Агляд прэсы: разгубленасць вярхушкі



Дыктатар Беларусі стварае ўсё большую пагрозу для Украіны. Нарвегія выбрала левых. Ангела Меркель развіталася з Балканамі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся.

Амерыканскае выданне Atlantic Council аналізуе планы Аляксандра Лукашэнкі, які абвясціў пра намер размясціць расейскія сістэмы супрацьпаветранай абароны С-400 уздоўж украінскай мяжы, што можа сігналізаваць пра тое, што ён гатовы адыграць больш прыкметную ролю ў гібрыднай вайне Расеі супраць Украіны.

«Мілітарызацыя беларускай мяжы з Украінай разглядаецца як злавесны крок для многіх у Кіеве, дзе ўжо існуе значная заклапочанасць пашырэннем расейскай ваеннай прысутнасці ў Беларусі і ўсё больш адкрытай залежнасцю Лукашэнкі ад Крамля. У сувязі з тым, што ўжо восьмы год працягваецца неабвешчаная расейска-ўкраінская вайна і прыкметаў прагрэсу ў дасягненні жыццяздольнага мірнага ўрэгулявання не заўважана, перспектыва шырокай новай лініі фронту на поўначы Украіны ўяўляе сур’ёзны галаўны боль для ваенных планіроўшчыкаў краіны», – адзначае амерыканскае выданне.

Atlantic Council таксама піша пра тое, што няма сумневаў у пастаяннай ваеннай прысутнасці Расеі ў Беларусі. Разам з мілітарызацыяй Беларусі Крэмль таксама ўзмацняе кантроль над беларускай эканамічнай і знешняй палітыкай. Відавочна, што Лукашэнка ахвяруе беларускім суверэнітэтам у абмен на ўласнае палітычнае выжыванне.

На выбарах у нарвежскі парламент перамаглі сацыял-дэмакраты на чале з Юнасам Гарам Сцёрэ. Пасля васьмігадовага праўлення кансерватараў ківач хіснуўся ў бок левых і цэнтрыстаў, як, уласна, і па ўсёй Скандынавіі. Але перамовы аб стварэнні кааліцыі могуць стаць вельмі напружанымі, паколькі па галоўным пытанні перавыбарнай барацьбы – пра будучыню здабычы нафты дзяржавай – патэнцыйныя партнёры прытрымліваюцца цалкам супрацьлеглых пунктаў гледжання.

«Відавочна, што на поўначы Еўропы можна зноў набраць ачкі, падымаючы класічныя сацыяльныя тэмы», – канстатуе ірландская газета The Irish Times.

«Вынікі выбараў у нарвежскі парламент на гэтым тыдні паказваюць на выразны паварот у палітыцы. Поспех не толькі Рабочай партыі, але таксама Сацыялістычнай левай партыі і радыкальных левых паказвае на тое, што асноўныя пытанні, якія маюць фінансавыя наступствы для шырокіх мас, да гэтага часу надзвычай важныя ва ўнутранай палітыцы Нарвегіі. З перамогай Ёнаса Гара Сцёрэ Нарвегія, Швецыя, Данія і Фінляндыя апынуліся цалкам у руках сацыял-дэмакратаў. Апошні раз падобная расстаноўка сіл назіралася ў 2001 годзе»,– падкрэслівае ірландскае выданне.

Ангела Меркель апошні раз наведала Заходнія Балканы на пасадзе бундэсканцлера. У Тыране яна правяла перамовы з кіраўнікамі ўрадаў Албаніі, Сербіі, Чарнагорыі, Босніі, Паўночнай Македоніі і Косава. І хаця аглядальнікі станоўча паставіліся да таго, што канцлера хвалюе сітуацыя на Балканах, яны раскрытыкавалі той факт, што за апошнія гады ані Германія, ані Еўразвяз не змаглі прапанаваць рэгіёну істотных перспектываў.

«Берлін мог прыкласці ў рэгіёне куды больш намаганняў», – лічыць харвацкая газета Jutarnji list.

«Нямеччына пры канцлеры Меркель дзейнічала так, каб у цэлым захаваць мір на Заходніх Балканах. Але Германія ніколі не была краінай, якая прапануе рашэнні. Вось чаму ў нас захоўваецца статус-кво ў адносінах паміж Косавам і Сербіяй, застыла сітуацыя ў Босніі і Герцагавіне і застаецца інертнай рэакцыя ЕЗ у па выніках падзей у Чарнагорыі. Але роля Германіі ў рэгіёне будзе нязменна заставацца значнай, а значыць рэгіён чакае пераемнасці ўлады. Германія працягне надаваць увагу міру і стабільнасці, эканамічнаму развіццю і гандлю, але не будзе праяўляць празмернай актыўнасці з мэтай хутчэйшага вырашэння адкрытых пытанняў – асабліва датычна інтэграцыі дзяржаваў рэгіёну ў ЕЗ», – падсумоўвае харвацкае выданне.

У Францыі супраць экс-міністра аховы здароўя Аньес Бюзэн, якая пакінула сваю пасаду ў лютым 2020 года, агучана абвінавачванне. Пракуратура сцвярджае, што палітычны курс Бюзэн у пачатку пандэміі каронавірусу паставіў пад пагрозу жыццё людзей. Тысячы пазоваў былі пададзеныя на імя Бюзэн і іншых членаў урада. Французская прэса лічыць, што гэты працэс наўрад ці мэтазгодны.

Французская газета Le Monde папярэджвае, што шкода ад падобных справаў можа пераважыць над карысцю.

«Няспынны пошук вінаватых, які ў наш час наўпрост звязаны з папулізмам, хавае ў сабе рызыку таго, што прыняцце палітычных рашэнняў будзе надалей абумоўлена страхам перад пагрозай трапіць пад крымінальны пераслед. Парадаксальным чынам гэта прывядзе да таго, што ў выніку будзе песціцца тая самая бяздзейнасць, якая часцяком і з’яўляецца сутнасцю падобных абвінавачванняў. Хто ў будучыні пажадае ўзначаліць кампанію па вакцынацыі, калі магчымыя пабочныя эфекты будуць ставіцца ў віну асабіста міністру? І перш за ўсё: каму незразумела, што падобныя расследаванні ў дачыненні да міністраў, якія праводзяцца некампетэнтнымі суддзямі, падрываюць давер да нашых інстытутаў і тым самым – да самой краіны?», – задае рытарычнае пытанне французская газета.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка