Агляд прэсы: разлікі могуць не апраўдацца



Памежнікі Саўдаўскай Аравіі забіваюць мігрантаў, якія прыбываюць на мяжу з Эфіопіі — пра сітуацыю сведчаць даклады праваабарончых арганізацый. БРІКС ператварыўся ў БРІКС+ — у шэрагі арганізацыі ўступілі новыя краіны. Аналітыкі прагназуюць магчымы спад ваеннай хунты ў Нігеры з-за смерці Яўгена Прыгожына. Памёр сын мастака Пабла Пікасо. Падрабязнасці навін замежнай прэсы ў аглядзе Арыны Ганцэвіч.

Фота: AP

Паводле дадзеных праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch, з пачатку 2022 года памежнікі Саудаўскай Аравіі забілі некалькі сотняў мігрантаў, якія спрабавалі патрапіць на тэрыторыю каралеўства. Большасць з іх былі выхадцамі з Эфіопіі. Жыхары гэтай ахопленай вайной краіны штораз спрабуюць бегчы ў Саудаўскую Аравію праз Емен.

Дублінская The Irish Times лічыць, што для ААН прыйшоў час сказаць сваё важкае слова: «Саудаўская Аравія адхіляе сцвярджэнні дакладу, спасылаючыся на тое, што яны, маўляў, 'не абапіраюцца на надзейныя крыніцы’. Але Бі-бі-сі і New York Times сабралі дастаткова сведчанняў, роўна як і дакладчыкі з ААН. … У Бі-бі-сі ёсць доказы таго, што забойствы працягваюцца. … У дакладзе [арганізацыі Human Rights Watch] паведамляецца аб сотнях забітых з сакавіка 2022 па чэрвень 2023 года»

На саміце БРІКС у ЮАР было прынята рашэнне аб пашырэнні арганізацыі: да 1 студзеня ў яе шэрагі ўступяць Саудаўская Аравія, Егіпет, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Іран, Аргенціна і Эфіопія. Арганізацыя, якая пазіцыянуе сябе як прадстаўніца інтарэсаў „Глабальнага поўдня”, будзе надалей называцца БРІКС+.

На думку барселонскай El Periódico de Catalunya, расстаноўка сіл у свеце мяняецца: «Індыя баялася таго, што пашырэнне БРІКС аслабіць яе ўплыў, аднак ён выразна выявіўся падчас адбору новых чальцоў з дваццаці трох афіцыйна пададзеных заявак. Для Нью-Дэлі, які імкнецца да лідэрства сярод краін Глабальнага поўдня”, важна, каб у групе не дамінаваў Пекін.»

Ваенная хунта ў Нігеры, якая прыйшла да ўлады шляхам перавароту ў канцы ліпеня, загадала амбасадару Францыі пакінуць краіну на працягу 48 гадзін, аднак Парыж заяўляе, што не мае намеру выконваць патрабаванні незаконных уладаў, піша Руская служба BBC.

«У пачатку жніўня зрынуты прэзідэнт Базум праз калонку ў Washington Post заявіў, што цяпер увесь рэгіён можа апынуцца пад уплывам Расіі ў асобе ЧВК Вагнер. Паводле яго слоў, ваенная хунта Нігера, як і хунты суседніх Малі і Буркіна-Фасо, робіць стаўку на расійскіх наймітаў, якія па задуме путчыстаў павінны прыйсці на змену французам і амерыканцам, якія да гэтага часу дапамагалі Нігеру. Паводле звестак заходніх разведак, атрады ЧВК Вагнер сапраўды садзейнічалі ваенным пераваротам у афрыканскіх краінах і значна ўмацавалі расійскі ўплыў на кантыненце ў апошнія гады. Аднак цяпер, у святле магчымай гібелі стваральніка і лідэра ЧВК Яўгена Прыгожына і няяснай будучыні кампаніі, разлікі нігерыйскай хунты могуць не апраўдацца.»

Клод Пікасо, сын мастакоў Пабла Пікасо і Франсуазы Жыла, памёр ва ўзросце 76 гадоў, паведамляе The Guardian. Ён перажыў сваю маці ўсяго на два месяцы: яна памерла ў пачатку чэрвеня.

«Клод Пікасо – малодшы сын іспанскага мастака Пабла Пікасо. Ён быў фатографам і кінарэжысёрам: выступаў асістэнтам знакамітага амерыканскага фатографа Рычарда Аведона, а таксама працаваў фотажурналістам у Time Life, Vogue і Saturday Review. У 2011 годзе яго ўзнагародзілі вышэйшай узнагародай Францыі — Ордэнам Ганаровага легіёна. У сям’і часта ўзнікалі спрэчкі наконт выкарыстання імя і творчасці знакамітага сваяка. Напрыклад, у 1999 годзе Клод прадаў імя і подпіс Пікасо аўтамабільнай кампаніі Citroën для выпуску хэтчбэка, названага ў гонар мастака. Тады яго ўнучка Марына Пікасо публічна раскрытыкавала дзядзьку за „непавагу да генія”, якога „выкарыстоўваюць для продажу чагосьці гэтак банальнага, як машына”. У сваю чаргу, Клод праз свайго адваката заявіў журналістам, што „мае поўнае права выкарыстоўваць гандлёвую марку Пікасо”.»

Беларускае Радыё Рацыя