Агляд прэсы: рост ціску
Палітызацыя беларускай дыяспары. Ці скарыстаецца Пуцін ядзернай зброяй? Двубой Макрона і Ле Пэн. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Зыход 150 тысяч беларусаў з 2020 года – апошняя ў серыі хваляў эміграцыі з краіны, пачынаючы з 19 стагоддзя. Як і кожная новая хваля ў гісторыі беларускай эміграцыі на Захад, яна палітызавала дыяспару і адыгрывае важную ролю ў данясенні дэмакратычных патрабаванняў беларускага народа», – піша еўрапейскае выданне Eurozine.
«Палітычны крызіс, які пачаўся ў Беларусі летам 2020 года, паспрыяў новай хвалі масавай эміграцыі з краіны і палітызацыі беларускай дыяспары. Па наяўных дадзеных, ужо выехалі 3,5% працоўнай сілы Беларусі з 4,3 мільёна чалавек. Працэс таксама не скончаны. Паколькі рэпрэсіі працягваюцца, многія людзі ўсё яшчэ плануюць з’ехаць. У выніку пераездаў існуючыя эміграцыйныя арганізацыі (напрыклад, у ЗША, Швецыі, Вялікабрытаніі і Польшчы) былі ўмацаваны, а таксама былі створаны новыя арганізацыі (напрыклад, у Італіі, Германіі і Чэхіі). Спектр палітычнай дзейнасці, якая праводзіцца за мяжой, сведчыць аб новай беларускай салідарнасці і сведчыць аб важнасці знешне арганізаванага беларускага дэмакратычнага руху. Яго агітацыя вельмі абцяжарыць Аляксандру Лукашэнку балансаванне паміж Расеяй і Захадам. Паколькі рэпрэсіі супраць апазіцыі ўнутры краіны працягваюцца, дыяспара будзе працягваць патрабаваць дэмакратычных пераменаў звонку», – прагназуе еўрапейскае выданне.
На ўсходзе Украіны пачалося шырокамаштабнае наступленне расейскіх войскаў. Як заявіў міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў, пачалася «наступная фаза спецаперацыі». Расейскае войска нарошчвае дынаміку баявых дзеянняў, сітуацыя ў абложаным Марыупалі застаецца катастрафічнай. Прэса з трывогай разважае аб тым, ці не дойдзе справа да прымянення ядзернай зброі.
«Пуцін пагражае ядзернай зброяй для таго, каб утрымаць Захад ад уступлення ў вайну», – піша венгерская газета Népszava.
«Калі Расея раптам паспрабуе атрымаць перамогу над Украінай пры дапамозе ядзернай зброі, дык тады Пуціну ўжо ніколі не адмыцца. Тым не менш, Крэмль па-ранейшаму размахвае ядзерным жупелам, імкнучыся ўтрымаць суседнія краіны, а таксама краіны Захаду, якія падтрымліваюць Украіну, ад удзелу ў вайне. Мяркуючы па ўсім, пакуль што гэтая стратэгія спрацоўвае, аднак сведчанні зверстваў, падобных тым, што былі здзейснены ў Бучы, падвышаюць ступень ціску на заходніх палітыкаў, ад якіх зараз чакаюць, што яны кінуць Маскве больш пэўны і сур’ёзны выклік», – падкрэслівае венгерскае выданне.
Напярэдадні другога тура прэзідэнцкіх выбараў ў эфіры французскага тэлебачання запланаваны вырашальны двубой паміж дзейным прэзідэнтам Эманюэлем Макронам і яго суперніцай з крайняга правага флангу – Марын Ле Пен. Як сведчаць апытанні, больш за 70 працэнтаў выбаршчыкаў не маюць намеру мяняць свайго меркавання і будуць у нядзелю галасаваць згодна з ужо прынятым рашэннем. Як бы там ні было, паядынак мае архіважнае значэнне. Еўрапейская прэса яркімі фарбамі малюе карціну сітуацыі, якая склалася ў краіне.
«Калі ў нядзелю перамогу атрымае Ле Пэн, то Еўропе пагражае глыбокі крызіс», – такое меркаванне выказвае партугальская газета Público:
«Марын Ле Пэн пакідае адкрытай магчымасць правядзення рэферэндуму аб выхадзе Францыі з ЕЗ. Яе першым мерапрыемствам на пасадзе прэзідэнта стане рэферэндум па пытаннях іміграцыі і статусе замежнікаў з мэтай крыміналізацыі і адмены прынцыпу грамадзянства па месцы нараджэння. «Блакітнае цунамі» – яе імя – Марын – можа азначаць абыход палітычных інстытутаў і пышны росквіт папулізму па прыкладзе шляху, ужо зробленаму прэм’ер-міністрам Венгрыі Віктарам Орбанам. Акрамя гэтага, справа можа дайсці да нармалізацыі адносін з Расеяй і нанясення сур’ёзных стратаў франка-германскім адносінам», – прагназуе партугальскае выданне.
У велікодныя выходныя ў Швецыі адбыліся беспарадкі: ёсць параненыя, і ўжо заяўлена пра матэрыяльныя страты. Беспарадкі здарыліся пасля таго, як правы экстрэміст і палітык ісламафобскага толку Расмус Палудан абвясціў пра намер зладзіць спаленне Карана. Як у будучыні пазбегнуць паўтарэння падобнага – еўрапейская прэса абмяркоўвае варыянты рашэння праблемы.
Фінская газета Ilta-Sanomat піша пра тое, якія высновы з гэтай гісторыі трэба зрабіць Фінляндыі.
«Важна разумець, што ў сваёй іміграцыйнай палітыцы Фінляндыя і Швецыя зусім розныя. У Швецыі мігрантаў значна больш, і ў многіх раёнах краіны яны пражываюць кампактна. Праблемы, якія стаяць за гэтымі беспарадкамі, вельмі шматгранныя. У ліку іншых у беспарадках удзельнічалі і асобы, якія прынцыпова жадаюць разбурыць механізм функцыянавання арганізаванага грамадства. Калі ж усё ж паспрабаваць атрымаць нейкія ўрокі з сітуацыі ў Швецыі, то можна сказаць, што на гэтым прыкладзе выразна відаць, наколькі важна працаваць над інтэграцыяй імігрантаў у жыццё грамадства», – заклікае фінскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя