Агляд прэсы: расейцы як прыкмета нестабільнасці



У Беларусі працягваюцца збіцці і арышты мірных пратэстоўцаў. Расея не дапамагае дэмакратыі ў сваіх зонах уплыву, наадварот, ускосна ці наўпрост спрыяе крызісам. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча.

Дзеянні беларускіх людзей у чорным і аліўкавым працягваюць шокавае ўздзеянне на замежных журналістаў, якія апісваюць гэта ў сваіх матэрыялах, і ў выніку чытачы ў замежжы не маюць ілюзій адносна рэжыму Лукашэнкі. Аглядальнік папулярнай нямецкай газеты Frankfurter Allgemeine Zeitung Райнхард Фезер у сваім артыкуле пракаментаваў жорсткія дзеянні беларускіх сілавікоў у дачыненні да дэманстрантаў у Менску ў нядзелю, 1 лістапада, а таксама пагрозы з боку Лукашэнкі.

«Ужо дванаццаць тыдняў людзі ў Беларусі штодня рызыкуюць быць арыштаванымі і збітымі за ўдзел у акцыях пратэсту супраць кіраўніка Лукашэнкі. Узброеным супрацоўнікам сілавых структур і прыкамандзіраваным да іх ударным групам у цывільным дагэтуль не ўдалося спыніць масавыя нядзельныя дэманстрацыі ў Менску і іншых гарадах краіны. Цяпер Лукашэнка пагражае далейшай эскалацыяй гвалту з боку рэжыму. На мінулым тыдні ён рабіў гэта сваёй жорсткай рыторыкай, а ў нядзелю, 1 лістапада, — наўпрост вайсковай тэхнікай з кулямётамі, светлашумавымі гранатамі, папераджальнымі стрэламі, а таксама байцамі спецпадраздзяленняў, якія накіроўвалі сваю зброю проста на некаторых дэманстрантаў — і пакуль толькі накіроўвалі. Пасланне з боку Лукашэнкі гранічна яснае: калі ўдзельнікі пратэстнага руху не спалохаюцца, то будуць ахвяры і, магчыма, не адзінкавыя, як гэта здарылася ў першыя дні дэманстрацый, калі Лукашэнка ўсё яшчэ спадзяваўся хутка здушыць пратэст. У Захаду амаль няма практычных магчымасцяў уздзеяння на Лукашэнку. Яму яго рэпутацыя за мяжой, падобна, ужо абыякавая.

Bажна, каб за цынічнымі пагрозамі на мінулых выходных рушыла ўслед выразная рэакцыя Захаду. Гаворка ідзе аб маральнай падтрымцы беларускага народа. І пра мізэрны шанец, што з меркаванняў палітычнай мэтазгоднасці Масква стрымае Лукашэнку ад крайнасцяў, піша Frankfurter Allgemeine Zeitung.

 

Бразільскае выданне Estadao выходзіць з загалоўкам „Шчупальцы Масквы”. Расейцы перажываюць патройны крызіс. Чатыры былыя рэспублікі СССР знаходзяцца ў цяжкой палітычнай сітуацыі. Першая — апекаваная Масквой Беларусь, дзе ў чарговы раз фальсіфікавалі вынікі выбараў. Лукашэнка, дыктатар, які кіруе краінай з 1994 года, пад добразычлівым поглядам Пуціна ўсяляк спрабуе застацца ва ўладзе і атрымлівае для гэтага ўказанні з Крамля. Апазіцыя змеценая з дошкі. Апазіцыянеры апынуліся ў выгнанні, аднак усё яшчэ спрабуюць дамагчыся скінуць урад. Лідар апазіцыі Святлана Ціханоўская знаходзіцца на Захадзе. Замежную прэсу выганяюць з краіны, а людзі працягваюць выходзіць на вуліцы, патрабуючы празрыстага дэмакратычнага працэсу. Еўрапейскія ўрады ціснуць на аўтакратыю Лукашэнкі, які з кожным разам усё мацней збліжаецца з Пуціным. З іншага боку Расеі, у Цэнтральнай Азіі, яшчэ адна былая рэспубліка сутыкнулася з хваляваннямі. Сітуацыя ў Кіргізстане не менш далікатная, а Пуцін, як і ў выпадку з Беларуссю, хоча захаваць пэўны парадак рэчаў. Гэта стратэгічная кропка, яна адмяжоўвае Расею ад ісламскага экстрэмізму і не дае кітайцам наступаць на межы.

Як і ў Беларусі, у Кіргізстане ўсё пачалося пасля фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Прэм’ер-міністр краіны сышоў у адстаўку, але пратэсты працягваліся. Кіргізстан заўсёды захоўваў блізкія адносіны з Масквой, на яго тэрыторыі нават знаходзіцца важная расейская авіябаза. Галоўнае для Пуціна — не страціць схаваны кантроль над былой савецкай рэспублікай.

Як быццам гэтага мала, дык Арменія і Азербайджан у чарговы раз сутыкнуліся ў спрэчцы вакол Нагорнага Карабаха, што прывяло да нестабільнасці на Каўказе і ваганню балансу сіл паміж Турэччынай, Іранам, а таксама Сірыяй. Усё гэта адбываецца пад пільным позіркам Расеі. Яшчэ адна нагода для турботы — гуманітарная трагедыя. Каля 50% людзей у анклаве пераселены, а 90% пацярпелых — жанчыны і непаўналетнія. Гаворка ідзе прыкладна пра 70-75 тысяч чалавек, 90% з іх — армяне, якія жадаюць незалежнасці Нагорнага Карабаху. У працяг сітуацыі прэзідэнт Сірыі Башар Асад абвінаваціў Турэччыну ў наўмысным распальванні канфлікту на баку Азербайджана, а Іран папярэдзіў пра гатоўнасць дзейнічаць, калі крызіс дасягне яго межаў. У той жа час Расея знаходзіцца ў альянсе з Арменіяй і можа ўмяшацца ў тое, што адбываецца, ваеннымі метадамі. Пры гэтым Масква згодная са сваім сірыйскім саюзнікам Башарам Асадам, якога турбуе прысутнасць у рэгіёне наймітаў.

Папраўдзе кажучы, найміты — гэта ў стылі расейцаў. Прыватная ваенная кампанія «Вагнер» афіцыйна не існуе сёння, аднак кантралюецца яна прыхільнікам Пуціна Яўгенам Прыгожыным, урываецца ў былыя савецкія рэспублікі, на Блізкі Усход і ў іншыя зоны цікавасці Масквы. Нядаўна яе прадстаўнікі пабывалі ў Беларусі (іх затрымалі ў Менску), акрамя таго, яны ўмешваліся ў крызіс ва Украіне ў 2014 годзе, а затым ўдзельнічалі ў анексіі Крыма. Сляды дзейнасці фармавання адзначаліся ў Лівіі, Цэнтральнаафрыканскай рэспубліцы, Судане, на Мадагаскары, у Мазамбіку і, вядома, у Сірыі, дзе яны абаранялі Башара Асада.

Шчупальцы Масквы ахопліваюць і былыя краіны жалезнай заслоны, напрыклад, Македонію. Там на працягу дзесяці гадоў ва ўладзе былі саюзнікі Масквы, краіна да гэтага часу не пазбавілася апекі расейцаў. Масква не можа дапусціць, каб краіна, якая займае стратэгічнае становішча на Балканах, зблізілася з Захадам. Па гэтай прычыне Македонія стала ахвярай агрэсіўнай інтэрнэт-кампаніі, мэтай якой было дэстабілізаваць выбары і дэмакратычныя інстытуты. Гэты ж метад выкарыстоўваўся падчас амерыканскіх выбараў, Брэксіту і многіх іншых падзей у розных краінах. Цікава адзначыць, што Македонія атрымала вядомасць як адзін з асноўных цэнтраў распаўсюджвання хлуслівых навін. Расея часта ўмешваецца ў справы іншых краін, каб дэстабілізаваць дэмакратыю ці накіраваць выбары ў патрэбнае ёй рэчышча. Для гэтага яна распаўсюджвае ілжывыя навіны, маніпулюе СМІ і сацсеткамі. Невыпадкова крызісы ў Беларусі і Кіргізстане адбыліся менавіта з-за фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Акрамя гэтага, на Каўказ, верагодна, уварваліся ваенізаваныя прыватныя групоўкі, якія абараняюць інтарэсы Масквы. Гэта адкрытая парушэнне міжнародных правілаў і непавага да суверэнітэту незалежных свабодных дзяржаў. Калі ў краінах, употай кантраляваных Крамлём, узнікае пагроза інтарэсам Масквы, апошняя заўсёды звяртаецца да практык асуджэння і непрымання. Беларусь заслугоўвае правядзення свабодных выбараў, якія ўзмацнілі б дэмакратыю, якая там нараджаецца. У Кіргізстане марыянеткі расейцаў павінны саступіць месца сучасным мясцовым палітычным лідарам, якія ўмацавалі б рэальную незалежнасць рэгіёну. З урэгуляваннем крызісу на Каўказе павінны дапамагчы дэмакратычныя краіны, як гэта бывала раней. Калі рэгіёнам працягнуць кіраваць ва ўласных інтарэсах расейцы, сірыйцы і туркі, Арменія і Азербайджан могуць упасці ў жудасную нестабільнасць, а канфлікт выйдзе за межы гэтых краін. Расеі трэба прыняць незалежнасць былых рэспублік, пачаць паважаць дэмакратычныя інстытуты і іх самавызначэнне. Гульня расейцаў ва ўплыў праз наймітаў, інтэрнэт і фальсіфікацыю выбараў стала цяжкавагавай і непрапарцыйнай. Яна паслужыла прычынай нестабільнасці ў розных краінах, піша Estadao.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтаваў Кастусь Багушэвіч.