Агляд прэсы: расколаты свет



Лукашэнка запрасіў Байдэна ў Беларусь, каб «спыніць вайну». Канферэнцыя па бяспецы: праз год пасля пачатку вайны. У ЗША жанчына ўступае ў барацьбу за прэзідэнцкае крэсла. Каманда хакераў маніпулявала выбарамі па ўсім свеце. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Лукашэнка запрасіў прэзідэнтаў Расеі і ЗША Уладзіміра Пуціна і Джо Байдэна прыняць удзел у саміце ў Менску, каб «спыніць вайну» ва Украіне», – паведамляе амерыканскі часопіс Newsweek.

«У той час як Беларусь, верны саюзнік Крамля, наўпрост не далучылася да канфлікту ва Украіне, расейскім войскам было дазволена праводзіць вучэнні на беларускай тэрыторыі яшчэ да пачатку вайны. Краіна была выкарыстана Расеяй для пачатку ўварвання ва Украіну 24 лютага 2022 года. Гэта не перашкаджае Лукашэнку спадзявацца на сустрэчу, спасылаючыся на паведамленне Белага дома на гэтым тыдні пра тое, што Байдэн наведае Польшчу ў гэтым месяцы ў гадавіну поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Белы дом паведаміў, што Байдэн плануе наведаць Польшчу з 20 па 22 лютага і што ён сустрэнецца з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам і іншымі лідэрамі. Лукашэнка лічыць, што Байдэн «не прыедзе да яго», але «ён павінен прыехаць дзеля спынення вайны, каб не дапусціць новых гібеляў людзей». Лукашэнка нават прапанаваў запрасіць на прапанаваныя перамовы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, «калі Байдэн таго захоча»», – адзначае амерыканскае выданне.

Незадоўга да гадавіны поўнамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну высокапастаўленыя палітыкі і эксперты сустракаюцца на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Каля 40 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў прымуць удзел у трохдзённым саміце, які пройдзе з пятніцы па нядзелю. Прадстаўнікі Расеі і Ірана на саміт запрошаны не былі. Еўрапейская прэса ўважліва назірае за палярызаваным светам. Славенская газета Delo на фоне напружанага маўчання публікуе заклік, які апроч былога прэзідэнта Мілана Кучана, падпісалі і іншыя славенскія палітыкі і навукоўцы.

«Палітычныя размовы пра пераможцаў і прайграўшых супярэчаць справе міру. Ніводны з бакоў не ў стане выйграць у гэтай вайне, а мір можа быць заключаны толькі за сталом перамоваў. Таму мы чакаем ад вас, урадаў краін ЕЗ, НАТО, ЗША і Расеі, што вы сфармуеце альянс, мэты якога наступныя: спыніць баявыя дзеянні, спыніць далейшае нарошчванне ўзбраенняў і пачаць перамовы. Вы адказваеце за будучыню, мір, бяспеку і барацьбу са змяненнем клімату! Вы адказваеце за жыццё нашых дзяцей і іх нашчадкаў у свеце без страху, які гарантуе існаванне чалавецтва», – заклікае славенскае выданне.

Былая амбасадарка ААН Нікі Хэйлі абвясціла аб вылучэнні сваёй кандыдатуры на прэзідэнцкае крэсла ад рэспубліканскай партыі. «Мы больш чым гатовы да прыходу новага пакалення, якое вядзе нас у будучыню», – заявіла Хэйлі. «Нікі Хэйлі – не такая, як яе калегі па партыі», – лічыць бельгійская газета La Libre Belgique.

«Нікі Хэйлі ўвасабляе сабой той від амерыканскіх правых, якія, як ёсць усе асцярогі меркаваць, вымірае. У яе назапашаны досвед як ва ўнутранай, так і ў знешняй палітыцы. Яна не кідаецца ў крайнасці, яна разумная і рацыянальная, у той час як многія з яе калег упалі ў экстрэмізм, спрашчэнне і сталі ахвярамі тэорый змовы. Цалкам відавочна, што яна валодае дыпламатычным дарам, што з’яўляецца вельмі карыснай якасцю ў той час, калі партыйныя рознагалоссі ў Вашынгтоне падаюцца непераадольнымі. Так што давайце будзем спадзявацца на тое, што Хэйлі – адной або сумесна з іншымі кандыдатамі, настроенымі падобным чынам – атрымаецца прадухіліць захоп Рэспубліканскай партыі Дональдам Трампам і ягонымі паплечнікамі», – спадзяецца бельгійскае выданне.

Міжнародная журналісцкая сетка Forbidden Stories выкрыла таемную арганізацыю кіберзлачынцаў з галаўным офісам у Ізраілі. Так званая каманда Хорхэ працавала на заказчыкаў з усяго свету, маніпулюючы выбарамі. У ход ішлі хакерскія напады, боты, фейкі і фальшывыя акаўнты ў сацсетках. Еўрапейскія СМІ шакіраваны, хаця пакуль не спісваюць дэмакратыю з рахункаў. Бельгійская газета Le Soir мяркуе, што гэтае расследаванне стала добрым штуршком да таго, каб забяспечыць больш эфектыўную абарону ад падобнага ўмяшання ў выбары.

«Па-першае, мы павінны нязменна падвяргаць сумненню навіны, якія паступаюць да нас, і свядома выбіраць крыніцы інфармацыі. Па-другое, мы павінны нагадаць СМІ аб неабходнасці блакіроўкі інфармацыі, якая не была дакладна праверана пры ўліку цэлага шэрагу крыніц. І па-трэцяе, мы павінны валодаць неабходнымі бюджэтамі, установамі і падраздзяленнямі ў структурах паліцыі, якія былі б у стане супрацьстаяць, прычым, у міжнародным маштабе – індустрыі вытворчасці і распаўсюджванні фэйкавых навінаў», – заклікае бельгійскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя