Агляд прэсы: Рэалістычныя прапановы
Ці стане горад у Латвіі прычынай новай сусветнай вайны? Гуманітарнае становішча ў Газе пагаршаецца. Партыя ПіС фармуе ўрад у Польшчы. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Непадалёк ад Беларусі маецца горад, дзе непрыемнасці напэўна не за гарамі, у месцы, дзе нацыянальныя ўлады могуць адчуваць сябе не ў поўнай бяспецы. Што за непрыемнасці? Ну, не хацелася б драматызаваць, праўда, але ў гэтым канкрэтным выпадку Трэцяя сусветная вайна», – паведамляе амерыканская газета The Spectator.
„Гэта Даўгаўпілс, у далёкім паўднёва-ўсходнім кутку Латвіі, блізу беларускай мяжы і прыкладна ў сямідзесяці пяці мілях ад расейскай мяжы. Гэта расейскі горад: мясцовае насельніцтва прыкладна на 75 працэнтаў складаецца з рускіх — або 48 працэнтаў, калі верыць афіцыйнай статыстыцы Латвіі. У 2016 годзе Бі-Бі-Сі паставіла імітацыю Трэцяй сусветнай вайны для масавай забавы сваіх гледачоў, і ўся трагедыя пачалася менавіта тут. У гэтай выдумцы мэр Даўгаўпілса абвясціў незалежнасць ад Латвіі, а дзяржаўныя ўлады накіравалі паліцыю і войска, каб здушыць мясцовы запал да паўстання, які, магчыма, узмацнілі расейскія агенты з-за мяжы. У адказ на ўяўнае падпарадкаванне рускай большасці ў гэтым горадзе Уладзімір Пуцін увёў войскі ў якасці нібыта ахоўнага і абарончага жэсту. Латвія, вядома, з’яўляецца членам NATO, і такім чынам заходнія войскі былі вымушаныя адказаць. За надзіва кароткі прамежак часу ўсе краіны Балтыі — а неўзабаве пасля гэтага і ўвесь астатні свет — заззялі, як маяк Белішы. Гэты сцэнар разыгрываўся за шэсць гадоў да расейскага ўварвання ва Украіну. Уварванне крыху змяніла настрой: тры чвэрці этнічных латышоў падтрымліваюць Украіну; этнічных расейцаў — 27 працэнтаў. Большас1ць астатніх — з Пуціным. Мэр, які, магчыма, мела на ўвазе BBC, цалкам мог быць цяперашнім, Андрэй Элксніньш, які да нядаўняга часу быў сябрам кааліцыі «Цэнтр згоды», у асноўным сацыял-дэмакратычнага альянсу, які прадстаўляе інтарэсы расейскай меншасці ў Латвіі. Ён выказаў здагадку, што Крым цалкам належыць «Расейскай Федэрацыі», не асудзіў уварванне ва Украіну, зацягнуў знос помнікаў савецкай эпохі ў горадзе і палепшыў сувязі з Беларуссю, калі прысутнічаў на святкаванні Дня незалежнасці, арганізаваным рэжымам Лукашэнкі ў Менску. Усё гэта, вядома, не давядзе да Трэцяй сусветнай вайны. Цяжка ўявіць сабе, што гэты сумны, хмурны горад будзе цэнтрам чагосьці, шчыра кажучы, не кажучы ўжо пра каталізатар вайны за знішчэнне цывілізацыі. Але варта прыгледзецца да Даўгаўпілса і яго некалькі дзёрзкага мэра. На той выпадак, калі ўсё стане яшчэ горш, чым зараз», – заклікае амерыканскае выданне.
***
Урад Ізраіля па-ранейшаму адмаўляецца спыніць агонь у Газе , пакуль закладнікі знаходзяцца ў руках радыкальна-ісламісцкай групоўкі ХАМАС. Пры гэтым прэм’ер-міністр Нетаньяху заявіў, што Ізраіль гатовы забяспечыць «непрацяглыя тактычныя паўзы» для таго, каб забяспечыць вываз заложнікаў і аблегчыць забеспячэнне Газы гуманітарнымі грузамі, якіх, паводле паведамленняў гуманітарных арганізацый, цяпер зусім недастаткова. Пражская газета Lidové noviny незадаволена тым, што дзеянні Ізраіля ў Газе называюць несправядлівымі.
«Калі заходнія дзяржавы і арабскія ўрады змагаліся супраць ІДзІЛ і захапілі іракскі Масул з яго двума мільёнамі жыхароў, колькасць ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва перавысіла колькасць ахвяр у Газе – тым часам яно вырасла да прыблізна дзесяці тысяч чалавек, што ўжо супастаўна з лікам ахвяр у Масуле. Аднак амаль ніхто не вылучаў з гэтай нагоды якіх бы там ні было прэтэнзій. Цяпер жа ўсе – ад Байдэна да Пуціна і Абаса – выказваюцца пра тое, што, маўляў, дазволена і не дазволена рабіць Ізраілю. Дзе ж той, хто сказаў бы, што менавіта трэба рабіць Ізраілю? Прычым канкрэтна, і каб ХАМАС не ўбачыў у гэтым капітуляцыі?», – задаецца нязручным пытанне чэшскае выданне.
***
Прэзідэнт Анджэй Дуда даручыў былому прэм’ер-міністру Матэвушу Маравецкаму ад правакансерватыўнай партыі ПіС задачу фармавання ўрада – нягледзячы на тое, што па выніках мінулых парламенцкіх выбараў апазіцыйны лагер атрымаў большую колькасць месцаў. Па словах Дуды, даручаць фарміраванне ўрада спачатку наймацнейшай парламенцкай партыі – гэта добрая традыцыя. Сам Дуда да свайго прэзідэнцтва быў у ПіС і прадстаўляў яе інтарэсы. Аглядальнікі лічаць такую стратэгію неканструктыўнай. Сярод іх берлінская газета Der Tagesspiegel.
«Абнадзейлівае чаканне апраўдвалася тым, што Дуда мае трайны стымул паводзіць сябе канструктыўна: павага да волі выбаршчыкаў, адказнасць за нацыянальныя інтарэсы плюс асабістыя амбіцыі з прыцэлам на пасаду – магчыма, і міжнародную – ужо пасля заканчэння свайго прэзідэнцтва. Дуда прыняў іншае рашэнне. Ён не шукае разумення, якое так арганічна ўласцівае дэмакратыі, таму што сённяшняя апазіцыя заўтра цалкам можа стаць урадам. Дуда, відавочна, зацікаўлены ў барацьбе за ўладу. Шкада. Польшча заслужыла лепшага», – падкрэслівае нямецкае выданне.
***
Міністр унутраных спраў Вялікабрытаніі Суэла Браверман выклікала бурную рэакцыю, абвясціўшы аб намеры ўвесці жорсткія санкцыі ў дачыненні да гуманітарных арганізацый, якія бясплатна раздаюць палаткі бяздомным. Яна растлумачыла, што заканадаўчая ініцыятыва датычыцца людзей, якія выбралі жыццё на вуліцы ў якасці «ладу жыцця». «Міністр Браверман у чарговы раз прадэманстравала тое, як дрэнна яна прадумвае свае крокі», – з абурэннем адзначае брытанская газета The Independent.
«Вядома, сустракаюцца людзі, якім цяжка заставацца ў якім-небудзь сталым жыллі, цяжка не страціць працоўнае месца ці ж спраўляцца з залежнасцямі і псіхічнымі захворваннямі. І часам яны нават могуць заяўляць пра тое, што аддалі б перавагу жыць на вуліцы. Але называць такі падыход «свядомым выбарам ладу жыцця – абсурдна». І думаць, што забарона намётаў, у якіх жывуць валачашчыя, дапаможа вырашыць саму асноўную праблему – гэта ўжо і зусім нейкая наўмысная некампетэнтнасць», – падкрэслівае брытанскае выданне.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя