Агляд прэсы: пункт непавяртання



ЕЗ заклікае Беларусь не спяшацца запускаць новую атамную станцыю. Чаму «з Лукашэнкам нельга занадта мякка або занадта цвёрда»? Расейскія СМІ адсочваюць, як дзеці ГУЛАГа змагаюцца за вяртанне дадому. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.

Амерыканскае выданне Bloomberg цытуе ліст Камісара па пытаннях энергетыкі Еўразвязу Кадры Сімсан, які тая накіравала прэм’ер-міністру Беларусі Раману Галоўчанку. У звароце ўтрымліваецца заклік да Беларусі не спяшацца з запускам новай АЭС, пачакаць вынікаў дадатковай праверкі бяспекі. Таксама падкрэсліваецца наяўнасць палітычнай напружанасці між Беларуссю і суседнімі краінамі.

«Еўрапейская група рэгулятараў ядзернай бяспекі лічыць, што Беларусь дасягнула прагрэсу ў вырашэнні асноўных праблем на БелАЭС, якая знаходзіцца недалёка ад мяжы Літвы – сябра ЕЗ. Аднак поўны даклад будзе складзены пасля далейшай экспертнай праверкі толькі напрыканцы гэтага года», – адзначае амерыканскае выданне.

Bloomberg падкрэслівае,  што хоць увод БелАЭС у эксплуатацыю з’яўляецца суверэнным рашэннем для Беларусі, усе рэкамендацыі Еўразвязу важныя для бяспекі і павінны быць выкананы тэрмінова. Прынамсі кіраўнік ЕЗ па пытаннях энергетыкі папрасіў Галоўчанку пацвердзіць супрацоўніцтва Беларусі ў галіне экспертнай ацэнкі і пагадзіцца арганізаваць другі этап ацэнкі, уключаючы наведванне аб’екта, як мага хутчэй.

***

 Расейскае выданне Gazeta.ru паведамляе, што Крэмль рыхтуецца трэці раз за апошнія тры гады замяніць свайго амбасадара ў Беларусі. Як чакаецца, дыппрадстаўніцтва ў Менску ўзначаліць Яўген Лук’янаў – яго кандыдатуру ўжо ўхвалілі ў Дзярждуме. Эксперты мяркуюць, што змена пасла звязана са змяненнем палітычнай позвы ў Беларусі і неабходнасцю дыпламатычнага садзейнічання ў вырашэнні крызісу, а таксама са спробай знайсці сярэдні варыянт паміж цвёрдым і мяккім падыходам.

«Бабіч быў занадта рэзкім паслом, таму прыйшлося ўзяць Мезенцава, які аказаўся занадта мяккім для стасункаў з Лукашэнкам. Цяпер, мабыць, вырашылі трапіць у мэту пры дапамозе расейскага амбасадара ў Латвіі, які мае вялікі вопыт у гэтым рэгіёне і па факце не толькі назіраў за сітуацыяй у Беларусі з боку, але і быў побач», – камэнтуе расейскае выданне і рэзюмуе літаральна наступнае: «Беларусь выйсці з крызіснай сітуацыі без палітычнай і эканамічнай падтрымкі Расеі не можа, таму замена пасла спатрэбілася ізноў. Тут неабходная цвёрдая рука такога менеджара, які здольны да неардынарных рашэнняў».

***

 Расейскае выданне The Moscow Times разглядае сітуацыю, калі грамадзяне Расеі, якія нарадзіліся ў сталінскіх лагерах, усё яшчэ змагаюцца за прадугледжаную законам кампенсацыю.

«На працягу больш за дзесяць гадоў упартае нежаданне дзяржавы закранаць праблемы ахвяраў ГУЛАГу так і не было аспрэчана. У 2019 годзе Канстытуцыйны суд РФ нечакана вынес рашэнне на карысць «дзяцей ГУЛАГа», у якім было пацверджана іх права на першачарговае забеспячэнне жыллём. Але як хутка Дума разгледзіць гэтае пытанне – невядома», – падкрэслівае выданне.

На думку газеты, з улікам таго, што кіроўная партыя «Адзіная Расія» занятая падрыхтоўкай складаных выбараў у Дзярждуму ў верасні, нельга выключаць што пытанне пра кампенсацыю будзе знята з заканадаўчага раскладу на карысць больш буйных законапраектаў, якія прыцягваюць увагу і могуць выклікаць станоўчыя водгукі для кіруючай партыі.

«Гэтае пытанне не зусім упісваецца ў той перадвыбарчы наратыў, які патрэбен уладам. Крэмль, відавочна, лепш аддасць перавагу пакету сацыяльных мераў для шырокіх слаёў насельніцтва, чым будзе абмяркоўваць такое вузкае і спрэчнае пытанне, як гэтае».

***

«Прайшоў год з таго часу, як СААЗ абвясціла пачатак пандэміі каронавірусу. Нават да таго часу вірус ужо пачаў разбураць жыццё ці ледзь не ўсюды ў свеце. У тыя першыя месяцы ў свеце пашыраліся прагнозы: адныя засноўваліся на фактах і навуковых тэорыях, іншыя – на палітычных інтарэсах і дэзінфармацыі», – піша амерыканская газета The Washington Post і аналізуе, якія прагнозы спраўдзіліся.

Паводле выдання, абсалютна пацвердзіліся засцярогі аб тым, што па ўсім свеце ўзмацніцца бытавы гвалт, а страта працы і закрыццё школаў непрапарцыйна моцна паўплываюць на жанчын.

«Абсалютна не пацвердзілася гіпотэза аб тым, што каронавірус стане сезонным захворваннем, як грып. Таксама няслушнымі аказаліся дапушчэнні, што маскі не патрэбныя, што мацней за ўсе пацерпяць ад вірусу лагеры ўцекачоў, а асноўнымі месцамі распаўсюджвання каронавірусу стануць перапоўненыя пляжы. Ды і забароны на паездкі не змаглі спыніць распаўсюд вірусу»,  – канстатуе амерыканская газета.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.