Агляд прэсы: Пуціна не ўратуе „маразільнік”



Уся геапалітычная гульня Пуціна, у тым ліку падтрымка Лукашэнкі, вылазіць расейскаму дыктатару бокам. Пры гэтым Расея яўна перамагае на заходнееўрапейскім фронце дзякуючы палітыцы саступак ад Нямеччыны. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча.

„Праблема з замарожанымі канфліктамі ў няспраўным халадзільніку складаецца ў тым, што праз нейкі час яны пачынаюць нядобра патыхаць. Менавіта так і адбылося з варожасцю паміж армянамі і азербайджанцамі ў суровай горнай мясцовасці Нагорнага Карабаха. Уладзімір Пуцін шпурнуў яе ў скрыню маразільнай камеры з надпісам „Усходняя Украіна, Паўднёвая Асеція, Прыднястроўе і іншыя тэрыторыі — з’есці ў вольны час” і забыўся. Цяпер яму пагражае поўнамаштабная вайна на паўднёвых межах Расеі, якая ў хуткім часе можа ператварыцца ў геапалітычную гарачую кропку”, — піша на старонках The Times аглядальнік Роджэр Бойес. Менавіта так бурыцца імперская ўлада: цэнтр грэбуе перыферыяй, праліваецца кроў і сіла лідара слабее. Пуцін пачаў сваё знаходжанне ў Крамлі з ваеннай аперацыі супраць Чачэніі. Калі Чачэнія зноў змоўкла, яе палічылі стабільнай і змясцілі ў пуцінскі адсек глыбокай замарозкі. На захадзе ён падштурхнуў Беларусь да фармальнага саюзу, адабраў Крым ва Украіны і распаліў хваляванні на Данбасе, такім чынам дамагаючыся, каб Украіна лічылася занадта нестабільнай, каб стаць паўнавартасным сябрам НАТО. На ўсходзе ён заахвочваў дыктатараў Цэнтральнай Азіі ў іх асабістым узбагачэнні ў абмен на вернасць Крамлю. Зараз гэтая сістэма дэлегавання паслугачоў-лаялістаў — асноватворчы прынцып пуцінізму —  развальваецца. Спыненне агню ў Нагорным Карабаху правалілася, таму што Пуціну больш нельга давяраць як сумленнаму пасярэдніку: ён пастаўляе зброю як у Арменію, з якой у яго ёсць пакт аб узаемнай бяспецы, так і ў Азербайджан. Калі вайна перакінецца цераз мяжу ў Іран, у Пуціна будзе яшчэ больш сур’ёзны канфлікт інтарэсаў, паколькі ён разлічвае на вялізныя продажы зброі Тэгерану цяпер, калі эмбарга на пастаўкі зброі мясцоваму рэжыму было знята. Тым часам Турэччына пастаўляе Азербайджану выведвальныя беспілотныя лятальныя апараты і беспілотнікі-камікадзэ. Яны разрываюць армянскія танкі, нібы кансервы. Неўзабаве армяне звернуцца да Пуціна па новую зброю, і той апынецца ў цяжкім становішчы. Ён не можа абвастраць вайну, схіляць яе на карысць Арменіі, у той жа час спрабуючы ўлагодзіць канфлікт, які пагражае стабільнасці яго паўднёвых межаў. Гэта як мінімум падштурхне Азербайджан да пастаяннай супрацы з Турэччынай, якая ўжо знаходзіцца ў канфлікце з Масквой у паўночнай Сірыі і ў Лівіі. Удзел Эрдагана ў карабахскім канфлікце гарантуе доўгатрывалую вайну. Гэта частка больш шырокага паралічу Уладзіміра Пуціна. Ён акружаны канфліктамі ў свайго парога, перамагчы ў якіх, здаецца, немагчыма. Ён лічыць Лукашэнку праблемным і ўхіліўся, па меншай меры, ад адной сустрэчы з ім у Маскве, але пад ціскам Менска абвясціў у расейскі вышук лідара беларускай апазіцыі Святлану Ціханоўскую, якая жыве ў выгнанні ў Літве. Ён вырашыў, што калі ён хоча супакоіць заходні фронт Расеі, дык Лукашэнку неабходна падтрымаць. У Кіргізстане антыкарупцыйныя пратэсты прывялі да звяржэння трэцяга прэзідэнта з 2005 года. Суседні Кітай частуе патэнцыйных новых лідараў абяцаннямі вакцыны супраць Covid-19. Пуцін там вымушаны больш актыўна канкураваць з Кітаем за ўплыў. Цікава, ці спакойна яму спіцца ў Крамлі? Тэхнічна ён можа пратрымацца ва ўладзе да 2036 года. Фактычна, шлях сабе пракладае новае пакаленне, не забываем пра вулічныя пратэсты ў Хабараўску, піша The Times.

Германа-амерыканскія адносіны знаходзяцца на ніжэйшай рысе з часоў Другой сусветнай вайны. Вінаваціць у гэтым трансатлантычным расколе Дональда Трампа — павабна, але і перамога на выбарах Джо Байдэна наўрад ці нешта зменіць”, — піша нямецкае выданне Die Welt. Будучы незадаволеным адмовай Берліна ўзбройваць Украіну ў канфлікце з Расеяй, Джон Маккейн сказаў у 2015 годзе, што курс Ангелы Меркель нагадвае яму „палітыку 30-х гадоў” — гэта быў намёк на няўдалую стратэгію Вялікабрытаніі па супакаенні Гітлера. Маккейн, які і ў старэчым узросце размаўляў як ваенны лётчык, хітра ўсміхнуўся. „Гэтыя праклятыя немцы.  Што яшчэ тут скажаш?” Калі б Маккейн яшчэ быў жывы, ён, бясспрэчна, мог бы многае сказаць аб знешнепалітычным курсе ўрада Меркель у апошнія гады. Пасля смерці Маккейна ў 2018 годзе Нямеччына адмаўлялася падтрымліваць ЗША практычна на ўсіх важных знешнепалітычных франтах — няхай гэта будзе Кітай, Расея, Іран, Ізраіль ці Блізкі Усход. Берлін па-ранейшаму плаціць NATO замала ўзносаў, а практыка закупак міністэрства абароны падобная на камедыю: нядаўна яму давялося адмовіцца ад замовы новых стандартных штурмавых вінтовак з-за патэнтнай спрэчкі. Маккейн таксама, верагодна, паказаў бы на тое, што рознагалоссі пачаліся яшчэ да Трампа і што трэба задаць сабе больш прынцыповае пытанне: на чыім баку наогул знаходзіцца Нямеччына? Па абодва бакі Атлантычнага акіяна больш ніхто не спрабуе хаваць глыбокія рознагалоссі ў адносінах. У Берліне спадзяюцца, што германа-амерыканскія адносіны нейкім чынам адновяцца, як толькі Джо Байдэн, які на працягу дзесяцігоддзяў быў блізкім сябрам Маккейна,  пераможа на прэзідэнцкіх выбарах. Аднак гэта самападман. І важнай прычынай таго, чаму дарогі назад няма, з’яўляецца Кітай. Чаму ЗША павінны па-ранейшаму несці асноўную фінансавую нагрузку за абарону самай заможнай краіны Еўропы? Адказаць на гэтае пытанне яшчэ складаней, калі прыняць да ўвагі актыўнасць Нямеччыны ў Расеі, напрыклад, у пытаннях праекту „Паўночная плынь-2”, які працягваецца, нягледзячы на гучныя пярэчанні ЗША і іншых саюзнікаў. „Спыненне праекту ў сувязі з атручваннем расейскага апазіцыянера Аляксея Навальнага выкліча „крыкі трыўмфу” ў адміністрацыі Трампа”, — заявіў у мінулым месяцы старшыня Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы Вольфганг Ішынгер. Іншымі словамі, для Нямеччыны аказалася важней стрымаць сваё слова перад Расеяй, чым даць Трампу бачнасць перамогі — асабліва пасля пагроз Вашынгтона ўвесці санкцыі супраць кожнага, хто звязаны з праектам. Пры гэтым не адыгрывае ролі, што ЗША з’яўляюцца бліжэйшым саюзнікам Берліна, а войскі і ядзерная зброя размешчаны ў Нямеччыне, каб абараняць яе менавіта ад Расеі. Сённяшні настрой грунтуецца на глыбокіх палітычных рознагалоссях, якія будзе складана ігнараваць незалежна ад таго, хто будзе сядзець у Белым доме. Гэтак жа, як і ў выпадку з Расеяй, Берлін марудзіць з прыняццем захадаў супраць Кітая, каб не паставіць пад пагрозу эканамічныя адносіны з важным гандлёвым партнёрам. Максіміліян Тэрхале, нямецкі аналітык і навуковец, кажа, што Нямеччына рэфлексіўна павернецца да Парыжа і прыме французскую ідэю аб еўрапейскай „стратэгічнай аўтаноміі” і архітэктуры бяспекі „ад Лісабона да Урала”. Гэта пацягне за сабой далейшае збліжэнне з Расеяй, супраць якога адчайна выступаюць Польшча і краіны Балтыі. Еўропа можа апынуцца расколатай у пытаннях бяспекі, бо некаторыя краіны ў спешным парадку будуць заключаць двухбаковыя пагадненні з ЗША. Аднак будзе адзін відавочны пераможца, — піша Die Welt.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтаваў Кастусь Багушэвіч.