працягу 36 гадоў Глазга быў пабрацімам з Растовам-на-Доне, размешчаным на ўсход ад украінскай мяжы. Аднак усяго праз некалькі гадзін пасля ўводу расейскіх войскаў на Украіну кіраўнік Муніцыпальнага савета шатландскага горада Сьюзан Эйткен прыпыніла пагадненне. Праз дзень пасля пачатку вайны Чалтнэм прыпыніў пабрацімскія сувязі з чарнаморскім курортам Сочы. Днём пазней дагавор аб сяброўстве з Санкт-Пецярбургам, заключаны яшчэ ў 1962 годзе, прыпыніў Манчэстэр. У пачатку сакавіка графства Дарэм спыніла 54-гадовыя сувязі з Кастрамой. А 4 сакавіка, пасля тыдня ціску, гарадская рада Оксфарда прыпыніла пабрацімскія сувязі з Пермю. 11 сакавіка гарадская рада Эксэтэра аднагалосна прагаласавала за прыпыненне грамадзянскіх стасункаў з Яраслаўлем», – паведамляе брытанскае выданне і звяртае ўвагу на гарады, якія па-ранейшаму падтрымліваюць пабрацімскія адносіны з расейскімі гарадамі, як, напрыклад, Кентэрберы, які не прыпыніў сувязі з Уладзімірам.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка