Агляд прэсы: развянчанне міфаў



Лукашэнка папярэджвае аб «наймітах», «біялагічнай зброі» і чарнобыльскай атацы. Вайна ва Украіне і яе наступствы для сусветнай эканомікі. Вялікабрытанія супраць расейскіх алігархаў. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

„У пятніцу ў другой палове дня ў Маскве расейскае тэлебачанне перадала кадры паседжання, якое адбылася ў Крамлі паміж Лукашэнкам і Пуціным. Беларускі лідар, чыё ўласнае кіраванне апярэджвае нават 20-гадовае кіраванне Пуціна амаль на дзесяць гадоў, прыбыў у Маскву. Шэраг назіральнікаў схапілі каментар Пуціна з той сустрэчы, быццам «паводле нашых перамоўшчыкаў, адбыліся пэўныя пазітыўныя зрухі», як прыкмету прагрэсу ў перамовах Масквы з Украінай», – перадае амерыканская газета Newsweek.

„Але Лукашэнка хутка рушыў услед за словамі Пуціна з апраўданнем расейскага нападу, а таксама сцвярджэннем аб тым, што ён ведае аб будучых атаках супраць расейскіх войскаў, называючы беларускія і расейскія сілы разам «мы» і «нас». «Украінскія сілы пачалі страляць па нас…і я пакажу вам, адкуль яны рыхтаваліся да нападу на Беларусь. Калі б за шэсць гадзін да іх нападу мы не нанеслі прэвентыўны ўдар… яны б напалі на нашыя беларускія і расейскія войскі, якія праводзілі вучэнні», – цытуе Лукашэнку амерыканскае выданне.

Лукашэнка таксама папярэдзіў аб наступствах патэнцыйнай ядзернай катастрофы, паколькі ў канфлікт былі ўцягнутыя месцы, у тым ліку Чарнобыль, цэнтр найбуйнейшай у свеце ядзернай катастрофы ў 1986 годзе.

«Візіт Лукашэнкі з’яўляецца першым візітам дыктатара ў Маскву пасля таго, як Расея 24 лютага пачала тое, што абодва чалавекі назвалі «спецыяльнай ваеннай аперацыяй» для дасягнення «дэмілітарызацыі» і «дэнацыфікацыі» Украіны. Пры гэтым Лукашэнка, як непрызнаны Еўропай прэзідэнт Беларусі, правёў рэферэндум, паводле вынікаў якога на тэрыторыі Беларусі можа быць размяшчана ядзерная зброя ад яе саюзніка, Расеі, хоць Лукашэнка і вагаўся.

І калі расейскія войскі сустракаюць жорсткае супраціўленне ў сваім імкненні захапіць Кіеў і іншыя буйныя гарады, украінскія чыноўнікі сцвярджаюць, што і Беларусь неўзабаве рыхтуецца ўступіць у бойку», – адзначае амерыканскае выданне.

Узаемныя санкцыі і забарона на экспарт усё больш адразаюць Расею ад сусветнага рынку. Украіна зараз не зможа пастаўляць на сусветныя рынкі збожжа. На гэтым фоне чакаецца далейшае павышэнне коштаў на электраэнергію, бензін, асноўныя прадукты харчавання і іншыя тавары.

Польскае выданне Polityka з трывогай каментуе рост коштаў на зерне:

«Украіна, якую часта называюць «жытніцай Еўропы», прынамсі нейкі час не зможа ўносіць свой істотны ўклад у паляпшэнне сітуацыі на сусветным харчовым рынку. У мінулым годзе Украіна нават абагнала ЗША па аб’ёме экспарту збожжавых, і заняла ў гэтай нішы рынку трэцяе месца ў свеце пасля Расеі і Аўстраліі. Рост коштаў на хлеб таксама можа лёгка прывесці да бурных сацыяльных хваляванняў у іншых краінах. У апошнія дні неспакойна ў Марока. У Тунісе, які яшчэ да расейскага ўварвання ва Украіну адчуваў цяжкасці з аплатай імпартаванага збожжа, сітуацыя пагаршаецца з кожным днём».

Брытанскі ўрад увёў санкцыі ў дачыненні да сямі расейскіх алігархаў, якія, як лічыцца, з’яўляюцца набліжанымі да прэзідэнта Пуціна. Сярод іх – уладальнік футбольнага клуба Чэлсі Раман Абрамовіч. Актывы алігархаў будуць замарожаныя, а ім самім забаронены ўезд у краіну. Брытанскім кампаніям і прыватным асобам забараняецца весці з імі справы. У канфіскаваных дамах алігархаў могуць размяшчацца ўцекачы з Украіны.
Брытанская газета Financial Times перасцерагае ад самавольства.

«Законапраект, гэтак спешна праведзены праз парламент, палягчае ўраду ўвядзенне санкцый і ўскладняе іх аспрэчванне. Зразумела, трэба неадкладна прымаць суровыя захады супраць тых, хто здольны фінансаваць бесчалавечную ваенную машыну Пуціна. Але неабходна паклапаціцца і аб захаванні вяршэнства права – менавіта ў гэтым заключаецца адно з галоўных адрозненняў Вялікабрытаніі ад Расеі. Патрэбна дзеючая сістэма стрымлівання і супрацьвагаў, бо зараз выканаўчая ўлада можа ў імгненне вока абвясціць каго заўгодна ворагам дзяржавы, і замарозіць яго актывы пасля шматлікіх гадоў далікатных абдымкаў і пацалункаў», – лічыць брытанскае выданне.

У рэгіёне Кастылія-Леон, найбуйнейшай аўтаномнай вобласці Гішпаніі, па выніках выбараў сфарміраваны новы ўрад – кааліцыя ў складзе кансерватыўнай Народнай партыі і ультраправай партыі Vox. Апошняй дасталіся крэсла старшыні парламента, тры міністэрскія партфелі, а таксама пост віцэ-прэм’ера. Vox упершыню ўваходзіць у склад якога б там ні было ўраду. Меркаванні гішпанскіх СМІ наконт гэтага разыходзяцца.

На думку гішпанскай газета eldiario.es, давер да Гішпаніі з боку Еўропы зараз пад пагрозай.

«Вельмі цяжка перастаць пісаць пра вайну ва Ўкраіне. Але ў Гішпаніі адбылося нешта, якое мае дачыненне да ўкраінскай драмы, таму што яно закранае само ядро «еўрапейскіх каштоўнасцяў», якія апынуліся пад сур’ёзным ударам з-за нястрымнай агрэсіі Пуціна. Заключыўшы кааліцыйную дамову з Vox у Кастыліі і Леоне, Народная партыя пайшла на крок, які выклікае сур’ёзныя засцярогі і які, пакуль што, неўяўляемы ў іншых развітых еўрапейскіх дэмакратыях. Калі Народная партыя з гэтага часу будзе заклікаць даць адпор Пуціну дзеля абароны «еўрапейскіх каштоўнасцяў», то мы будзем лепш разумець, што яны маюць на ўвазе. І многія з нас зразумеюць, што мы гаворым не пра адно і тое ж», – папярэджвае гішпанскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя