Агляд прэсы: рэзалюцыя да нямецкага ўрада ў цэнтры ўвагі



Нямеччына прыме больш суровыя захады супраць аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі, які збівае і забівае грамадзян. Аўстралійцы плацяць неймаверныя сумы, каб вярнуць дадому хатніх гадаванцаў — што гэтаму віной? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча.

ПС: Пратэсты супраць беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі працягваюцца ўжо больш за 80 дзён. Цяпер бундэстаг прыняў пакет мер для падтрымкі Беларусі, і ён можа стаць пуцяводным для Еўропы, паведамляе нямецкае выданне Die Welt. На думку нямецкіх парламентароў, прынятых раней санкцый супраць беларускага кіраўніцтва і асоб, адказных за дзяржаўны гвалт на вуліцах, недастаткова. У новым дакуменце не прызнаюцца вынікі выбараў 9 жніўня, выказваецца заклік да ўвядзення санкцый супраць Лукашэнкі і асобаў з ягонага атачэння, а таксама да аказання падтрымкі, у тым ліку фінансавай, грамадзянскай супольнасці Беларусі, людзям, якія пераследуюцца па палітычных матывах, і апазіцыі, у тым ліку Кардынацыйнай радзе беларускай апазіцыі.

Увагі заслугоўвае менавіта гэты апошні пункт, бо ў ім бундэстаг адназначна ўстае на бок апазіцыі. Да таго ж падлягае прыняццю пакет мер, які прадугледжвае канкрэтную дапамогу, якая павінна быць аказана, і пайменна называе дзейных асоб. Прынятая заява можа стаць для Еўразвязу пуцяводнай ў адносінах з беларускай апазіцыяй. Пасля яе прыняцця рэалізацыя мер будзе задачай ўрада Нямеччыны. Першымі крокамі могуць стаць аказанне падтрымкі незалежным СМІ Беларусі, а таксама беларускім СМІ, якія працуюць у эміграцыі, стварэнне стыпендыяльных праграм для студэнтаў і навукоўцаў і не ў апошнюю чаргу візавыя паслабленні для беларусаў. У заяве бундэстага таксама адкрыта ідзе гаворка пра тое, каб падтрымаць Літву і Польшчу ў намаганнях, якія прымаюцца імі ў дачыненні да беларускай апазіцыі.

„Цяпер, праз амаль тры месяцы пасля пачатку пратэстаў, вялікая кааліцыя прымае заяву, у якой яна патрабуе тое, што можна было запатрабаваць ўжо ў жніўні, а менавіта падтрымкі дэмакратычнай апазіцыі Беларусі з дапамогай актыўных прапаноў аб прадастаўленні прытулку актывістам і гуманітарнай дапамозе ахвярам міліцэйскага гвалту”, — заявіла ў гутарцы з Die Welt Рэната Альт, дэпутатка бундэстага ад партыі СвДП.

А цяпер артыкул пра яшчэ адну праблему, якую ўскрыў каронавірус. „Пасля пачатку пандэміі ў далёкіх ад радзімы краінах затрымаліся не толькі 25 тысяч аўстралійцаў. Таксама і сотні хатніх жывёл не могуць вярнуцца дадому з-за абмежаваных авіязносін — хіба што за вельмі, вельмі вялікія грошы, — піша Süddeutsche Zeitung. На борце чартарнага рэйсу з канадскага Ванкувера, прыбыццё якога чакаюць на гэтым тыдні ў аэрапорце імя Кінгсфарда Сміта ў Сіднэі, будуць знаходзіцца 70 асаблівых пасажыраў. У спісе пасажыраў можна знайсці такія імёны, як Пучыні або Роксі — гэта мопсы, джэк-расэл-тэр’еры, сабакі іншых парод і розныя каты. Затым яны палятуць у Мэльбурн, дзе правядуць дзесяць дзён на каранціне, і потым, праз месяцы расстання, выкліканых каронавірусам, зноў ўбачаць сваіх гаспадароў. Каля 17 тыс. аўстралійскіх даляраў, што прыкладна адпавядае 10 тысячам еўра, Алан Сміт заплаціў за тое, каб Пучыні і Роксі атрымалі месца на спецыяльна арандаваным самалёце, распавёў ён у інтэрв’ю аўстралійскаму тэлеканалу Nine. Яго сям’я не бачыла сабак з пачатку года. Па Аўстраліі, якая звязаная з астатнім светам толькі авіялініямі, калапс міжнародных авіязносін ударыў асабліва моцна. У розных краінах свету да гэтага часу знаходзяцца каля 25 тысяч аўстралійцаў, якія пасля пачатку пандэміі не могуць вярнуцца дадому. Не толькі шматлікія авіякампаніі моцна абмежавалі свае міжнародныя перавозкі ці ж зусім спынілі іх, як аўстралійская авіякампанія Qantas. Урад таксама вельмі абмяжоўваў уезд уласных грамадзян у краіну. Каб разгрузіць установы для каранціну, доўгі час у краіну маглі прыязджаць толькі некалькі сотняў аўстралійцаў на тыдзень. Нядаўна Аўстралія аднавіла рэйсы па вяртанні суайчыннікаў, з тых часоў у краіну могуць вяртацца 6 тысяч грамадзян у тыдзень. Нешматлікія авіякампаніі, якія ажыццяўляюць рэйсы на кантынент, прадаюць тую малую колькасць месцаў, якія ім дазволены, па вельмі высокіх коштах і нават ужо выключаюць кліентаў з забраняванымі месцамі ў эканом-класе з спісу браняванняў. Той, хто хоча быць упэўненым у тым, што яго возьмуць на борт, павінен забраняваць квіток як мінімум бізнес-класу, пры гэтым выдаткі на просты пералёт з Еўропы складаюць не менш як 7 тысяч еўра. Тым, хто не можа сабе гэтага дазволіць, міністэрства замежных спраў накіравала спісы з адрасамі прытулкаў для бяздомных у адпаведнай краіне. Тое, што складана ажыццявіць людзям, вядома, аказваецца цяжкім і для жывёл. Яшчэ ў часы да пандэміі каронавіруса ў Аўстралію, якая актыўна агароджвае сябе ад захворванняў накшталт шаленства, было няпроста і нятанна адправіць свайго хатняга гадаванца. Усім жывёлам неабходна было зрабіць прышчэпкі ў краіне вылету, і ў іх павінны быць пры сабе ветэрынарныя дакументы дзяржаўнага ўзору. Ім заўсёды прыходзіцца прылятаць у Мэльбурн і праводзіць там 10 дзён на карантыне ў спецыялізаванай установе, толькі гэта каштуе як мінімум 1 тысячу 200 еўра. Зрэшты, у канцы лістапада Пучыні і Роксі ўз’яднаюцца са сваёй сям’ёй у Адэлаідзе.

Алан Сміт не шкадуе, што выдаткаваў шмат грошай: „Яны частка нашай сям’і, мы не маглі іх пакінуць”, — перадае ягоныя словы Süddeutsche Zeitung.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтаваў Кастусь Багушэвіч.

Беларускае Радыё Рацыя