Агляд прэсы: пыл з-пад ботаў
Літва: шырыцца міграцыйны паток з боку Беларусі. Парламенцкія выбары ў Малдове: перамога за прэзідэнтам. Ісландыя ўводзіць 4-х дзённы працоўны тыдзень. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.
Пасля прымусовага перахопу ў Менску самалёта і санкцый Еўразвязу ў адказ, рэзка ўзрасла колькасць мігрантаў, якія прыбываюць у Літву праз мяжу з Беларуссю: цяпер яна складае больш за 100 чалавек у дзень. Гаворка пры гэтым ідзе пераважна аб грамадзянах Іраку, Сірыі і Расеі. Лукашэнка пацвердзіў, што ўлады Беларусі не маюць намер больш стрымліваць ні наркатрафік, ні паток мігрантаў, і ўсё ў знак пратэсту. Тым часам Літва абвясціла надзвычайнае становішча і пачала будаўніцтва пагранічнага плоту.
Літоўскае выданне Delfi скептычна ставіцца да ідэі падобнай абароны ад нелегалаў.
«На ўсялякі плот знойдзецца лесвіца, а на калючы дрот – нажніцы. Няўжо апрычнікі Лукашэнкі не забяспечаць мігрантаў гэтымі прыстасаваннямі? Няўжо вы не бачылі, як ішла справа з Берлінскай сцяной, а таксама ізраільскай сцяной, якая абышлася аж у мільярд шэкелей? Зірніце хоць бы на прыклад Венгрыі! Берлінская сцяна не спыніла б і нямоглую бабулю, калі б не стрэлы з аўтамата Калашнікава (але нават і ў гэтым выпадку людзі беглі!). Незаконна перасякаюць мяжу ў Ізраілі і таксама ведаюць, што рызыкуюць быць застрэленымі. Літоўскія памежнікі страляць не маюць права. Чаго ж тады чакаць ад гэтага дарагога плоту?», – пытаецца літоўскае выданне.
На парламенцкіх выбарах у Рэспубліцы Малдова перамогу атрымала партыя „Дзеянне і салідарнасць” – палітычны рух дзеючага прэзідэнта краіны Маі Санду. За яе прагаласавалі 52,8 адсоткі выбаршчыкаў. Блок камуністаў і сацыялістаў на чале з папярэднікам Санду Ігарам Дадонам атрымаў усяго толькі 27,2 адсоткі галасоў.
«Вынікі галасавання – гэта вотум даверу Санду, але ў той жа самы час і ў яе апошні шанец», – мяркуе нямецкая газета taz.
«Вынікі выбараў не толькі азначаюць сабой заканчэнне палітычнага застою, які панаваў на працягу некалькіх месяцаў. Яны таксама адкрываюць магчымасць фармавання Маяй Санду стабільнага ўраду, здольнага правесці ў жыццё шырокую праграму рэформаў. Пры гэтым неабходна разумець, што ажыццявіць такія рэформы ў Малдове, дзе большая частка насельніцтва агульнай колькасцю ў чатыры мільёны чалавек жыве на мяжы беднасці, гэта сапраўды «геркулесава задача». Карупцыя паўсюль, і з’яўляецца адной з прычын таго, што няўдачу пацярпелі ўжо некалькі ўрадаў ліберальнага характару. Санду і яе партыі „Дзеянне і салідарнасць” трэба закасаць рукавы, прад’явіць выбаршчыкам наглядныя вынікі працы. Час адгаворак прайшоў незваротна, а чаканні насельніцтва высокія. Цярпенне людзей даўно ўжо на мяжы»,– адзначае нямецкае выданне.
Пасля чатырох гадоў эксперыментаў у Ісландыі паўсюдна ўводзіцца 4-х дзённы працоўны тыдзень. Выключэнне складуць толькі некаторыя галіны. З гэтага часу каля 86 адсоткаў супрацоўнікаў будуць мець права на 35-гадзінны працоўны тыдзень замест ранейшых 40 гадзін, пры поўным захаванні заработнай платы. Тэставанне такой мадэлі з удзелам аднаго адсотку працаўнікоў-наймітаў даказала, што гэтая мера вядзе да зніжэння колькасці выпадкаў выгарання, больш высокай задаволенасці ад працоўнай дзейнасці і павышэнню прадукцыйнасці працы.
На думку аўстрыйскай газеты Der Standard, 4-х дзённы працоўны тыдзень не зможа прывесці да агульнага кампрамісу інтарэсаў работнікаў і працадаўцаў.
«Скарачэнне працоўнага часу – гэта трэнд нашага часу, які абяцае мноства перавагаў, ад больш высокай прадукцыйнасці працы і якасці жыцця аж да абароны клімату. Як паказваюць вынікі апытанняў, за скарачэнне працоўнага тыдня выступаюць супрацоўнікі маладога ўзросту, а таксама жанчыны, для якіх баланс паміж працай і сям’ёй важней, чым магчымасць атрымаць больш высокую зарплату. Кампаніям і прадпрыемствам, якім патрэбна павышэнне прадукцыйнасці працы, хутчэй варта рабіць стаўку на скарачэнне працоўнага дню: гэтая мера дасць магчымасць павысіць канцэнтрацыю ўвагі і эфектыўнасць працы персаналу»,– раіць аўстрыйскае выданне
Расісцкія нападкі, якія мелі месца пасля заканчэння фінальнага матчу Чэмпіянату Еўропы па футболе паміж зборнымі Англіі і Італіі, шмат у чым азмрочылі ўражанне ад гэтага спаборніцтва. У серыі пасляматчавых пенальці трое маладых чарнаскурых гульцоў ангельскай зборнай не здолелі забіць мяч у вароты суперніка. Пасля паразы Англіі ў фінале чэмпіянату футбалісты сталі мішэнню расісцкіх нападак у інтэрнэце. Паводле паведамленняў СМІ, заклікі да гвалту ў дачыненні да чарнаскурых прывялі да шматлiкiх выпадкаў фізічнага нападу на людзей.
«З асуджэннем выпадкаў расізму выступілі прынц Уільям, брытанскі футбольны саюз і нават прэм’ер-міністр краіны, але ўсяго гэтага абсалютна недастаткова», – піша французская газета Libération.
«Гэта толькі кропля ў моры, бо да гэтага часу Борыс Джонсан свядома нічога не рабіў для барацьбы з распаўсюджваннем нецярпімасці ў грамадстве. Расізм такога роду з даўніх часоў прысутнічае ў ангельскім футболе. Аднак за апошнія пяць гадоў у выніку брэксіту ён выйшаў на новы ўзровень. Брэксіт, гэта сапраўдны «землятрус» у брытанскай і еўрапейскай гісторыі, што шырока расчыніў дзверы расізму. І ў грамадстве ўзмацнілася пачуццё таго, што адкрыта праяўляць расізм – гэта нармальна», – рэзюмуе французскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка