Агляд прэсы: пытанні без рашэнняў



Ціханоўская працуе, каб пратэст заставаўся жывым. Кошт кампрамісу Германіі і ЗША. Гадавіна тэракту ў Нарвегіі – нязручныя пытанні тэрору. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Амерыканская газета The New York Times вітае Святлану Ціханоўскую ў Вашынгтоне, дзе яе прыняў дзяржсакратар Энтані Блінкен.

«Прайшоў амаль год, як спадарыню Ціханоўскую прымусілі бегчы з Беларусі, цяпер яна стаіць перад тым, як захаваць уплыў у Беларусі з-за мяжы. Сустрэчы з’яўляюцца часткай стратэгіі спадарыні Ціханоўскай па стварэнні шырокай заходняй фалангі супраць дыктатара Лукашэнкі», – адзначае амерыканскае выданне.

На гэтым тыдні Ціханоўская правяла сустрэчы ў Дзяржаўным дэпартаменце, Белым доме, Сенаце і прысутнічала на адкрыцці Камітэту сяброў Беларусі ў Палаце прадстаўнікоў.

«Я папрасіла ЗША быць гарантамі нашай незалежнасці», – цытуе Ціханоўскую The New York Times і заўважае, што Беларусь сапраўды ў цэнтры ўвагі.

Візіты Ціханоўскай працягнуцца ў Нью-Ёрку, Сан-Францыска і Лос-Анджэлесе.

І хаця эксперты засцерагаюць ад таго, што працяглае знаходжанне за мяжой адрывае Ціханоўскую ад грамадскасці ўнутры Беларусі, яна запэўнівае, што робіць усё, каб дапамагчы людзям, якія знаходзяцца за кратамі ў Беларусі, у тым ліку і яе мужу Сяргею Ціханоўскаму.

«Я тая самая жанчына, ужо з досведам, ужо з большай адвагай, чым была раней. Але глядзіце, я не раблю тут кар’еру. Пасля выбараў я з лёгкасцю адыйду ад усяго гэтага», – прыводзіць словы Ціханоўскай амерыканскае выданне.

Берлін і Вашынгтон вырашылі спрэчку вакол газаправоду «Паўночны паток-2». ЗША адмянілі ўсе санкцыі, уведзеныя ў сувязі з яго будаўніцтвам. Германія ў сваю чаргу абавязалася садзейнічаць праектам у сферы зялёнай энергетыкі ва Украіне з тым, каб дапамагчы краіне пераадолець залежнасць ад расейскага газу.

«Вашынгтонскі кампраміс відавочна дасягнуты за кошт Украіны», – піша нямецкая газета Die Tageszeitung.

«Бо калі Расея і Нямеччына ў выніку атрымліваюць нешта канкрэтнае, а менавіта «Паўночны паток-2», то Украіне прыходзіцца здавольвацца толькі абяцаннямі. А што будзе, калі праз дзесяць гадоў палітычная абстаноўка зменіцца і актары пачнуць па-іншаму глядзець на абяцанні, дадзеныя Кіеву? Ва Украіне ўбачылі, як хутка ЗША пазбавіліся ад дакучлівых саюзнікаў і людзей, якія працавалі на іх у Афганістане. А таму не варта здзіўляцца, што Кітай становіцца важным для Украіны», – адзначае нямецкае выданне.

Нарвегія ўспомніла ахвяр двайнога тэракту 22 ліпеня 2011 году. Спачатку правы экстрэміст Андэрс Брэйвік забіў восем чалавек у сталіцы краіны, падклаўшы бомбу ў аўтамабіль ва ўрадавым квартале. Затым Брэйвік застрэліў 69 чалавек на востраве Уцёя. Большасць з іх былі падлеткамі, якія бралі ўдзел у традыцыйным летнім зборы моладзевага крыла кіруючай Працоўнай партыі. У 2012 годзе Брэйвік быў асуджаны на 21 год пазбаўлення волі з наступным прэвентыўным зняволеннем.

Дацкая газета Kristeligt Dagblad заўважае, што грамадства не павінна цурацца нязручных пытанняў, якія задаюць тыя, хто выжыў.

«Нават калі на працягу першых гадоў пасля тэракту нарвежскае грамадства праявіла сябе з найлепшага боку і прадэманстравала сапраўдную згуртаванасць, тым не менш асобы, якія перажылі бойню і іх блізкія не раз сутыкаліся з тым, што варта ім адкрыта ўзняць тэму ультраправай ідэалогіі, якая паслужыла асновай злачынства Брэйвіка, як суразмоўцы адмаўляюцца парушаць адвечнае табу. Здзіўляе, што перажыўшыя тэракт дагэтуль сутыкаюцца з нянавісцю навакольных», – падсумоўвае дацкае выданне.

Нарвежскае выданне Forskning задалося пытаннямі, як выжыць падчас паводак: «Ці загінула б столькі людзей, калі б такая паводка здарылася ў Германіі 40 гадоў таму? Еўропу павольна забівае не толькі глабальнае пацяпленне, але і урбанізацыя».

Выданне мяркуе, што многія ахвяры недаацанілі небяспеку і не выконвалі два асноўныя правілы: пазбягаць падвалаў, куды можа трапіць вада, і адразу ж адключыць ўсе электрычнасць.

«Варта памятаць і аб дрэннай планіроўцы гарадоў, а таксама аб наступствах таго, што ў прамысловых, густанаселеных рэгіёнах Еўропы становіцца ўсё больш бетону. З-за гэтага зямля не здольная ўвабраць ваду, што прыходзіць з дажджамі. Калі большая частка зямлі пакрыта бетонам, а астатнія паверхні і так ужо насычаны вадой і не могуць больш яе паглынаць, верагоднасць моцнага затаплення павялічваецца. Урбанізацыя ўсяму гэтаму паспрыяла», – робіць выснову нарвежскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.