Агляд прэсы: Пуцін намякнуў Лукашэнку на сыход
Пуцін намякнуў Лукашэнку на сыход. Турэцкі гамбіт: учора ў Беларусі, сёння – Карабах, заўтра – ў АБСЕ. Вяртанне паўстанцаў у Беларусь.
Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі:
– Журналіст пуцінскага пула Андрэй Калеснікаў у газеце kommersant.ru па выніках анлайн-нарады лідараў АДКБ размясціў артыкул пад назвай “Як Уладзімір Пуцін пабыў і з Міколам Пашынянам, і з Аляксандрам Лукашэнкам, і чаго ўсім гэта каштавала».
2 снежня прэзідэнт Расеі правёў саміт краін АДКБ. Адну з самых гучных заяваў ён адрасаваў Лукашэнку.
«… я вельмі спадзяюся на тое, што беларускаму народу хопіць палітычнай сталасці для таго, каб спакойна, без усялякіх рэзкіх рухаў выбудаваць і дыялог унутрыпалітычны з усімі палітычнымі сіламі, і вырашыць усе свае ўнутраныя пытанні самім, без усялякага ціску і без усялякага ўмяшання звонку. Не сумняюся ні на хвіліну, што гэта атрымаецца, у тым ліку маючы на ўвазе і палітычны вопыт прэзідэнта Беларусі. … в.а. прэзідэнта Кіргізіі Талант Мамытаў паказаў, як бывае, калі цягнуць. Тады ўлада мяняецца яшчэ хутчэй, чым бы хацелася …”.
На думку аглядальніка газеты „Коммерсантъ”, гэта значыць, што Пуцін чарговы раз прапанаваў Лукашэнку сысці спакойна і не цягнуць з гэтым пытаннем.
Сам Лукашэнка, хоць і скардзіўся на шматмесяцовыя пратэсты супраць яго, у яго ўласнай (як яму здаецца) краіне, але пасля засяродзіўся на асэнсаванні сваёй вырашальнай ролі ў супрацьстаянні з НАТА ля заходніх межаў АДКБ. “Асабліва звяртаюць на сябе ўвагу літаральна ашалелыя паводзіны Польшчы і краін Балтыі супраць Беларусі” – наўпрост заявіў Лукашэнка, і ў сувязі з гэтым папрасіў аб асабістай сустрэчы з Пуціным.
Турэцкая газета The Daily Sabah прысвяціла свой матэрыял візіту ў АБСЕ свайго міністра замежных спраў Меўлюта Чавушоўлу. Выданне падкрэслівае, што першапачаткова створанае падчас халоднай вайны для ўмацавання адносін паміж Савецкім Саюзам і Захадам, зараз АБСЕ адыгрывае ключавую ролю, бо адсочвае выбары, паведамляе аб правах чалавека і свабодзе прэсы, а таксама займаецца дыпламатычным вырашэннем канфліктаў, у тым ліку ў Нагорным Карабаху і Беларусі.
Міністр Чавушоўлу прыме ўдзел у 27-м пасяджэнні Савета міністраў АБСЕ, якое прымае Албанія, праз відэаканферэнцыю 3-4 снежня. На гэтым тыдні галоўнай тэмай стануць пагрозы і выклікі ў геаграфіі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.
Паказальна, што перад паседжаннем АБСЕ, 18 лістапада адбылася сустрэча міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея з паслом Турцыі ў Беларусі Мустафой Азджанам. Бакі абмеркавалі шэраг актуальных пытанняў беларуска-турэцкага супрацоўніцтва ў двухбаковым і шматбаковым фарматах. Акрамя таго, адбыўся абмен думкамі па шырокім коле пытанняў міжнароднай павесткі дня.
Штодзённая брытанская газета The Daily Telegraph праз свой артыкул пад назвай “Рэпрэсіі ў Беларусі ўзмацняюцца, бо пратэстоўцаў кідаюць у турму за вывешванне паўстанцкіх сцягоў” вяртае падзабытае на прасторах “сінявокай”, але слушнае для сітуацыі ў краіне, слова “паўстанец”.
Па меншай меры, два чалавекі ў Беларусі былі асуджаныя на тыдзень арышту за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга, што азначае эскалацыю намаганняў уладаў па спыненні акцый пратэсту, якія цягнуцца некалькі месяцаў запар. Выданне канстатуе факт, што ўлады пачалі беспрэцэдэнтную барацьбу не толькі супраць пратэстоўцаў, але і іх сімволікі.
Наталля, жыхарка горада Лагойск пад Менскам, паведаміла The Daily Telegraph, што на мінулым тыдні міліцыя правяла рэйд па іх доме ў сувязі з неназванай крымінальнай справай і забрала на допыт яе мужа Уладзіміра. Пазней ён быў прызнаны вінаватым у правядзенні незаконнага пікета за вывешванне сцяга на ўласным балконе і асуджаны на сем сутак арышту.
Наталля ахарактарызавала рашэнне суда як “цалкам беззаконнае”. Яе сям’я размясціла сцяг на балконе, каб заахвоціць іншых пратэстоўцаў.
“Ідэя заключалася ў тым, каб паказаць, што мы хочам пераменаў і што хочам жыць у лепшай краіне”, – кажа яна, дадаўшы, што зараз вывесіла сцяг у сваёй спальні і не будзе яго здымаць.
The Daily Telegraph нагадвае, што ў адказ на гвалт еўрапейскія дзяржавы выставілі санкцыі за парушэнне правоў чалавека вышэйшым службовым асобам Беларусі, а Вялікабрытанія ўключыла ў такі спіс і Аляксандра Лукашэнку.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Evgeny Maloletka/Bloomberg via Getty Images