Агляд прэсы: „раяль у кустах”



Ізраільская фірма ўзлому тэлефонаў спыняе продажы ў Беларусь і Расею. СМІ аналізуюць, чаму Пуцін ізноў пагражае вайной Украіне. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.

Нідэрландскае выданне Global Voices паведаміла, што ізраільская кампанія лічбавай разведкі Cellebrite, вядомая тым, што вырабляе праграмныя інструменты, якія выкарыстоўваюцца для здабычы дадзеных са смартфонаў, абвясціла, што спыніць свае продажы дзяржаўным і праваахоўным органам Беларусі і Расеі.

«Рашэнне было прынята пасля шэрагу паведамленняў аб тым, што тэхналогіі кампаніі выкарыстоўваліся дзяржаўнымі чыноўнікамі для пераследу і ціску на апазіцыйных актывістаў як у Расеі, так і ў Беларусі, а таксама ў Ганконгу і Бангладэш», паведамляе Global Voices і дае спасылку на ізраільскую газету Haaretz, якая ў мінулым годзе ўпершыню праліла святло на сумніўную практыку ўзлому і падтрымала адпаведную петыцыю праваабаронцаў Ізраіля і Ганконга.

Нідэрландскае выданне Global Voices падкрэслівае, што адным з самых папулярных інструментаў Cellebrite з’яўляецца UFED, праграмнае прыкладанне, якое выкарыстоўваецца для прымусовага ўводу і аўтаматызацыі вымання дадзеных са смартфонаў.

Прынамсі праграграмай UFED да апошняга карыстаўся Следчы камітэт Расеі, у тым ліку па справе Навальнага.

«Хаця у мінулым Cellebrite адмаўляўся прадаваць свае праграмы Беларусі, беларускі рэжым выкарыстоўваў інструменты Cellebrite для ўзлому тэлефонаў затрыманых удзельнікаў пратэсту. Беларускі Інтэрнэт-сайт навін dev.by знайшоў на сайце дзяржаўных закупак Беларусі 17 запісаў, якія сведчаць аб тым, што ў перыяд з 2013 па 2019 год Следчы камітэт рэжыма і Камітэт судовых аналізаў набылі праграмнае забеспячэнне UFED, абнавілі ліцэнзіі, забяспечылі тэхнічную падтрымку і іншыя паслугі ад Cellebrite», – прыводзіць дадзеныя Global Voices .

 

Амерыканская газета The Washington Post заўважае, што Пуцін сутыкнуўся з ростам грамадскай незадаволенасці з нагоды застойнай эканомікі Расеі і дрэннай рэакцыяй ў адказ на каронавірус.

«Да таго ж відэа на YouTube пра палац, які ён пабудаваў для сябе, набрало рээкордныя 115 млн праглядаў, ды і прэзідэнт ЗША Байдэн назваў яго «забойцам». Набліжаюцца парламенцкія выбары, прызначаныя на верасень, і, як паказваюць незалежныя апытанні, толькі 27% гатовы прагаласаваць за яго кіруючую партыю, а 41%, што з’яўляецца рэкордным паказчыкам, не хоча, каб Пуцін балатаваўся на новы прэзідэнцкі тэрмін», – піша The Washington Post у рэдакцыйным артыкуле.

«Таму Пуцін звяртаецца да знаёмай тактыкі – нагнятае напружанасць у адносінах з суседняй Украінай і яе празаходнім урадам і прыцягвае да сябе ўвагу Захаду», – мяркуе газета, нагадваючы пра парушэнне пагаднення аб спыненні агню, і пра тое, што Расея накіравала тысячы рэгулярных ваеннаслужачых для падмацавання і без таго буйных кантынгентаў паблізу мяжы з Украінай і ў Крыме.

Амерыканскае выданне падкрэслівае, што і расейскія, і ўкраінскія аналітыкі скептычна ставяцца да ідэі пра тое, што Пуцін пачне поўнамаштабную атаку на Украіну. «Аднак Пуціну нельга дазволіць выкарыстаць вайну супраць Украіны як спосаб выратаваць сваё становішча на фоне пагаршэння ўнутрыпалітычных праблемаў», – рэзюмуе The Washington Post.

 

Нягледзячы на праграму Covax, прынятую СААЗ, склалася сітуацыя, пры якой багатыя краіны пакінулі сабе дэфіцытныя вакцыны ад каронавірусу за сабой, пакінуўшы цэлы шэраг дзяржаў без адзінай дозы прэпарата. Прынамсі, Еўразвяз пакуль што адмаўляецца дзяліцца з краінамі, якія развіваюцца.

У Швецыі міністр па пытаннях дапамогі краінам, якія развіваюцца, выступіў з ідэяй дарыць бедным краінам дозы вакцыны, якія застануцца пасля таго, як будуць провакцынаваны групы рызыкі, напрыклад, у Швецыі.

Нямецкая газета Die Tageszeitung, у сваю чаргу, не можа зразумець, чаму мінімальныя пастаўкі вакцыны краінам, якія развіваюцца, святкуюцца як вялікая перамога, і адзначае наступнае:

«У рэчаіснасці ўсё гэта – толькі бездапаможныя драбкі вялізнага пірага. Калі б гаворка ішла пра сістэматычнае ўмацаванне сістэмаў аховы здароўя краін, якія развіваюцца, то тады на першым месцы стаялі б перадача тэхналогій і часовая адмова ад патэнтаў. Калі б мы зыходзілі з ідэі міжнародных абавязальнцітваў выконваць правы чалавека, то куды больш увагі надавалася б міжнароднай салідарнасці, справядлівасці і абавязку супрацоўніцтва. Замест гэтага міжнародныя інструменты, якія выкарыстоўваюцца зараз, гэта ўсяго толькі звыклая філасофія міласэрнасці, у якой усё зводзіцца да пачуцця маральнага доўгу і дабрачыннасці, замест рэальнай падтрымкі бедных краін у іх праве на атрыманне дапамогі, на якую ў іх маецца свая доля згодна з правамі чалавека».

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя