Агляд прэсы: работа над памылкамі
Беларуская апазіцыя заклікае да ўзмацнення жорсткасці санкцый супраць «суагрэсара» Лукашэнкі. Зяленскі мае намер правесці рэферэндум аб пагадненні з Расеяй. Еўразвяз мае патрэбу ў перазагрузцы. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.
„Павел Латушка ў выгнанні ў сераду заклікаў Захад узмацніць санкцыі супраць прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі і яго рэжыму за падтрымку ўварвання Расеі ва Украіну. Лукашэнка падтрымаў вайну прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, дазваляючы яму атакаваць з беларускай тэрыторыі і прымушаючы крытыкаў кляйміць яго як «партнёра па злачынстве» і «суагрэсара», – піша еўрапейскае выданне Euractiv.
Выданне цытуе прамову Латушкі, які адзначае, што Лукашэнка можа быць пешкай Пуціна, а таму заслугоўвае люстраных санкцый падобна да расейскага рэжыму.
«Лукашэнка з’яўляецца галоўным гульцом у гэтым шоў жахаў, і настаў час Захад зразумець гэта і дзейнічаць адпаведна. Абодва гэтыя монстры павінны быць прыцягнуты да адказнасці. Міжнародная супольнасць павінна разгледзіць пытанне аб уключэнні Лукашэнкі ў любыя выстаўленыя абвінавачанні ў ваенных злачынствах, пры гэтым выгнаныя з Беларусі актывісты працягваюць збіраць доказы яго жорсткіх рэпрэсій у Беларусі», – падкрэслівае еўрапейскае выданне.
У панядзелак прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абвясціў, што мае намер правесці рэферэндум, падчас якога народ Украіны сам прыме рашэнне аб магчымым пагадненні з Расеяй. Па словах Зяленскага, рэферэндум неабходны, паколькі вынікі перамоваў з Расеяй будуць мець лёсавызначальны характар для Украіны. Аглядальнікі выказваюць сваю ўхвалу, аднак указваюць і на некаторыя рызыкі.
“Ідэя хоць і незвычайная, але не пазбаўленая здаровага сэнсу”, – піша аўстрыйская газета Der Standard.
«Магчыма, яна не адкрые непасрэднай перспектывы на будучыню, затое яна наглядна ілюструе сучаснасць. Самой ідэяй Зяленскі пасылае свету і расейскаму візаві Уладзіміру Пуціну наступны сігнал: у Кіеве няма аднаасобнага кіраўніка. Цяпер Зяленскі паведамляе Крамлю, што не мае намеру дазволіць Маскве прымусіць яго да прыняцця аднаасобных рашэнняў за сталом перамоваў. Тут прасочваецца і той пасыл, што Зяленскі не лічыць сябе адзіным гарантам свабоды сваёй краіны. Зяленскі накіраваў Пуціну таксама і наступнае пасланне: ніхто з нас не ведае, калі і чым скончыцца гэтая вайна. Але я, у адрозненне ад вас, магу разлічваць на падтрымку грамадзян сваёй краіны», – падкрэслівае аўстрыйскае выданне.
Баявыя дзеянні непасрэдна каля межаў Еўразвязу, невычэрпны паток бежанцаў з Украіны, разрыў палітычных, эканамічных, турыстычных сувязей з Расеяй ставяць перад Еўропай новыя выклікі, але ў той жа самы час тояць у сабе і новыя шанцы, адзначае еўрапейская прэса.
«Бягучы канфлікт адсоўвае Латвію на задні план», – піша эканамічны веснік Dienas bizness.
«У выніку закрыцця межаў з Расеяй і Беларуссю мы больш не ў стане служыць мастом паміж Усходам і Захадам. Прынамсі, на нейкі час мы апынуліся на завуголлі Еўропы. Уся ўвага засяроджана на сітуацыі ва Украіне, і ясна, што так будзе працягвацца яшчэ доўгія гады: пасля заканчэння вайны ўсе будуць спрабаваць дапамагчы Украіне акрыяць ад стратаў», – падсумоўвае латвійскае выданне.
Узаемныя санкцыі і спыненне экспарту ўсё больш адразаюць Расею ад сусветнага рынку. «Уся сусветная эканоміка адчуе на сабе наступствы крызісу ў выглядзе запаволення росту, збояў у гандлі і паўзучай інфляцыі», – гаворыцца ў заяве МВФ. Еўрапейская прэса паказвае на дапушчаныя промахі, і заклікае да дзеянняў з мэтай змякчэння крызісу.
«Вайна, распачатая Пуціным, сярод іншага агаліла і памылкі ў аграрнай палітыцы Еўразвязу», – такі каментар аўстрыйскай газеты Die Presse.
«Энергія (у першую чаргу дызельнае паліва) і штучныя ўгнаенні складаюць пятую частку сабекошту вытворчасці збожжавых – так піша Еўрапарламент у праекце адной са сваіх рэзалюцый. Па абодвух пунктах ЕЗ амаль поўнасцю залежыць ад імпарту, і перш за ўсё з Расеі і Беларусі. Чаму ж ніхто загадзя не падумаў аб тым, ці разумная такая залежнасць? Еўропа ў масавым парадку вырабляе танныя прадукты харчавання, паколькі, мяркуючы па ўсім, многія палітыкі мяркуюць, што права на штодзённы шніцаль замацавана ў Хартыі Еўрапейскага саюза па правах чалавека. І дзеля гэтага мы мірымся з вылугаваннем глеб, залішнім выкарыстаннем мінеральных угнаенняў і атручваннем грунтавых вод атрутнымі нітратамі. Але гэтыя выдаткі не адбіваюцца на коштах у супермаркетах», – піша аўстрыйскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя