Агляд прэсы: рашэнне не без сумневу
Пакуль Беларусь страчвае пазіцыі у Індэксе дэмакратыі, створана новая пралукашэнкаўская партыя. Мэты еўрапейскага візіту Зяленскага. Ці пахісне землятрус шанцы Эрдагана на перавыбранне? Прамова Байдэна і яе значэнне для Еўропы. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Новая пралукашэнкаўская партыя была створана ў Беларусі, калі краіна апусцілася яшчэ на сем пазіцый у апошнім індэксе дэмакратыі EIU. Праўладная палітычная партыя «Белая Русь» была створана і пачала дзейнічаць 7 лютага ў рамках змены выбарчай сістэмы, якая, на думку экспертаў, «не пакідае месца для апазіцыйнай палітыцы», – піша міжнароднае выданне Intellinews.
„Новая партыя была прадстаўлена ў рамках перагляду выбарчай сістэмы. Беларускі парламент 25 студзеня прыняў законапраект з новымі правіламі аб палітычных партыях і грамадскіх аб’яднаннях, які яшчэ больш ачарняе той невялікі плюралізм, які існаваў у сістэме. Новы выбарчы закон уводзіць дадатковыя абмежаванні на стварэнне і існаванне незалежных палітычных партый, у тым ліку павялічвае мінімальную колькасць членаў партыі з 1000 да 5000 і патрабуе, каб заснавальнікі партыі нарадзіліся і пражывалі ў Беларусі. У законапраекце таксама гаворыцца, што палітычныя партыі могуць быць распушчаны за прапаганду вайны, тэрарыстычную або экстрэмісцкую дзейнасць, дзеянні, якія наносяць шкоду дзяржаўным або грамадскім інтарэсам, а таксама за атрыманне сродкаў або іншай маёмасці з замежных крыніц. Індэкс дэмакратыі EIU назваў Беларусь адным з «найгоршых паказчыкаў» у 2022 годзе, даўшы ёй сярэдні бал 1,99 з 10,00 і нуль балаў за «выбарчыя працэсы і плюралізм». Расея таксама апусцілася на 22 месцы ў Індэксе дэмакратыі EIU да 146. Лукашэнка практычна цалкам застаецца ва ўладзе, дзякуючы кантролю над сілавымі структурамі. Раней ён карыстаўся сапраўднай падтрымкай з боку «сініх каўнерыкаў», удзячных за яго поспех у абароне насельніцтва ад найгоршай нестабільнасці пасля распаду Савецкага Саюза; аднак нават гэтая асноўная падтрымка пачала знікаць перад абліччам яго жорсткіх рэпрэсій пасля фальсіфікаваных выбараў», – адзначае міжнароднае выданне.
У сераду прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі наведаў Лондан, дзе выступіў перад абедзвюма палатамі парламента і сустрэўся з прэм’ер-міністрам Рышы Сунакам. Пасля ён адправіўся ў Парыж, на сустрэчу з прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам і федэральным канцлерам ФРГ Олафам Шольцам, пасля меў выступ у Еўрапарламенце ў Бруселі і ўдзел у саміце ЕЗ. Брытанская газета The Times пад уражаннем ад выступу Зяленскага.
«Зварот прэзідэнта Зяленскага да парламента прайшоў не без гумару, ён браў за душу, быў моцным і пераканаўчым. Ён высока ацаніў ваенную дапамогу і палітычную падтрымку, ужо аказаную яго краіне Вялікабрытаніяй. Ён указаў на тое, што гэта не проста лакальная барацьба з расейскай агрэсіяй, але напоўненая сімвалізмам барацьба паміж таталітарным злом і каштоўнасцямі дэмакратыі. Бурныя апладысменты дэпутатаў былі не проста ветлівасцю. Дэбаты ў Палаце абшчын, якія папярэднічалі выступленню Зяленскага прадэманстравалі наступнае: усе партыі адзіныя ў жаданні зрабіць усё магчымае для таго, каб дапамагчы Ўкраіне. Гэта павінна заахвоціць НАТА даць Украіне знішчальнікі, неабходныя ёй для выжывання», – заклікае брытанскае выданне.
У маі ў Турцыі павінны адбыцца прэзідэнцкія і парламенцкія выбары. Разбуральны землятрус, які здарыўся на днях, напэўна паўплывае на іх зыход: у гэтым адзіныя як нацыянальная, так і міжнародная прэса. Многія абвінавачваюць Эрдагана ў тым, што ў краіне не прымалася належных мер па сейсмаабароне. У той жа самы час шанцы Эрдагана на перавыбранне могуць і ўзрасці – акурат на фоне катастрофы. Як адзначае грэчаская газета Naftemporiki, частка віны за маштабы катастрофы ляжыць і на Эрдагане.
«Ён прыйшоў да ўлады 20 гадоў таму, пасля іншага разбуральнага землятрусу, які здарыўся ў 1999 годзе. Тады загінула 18 тысяч чалавек. За гэтыя 20 гадоў яго ўрад упусціў магчымасць падрыхтаваць краіну да прыродных катаклізмаў падобнага роду. Пасля спусташальнага землятрусу 1999 года быў уведзены «антысейсмічны» падатак, паступленні з якога павінны былі, сярод іншага, пайсці на будаўніцтва новых сейсматрывалых будынкаў у рэгіёнах, схільных да рызыкі землятрусаў. Замест гэтага грошы, як адзначае апазіцыя, выцеклі невядома куды. Народныя сродкі былі разбазараны. Буйныя будаўнічыя кампаніі з сувязямі ў дзяржструктурах і ўрадавым апараце атрымлівалі заказы на будаўніцтва гэтых будынкаў, але прадпісанні па сейсмаабароне так і не былі выкананы», – наракае грэчаскае выданне.
У сваім звароце да Кангрэса ЗША прэзідэнт Джо Байдэн зрабіў акцэнт на эканамічнай сітуацыі ў краіне. Па словах дэмакрата Байдэна, за першыя два гады яго знаходжання на пасадзе было створана дванаццаць мільёнаў новых працоўных месцаў. Ён заклікаў рэспубліканцаў да супрацоўніцтва для рэалізацыі будучых праектаў. Еўрапейскія аглядальнікі каментуюць найперш пратэкцыянісцкія захады Байдэна. Гішпанская газета La Vanguardia лічыць, што прэзідэнту зараз якраз патрэбны менавіта такія моцныя аргументы.
«Байдэн шмат каму здаецца старым і няздольным кіраваць краінай чалавекам, і гэты вобраз ён паспрабаваў абвергнуць у сваім выступе. Зрабіў ён гэта пры дапамозе важкіх аргументаў: за першыя два гады яго знаходжання на прэзідэнцкай пасадзе былі прыняты сотні законаў і створана дванаццаць мільёнаў працоўных месцаў, а гэта рэкорд з 1969 года. Байдэн напоўніў зместам лозунг Трампа «Зробім Амерыку зноў вялікай»: усе матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца пры будаўніцтве буйных інфраструктурных аб’ектаў, у будучыні будуць вырабляцца ў краіне. Разам з вышэйзгаданым пратэкцыянізмам ён запусціў і шэраг розных сацыяльных ініцыятыў: такіх, як павышэнне падаткаў для багатых. Байдэн выступіў больш эфектна, чым звычайна», – падкрэслівае гішпанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя