Агляд прэсы: разам і назаўжды



Чаму Пуцін не адважваецца адмовіцца ад дыктатара Беларусі Лукашэнкі? ЕЗ спрачаецца аб тым, ці весці ўвогуле дыялог з Пуціным? У Ганконгу ліквідавана незалежная газета. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Амерыканскае выданне Аtlantic Сouncil адзначае, што пра крызіс, які працягваецца ў Беларусі, з Пуціным мелі намер паразмаўляць і Еўропа, і ЗША. Аднак расейскі бок не зацікаўлены ў абмеркаванні гэтага пытання. «Гэта відавочнае нежаданне адлюстроўвае погляд Пуціна на Беларусь як на выключную сферу інтарэсаў Крамля. Тым не менш напярэдадні саміту 16 чэрвеня хадзілі сур’ёзныя спекуляцыі наконт таго, што расейскі лідар быццам гатовы ахвяраваць Лукашэнкам узамен на саступкі з Захаду», – гаворыцца ў артыкуле. Паводле прыведзенага сцэнару, Пуцін пагодзіцца на адхіленне Лукашэнкі, але будзе імкнуцца ўсталяваць праз Крэмль зручную замену з шэрагу беларускай апазіцыі. Гэты манеўр утрымае Менск на цвёрдай арбіце Расеі, а таксама задаволіць патрабаванні Захаду да нармалізацыі сітуацыі ў Беларусі, уключаючы вызваленне палітвязняў і прызначэнне новых прэзідэнцкіх выбараў. «І хаця гэты сцэнар можа шмат чаго патэнцыйна палепшыць, Пуцін, здаецца, рухаецца ў адваротным кірунку. Замест таго, каб выкарыстоўваць крызіс у Беларусі для аслаблення напружанасці ў адносінах з Захадам, ён вырашыў падвоіць падтрымку Лукашэнкі. Сёлета святкаванне Дня нацыянальнага адзінства плануецца правесці ў Беларусі падчас сумесных вучэнняў «Захад-2021», у якіх вялікая колькасць расейскіх і беларускіх вайскоўцаў будзе размешчана недалёка ад мяжы з Польшчай. Гэта толькі ідэя Пуціна і Лукашэнкі пра геапалітычны тролінг, альбо плануецца нешта больш злавеснае?», – гіранізуе амерыканскае выданне.

***

Напярэдадні будучага саміту ЕЗ канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель і прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон звярнуліся да лідараў іншых краін ЕЗ з прапановай правесці сустрэчу з Пуціным. Аднак іх ініцыятыва сутыкнулася з супрацівам – Польшча, Эстонія, Латвія і Літва адкінулі гэтую ідэю як заўчасную. Еўрапейскія СМІ таксама разышліся ў меркаваннях аб тым, як варта паводзіць сябе з Масквой. Чэшская газета Hospodářské noviny наўпрост піша літаральна наступнае: «У адрозненне ад ЗША, у Еўразвязу няма рычагоў геапалітычнага ўплыву на Расею. У сваю чаргу Крэмль дасягнуў пэўнага поспеху ў сваёй стратэгіі па разбурэнні адзінства і згуртаванасці ў шэрагах Еўропы. І ў гэтай сітуацыі даваць Пуціну дадатковую магчымасць прадэманстраваць, што ён моцны, уплывовы і здольны ўносіць раскол у шэрагі еўрапейцаў, гэта, мякка кажучы, не самая разумная ідэя».

***

У Ганконгу спыніла сваё існаванне штодзённая газета дэмакратычнай накіраванасці Apple Daily. Ціск з боку ўладаў у апошні час няўхільна нарастаў: быў арыштаваны галоўны рэдактар і выдавец, рахункі і актывы выдання замарожаныя. Кітайскія ведамствы абвінавачваюць газету ў «змове з замежжам». Еўрапейская прэса абураная дзеяннямі кітайскіх уладаў. «Кітай павольна, але дакладна душыць крытычныя галасы ў Ганконгу, і тычыцца гэта не толькі СМІ», – адзначае брытанская газета The Guardian. «Пекін цвёрда мае намер зламаць супраціў. З кожным днём гайкі закручваюцца ўсё мацней. Для свабоды прэсы ў рэгіёне гэты момант стаў самым змрочным. Эфект запалохвання і застрашвання спрацоўвае не толькі ў адносінах да СМІ, але нават у плане прыватных гутарак. Журналісты зыходзяць з таго, што рэпрэсіі і пераследы становяцца больш жорсткімі. Дзякуючы смеласці і стойкасці ганконскіх рэпарцёраў, мясцовае СМІ было незамяняльнай крыніцай інфармацыі аб тым, што адбываецца як у самім горадзе, так і ў мацерыковым Кітаі», – з жалем падсумоўвае брытанскае выданне.

***

Як паведамляе брытанская выданне Daily Express, сакрэтныя дакументы Міністэрства абароны Вялікабрытаніі, якія змяшчаюць падрабязнасці праходу эсмінца Defender праз украінскія тэрытарыяльныя вады і іншыя дзеянні ўзброеных сіл, былі знойдзеныя на аўтобусным прыпынку ў графстве Кент. «Частка гэтых дакументаў тычыцца магчымай рэакцыі Расеі на праход брытанскага эсмінца ля берагоў Крыма. Іншая частка дакументаў змяшчае падрабязнасці планаў магчымай прысутнасці брытанскіх вайскоўцаў у Афганістане пасля завяршэння аперацый НАТА ў гэтай краіне», – вядзецца пералік у артыкуле і паведамляецца аб пачатку расследавання ўрадам. Брытанскае выданне паведамляе, што ў знойдзеных дакументах прыводзяцца тры магчымыя варыянты рэакцыі Расеі на праход эсмінца ля Крыма, ад «бяспечнага і прафесійнага» да «небяспечнага і непрафесійнага». «Расея вырашыла адрэагаваць агрэсіўна. Брытанцы разглядалі і іншы маршрут праходу эсмінца – маршрут, які дазволіў бы яму не заходзіць у спрэчныя вады. Гэта дазволіла б пазбегнуць канфрантацыі», – адзначае Daily Express. «Аднак праход эсмінца па «схеме падзелу руху» ўяўляў сабой узважанае рашэнне брытанскага ўраду, які хацеў прадэманстраваць падтрымку Украіне, нягледзячы на магчымыя рызыкі».

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.