Агляд прэсы: Пуцін баіцца пераследу за дзясяткі злачынстваў



Чаму менавіта цяпер у расейскага дыктатара, які мае вялікі ўплыў на Беларусь, наспела неабходнасць займацца ўмацаваннем сваёй недатыкальнасці? Якія пралікі дапусціла кіраўніцтва Арменіі ў вайне за Нагорны Карабах? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча.

На мінулым тыдні заканадаўчы камітэт расейскага парламента паслухмяна зацвердзіў законапраект, які прадастаўляе былым прэзідэнтам пажыццёвы імунітэт ад судовага пераследу. Гэты крок стаіць за іншай заканадаўчай ініцыятывай, якая зробіць любога былога прэзідэнта пажыццёвым сенатарам — практыка, якая параўноўвалася з нябожчыкам чылійскім дыктатарам Аўгуста Піначэтам, — піша на старонках The Washington Post расейскі гісторык Уладзімір Кара-Мурза. Гэтыя ініцыятывы выклікалі спекуляцыі ў заходніх СМІ пра прычыны і паспешлівасць такіх мер засцярогі — тым больш, што яны супалі з паведамленнямі ў брытанскіх і амерыканскіх таблоідах аб меркаваных праблемах са здароўем, якія нібыта выклічуць адстаўку Пуціна ў новым годзе. Аднак прычына гэтых заканадаўчых крокаў ясная нават без ілжывых чутак пра здароўе. Адзін з суаўтараў законапраекта аб імунітэце Андрэй Клішас заявіў, што ён накіраваны на прадухіленне „неабгрунтаваных пераследаў былога кіраўніка дзяржавы”. Нягледзячы на слова „неабгрунтаваныя” — іншыя зрынутыя дыктатары, ад Слабадана Мілошавіча да Альберта Фухіморы, таксама лічылі свой пераслед беспадстаўным — такая шчырасць высокапастаўленага расейскага чыноўніка дзівіць. Клішас, член верхняй палаты расейскага парламента, пацвярджае тое, што аналітыкі даўно ўжо лічаць самым вялікім страхам Пуціна: што яго могуць прыцягнуць да адказнасці, калі ён страціць абарону Крамлём. Гэта страх зразумелы. За два дзесяцігоддзі свайго знаходжання ва ўладзе Пуцін зрабіў шмат рэчаў, за якія ён мог бы быць прыцягнуты да адказнасці як па ўнутраным, так і па міжнародным праве,  ад фальсіфікацыі выбараў, заключэння апанентаў у турмы, падаўлення СМІ і іншых злоўжыванняў уладай да зверстваў, учыненых падчас канфліктаў у Чачэніі, Грузіі, Украіне і Сірыі. А таксама ёсць пытанне аб магчымай асабістай датычнасці Пуціна да злачынстваў, уключна з забойствам у 2015 годзе яго галоўнага апанента, былога віцэ-прэм’ера Барыса Нямцова. Нядаўні даклад Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе ўключае паказанні сведак, якія, што нядзіўна, былі праігнараваныя расейскімі следчымі, пра тое, дзе і як Пуцін аддаў загад аб забойстве. Расейскія навукоўцы-прававеды і праваабаронцы падрабязна апісваюць гэтыя і іншыя патэнцыйныя правапарушэнні ў новай „белай кнізе”, якая закладвае аснову для правасуддзя пераходнага перыяду ў постпуцінскай Расеі. Абапіраючыся на прыклады іншых краін, якія сутыкнуліся са спадчынай жорсткіх аўтарытарных рэжымаў, ад Чылі і Сальвадора да Паўднёвай Афрыкі і былой Югаславіі — аўтары прыводзяць довады на карысць судовага працэсу, які забяспечыў бы адказнасць за злачынствы, фундаваныя дзяржавай. Ён будзе накіраваны на прадухіленне як пазасудовай адплаты, падобнай тым, якія выпалі на долю Нікулаэ Чаўшэску ў Румыніі і Муамара Кадафі ў Лівіі, так і татальнай беспакаранасці, якой карысталіся былыя прадстаўнікі Камуністычнай партыі і КДБ у Расеі пасля падзення савецкага рэжыму. Пуцін, здаецца, ужо рыхтуецца. Якім бы адхіленым ад рэальнасці ні быў чалавек пасля больш чым 20 гадоў знаходжання ва ўладзе, цяжка не заўважыць папераджальныя знакі для рэжыму. Ад вулічных пратэстаў у Маскве і Хабараўску да зневажальных паражэнняў кіруючай партыі на мясцовых выбарах і рэзкага падзення рэйтынгаў Пуціна ў апытаннях грамадскай думкі, а таксама да прыкметнага росту папулярнасці апазіцыйнага лідара Аляксея Навальнага. Наступныя прэзідэнцкія выбары ў Расеі прызначаныя на 2024 год, і, улічваючы, што імі, верагодна, будуць маніпуляваць гэтак жа, як і папярэднімі, перспектыва масавых агульнанацыянальных дэманстрацый таго роду, якія прывялі да звяржэння аўтарытарных кіраўнікоў у іншых постсавецкіх краінах, становіцца ўсё больш рэальнай. Апошнія заканадаўчыя меры — спроба забяспечыць страхоўку. Праблема для Пуціна заключаецца ў тым, што да зрынутага дыктатара рэдка звяртаюцца па тых правілах, якія яны напісалі. Спытайце генерала Піначэта, — заключае аўтар публікацыі ў The Washington Post.

Амерыканскае выданне The National Interest ацэньвае недахопы армянскай палітыкі, якія прывялі да паразы ў вайне ў Нагорным Карабаху. Падобна на тое, Арменію знячэвілі. Гэта вельмі дзіўна з улікам таго, што Арменія ў апошнія гады ўсё часцей выступала з агрэсіўнымі і ваяўнічымі заявамі ў адрас Азербайджана. Чаму канфлікт пайшоў не так, як гэта ўяўляла сабе армянскае кіраўніцтва? Кіраўніцтва Арменіі ў гэтым канфлікце пралічылася амаль ва ўсім: з рэакцыяй сусветнай супольнасці, з адказам Расеі, з роляй Турэччыны ў канфлікце, а таксама з унутранай дынамікай свайго ворага Азербайджана. У армяна-азербайджанскім канфлікце заўсёды нязменна прысутнічаў глыбокі парадокс. Колькасць насельніцтва Арменіі ў тры разы меншая, у яе мала карысных выкапняў, і яна займае далёка не самае выгаднае геапалітычнае становішча. Але ў пачатку 90-х гадоў гэтая краіна атрымала перамогу ў вайне, у асноўным з-за двух фактараў: у Азербайджане панавала ўнутраная блытаніна, а Расея падтрымала Ерэван. Гэта дапамагло Арменіі ўсталяваць кантроль над Нагорным Карабахам і тэрыторыямі, якія атачаюць гэты анклаў, дзе пражывалі амаль 750 тысяч азербайджанцаў, і яны былі вымушаныя бегчы. Велізарныя памеры захопленых Арменіяй тэрыторый сталі гарантыяй таго, што ні азербайджанскае кіраўніцтва, ні грамадства не маглі змірыцца з сітуацыяй. У Азербайджане нарадзіўся магутны рэваншызм, а Баку ўклаў значную частку нафтавых даходаў краіны ва ўзброеныя сілы. Калі ўвесну 2018 года, у выніку «аксамітнай рэвалюцыі» да ўлады прыйшоў Нікол Пашынян, спачатку здавалася, што ён гатовы аднавіць мірны працэс. Што характэрна, азербайджанская эліта вітала яго прыход да ўлады. Баку не карыстаўся ўнутранай блытанінай у Арменіі, каб пачаць супраць яе ваенныя дзеянні. У надзеі на тое, што Пашынян стане партнёрам у дасягненні міру, Баку як быццам даваў яму час, каб той умацаваў сваю ўладу. Калі Аліеў і Пашынян сустрэліся ў кастрычніку 2018 года ў Душанбэ, яны дамовіліся аб зніжэнні напружанасці. Але потым нешта змянілася. У траўні 2019 года Пашынян адхіліў «мадрыдскія прынцыпы» АБСЕ, якія з 2007 года служылі грунтам для перамоваў. Ён таксама паспрабаваў змяніць фармат перамоваў, патрабуючы прыцягнуць да іх кіраўніцтва Нагорнага Карабаха. Але выступаючы ў жніўні 2019 года ў сталіцы Карабаха Сцепанакерце, ён заявіў: «Карабах — гэта Арменія, і кропка». Тым самым, ён адрадзіў старую тэму аб аб’яднанні Арменіі і Карабаха, з-за якой у канцы 80-х пачаўся гэты канфлікт. Арменія практычна адкрыта пачала перасяляць армян з Сірыі і Лівана на акупаваныя тэрыторыі, стварыўшы там новую абстаноўку, гэта прымусіла Баку тэрмінова дзейнічаць. Ерэван не засвоіў той факт, што ён не можа ўспрымаць расейскую падтрымку як нешта цалкам лагічнае. Уплыў Расеі на Арменію настолькі моцны, што Пуцін не бачыў асаблівай рызыкі ў збліжэнні з Ільхамам Аліевым і ва ўцягванні Азербайджана на расейскую арбіту. Эксперты па расейскай стратэгіі даўно ўжо зразумелі, што Крэмль у сваім уплыве на Арменію бачыць рычаг ціску на Азербайджан і Грузію, якія нашмат важнейшыя для яго ў плане геапалітыкі. Некалькі гадоў таму Расея пачала ў вялікіх маштабах пастаўляць зброю Азербайджану. Безумоўна, Баку плаціў за расейскую зброю даражэй, чым Ерэван, але гэтыя дзеянні Масквы павінны былі насцярожыць армянскае кіраўніцтва і выклікаць у яго сумневы ў правільнасці ставак на Расею. Тым больш, што Крэмль усяляк завабліваў Баку ў склад узначаленых Расеяй арганізацый, такіх як Еўразійскі эканамічны звяз. Але такога пераасэнсавання ў Ерэване не адбылося, прычым нават пасля таго, як Расея ў 2016 годзе не стала ўмешвацца падчас чарговай успышкі армяна-азербайджанскага канфлікту. І нарэшце, кіраўніцтва Арменіі не зразумела, што за ўнутраныя змены адбываюцца апошнім часам у Азербайджане. Доўгія гады Ільхама Аліева стрымлівала прысутнасць у ягоным атачэнні розных алігархаў. Але ў апошні час азербайджанскі лідар пачаў кампанію чыстак, імкнучыся павысіць эфектыўнасць дзяржаўнай улады. Аліеў пачаў вызваляцца ад кайданоў рэжыму, якія ён атрымаў у спадчыну ад бацькі 17 гадоў таму. Цяпер ужо зразумела, што прэм’ер-міністр Нікол Пашынян, які не меў ніякага палітычнага вопыту, не здолеў зразумець геапалітыку сваёй краіны і рэгіёну. Разам з тым, яго пазіцыі ўвесь час падрывала ранейшае кіраўніцтва Арменіі, якое было звязана з кіраўнікамі Карабаха і падтрымлівала прывілеяваныя адносіны з Масквой. Гэта стварыла вельмі няўстойлівую сітуацыю, і тады Пашынян вырашыў умацаваць сваю ўладу за кошт жорсткага нацыяналістычнага курсу. Напэўна, яго заклік да аб’яднання быў галоўным чынам накіраваны да карабахскага кіраўніцтва. А яшчэ ён такім спосабам хацеў узмацніць сваю папулярнасць сярод мясцовых армян. Калі гэта так, то Пашынян самым жорсткім чынам недаацаніў уздзеянне сваіх слоў на Баку, піша The National Interest.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтаваў Кастусь Багушэвіч.