Агляд прэсы: сакрэты Палішынэля
Якая роля Беларусі ва ўварванні Расеі ва Украіну? Вайна ва Украіне: ці змогуць перамовы разрадзіць сітуацыю? Палітыка СМІ і цэнзура на вайне. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Лукашэнка ўпарта робіць выгляд, што яго краіна не мае аніякай ролі ў расейскім уварванні ва Украіну, але яго рашэнне танцаваць пад Маскву – гэта яго ўласнае рашэнне», – піша амерыканскае выданне Opendemocracy.
Выданне падкрэслівае, што дзякуючы Лукашэнку расейскія войскі цяпер наўпрост пагражаюць Кіеву. Беларусь стала каналам для наземнага ўварвання ва Украіну, а таксама для ракетных і авіяўдараў, а параненых расейскіх салдат адпраўляюць на лячэнне ў шпіталі Гомельскай вобласці Беларусі. Такая роля мае даволі адназначнае тлумачэнне: у адпаведнасці з рэзалюцыяй 3314 Генеральнай Асамблеі ААН ад снежня 1974 года дзеянні дзяржавы, якая прадастаўляе сваю тэрыторыю для выкарыстання для акту агрэсіі супраць трэцяй краіны, таксама расцэньваюцца як ваенная агрэсія.
«Прасцей кажучы, Лукашэнка не хоча быць уцягнутым у поўнамаштабную вайну, але і стаць здраднікам у вачах Пуціна ён не можа. Абодва варыянты былі б для яго пагібельнымі. Тут трэба разумець, што стаўленне беларусаў і расейцаў да вайны прыкметна адрозніваецца. Паводле розных апытанняў, ад паловы да дзвюх трацін расейскіх рэспандэнтаў так ці інакш падтрымліваюць вайну з Украінай. Між тым апытанне беларусаў Chatham House паказала, што толькі 5% – за ўвод беларускіх войскаў ва Украіну. І гэта на фоне хісткай падтрымкі! Наколькі магутным стане антываенны рух у Беларусі, залежыць ад таго, наколькі далёка зайдзе Лукашэнка ў гэтай вайне. Перамовы між Расеяй і Украінай прадказальна скончыліся нічым. Аднак паводзіны Лукашэнкі вакол гэтага эпізоду даволі адметныя. Відавочна, Лукашэнка хоча быць міратворцам на міжнароднай арэне. Але ўжо позна, і ён ужо ўцягнуты ў гэты канфлікт, ды не кантралюе дзеяньні расейскіх вайскоўцаў, якія знаходзяцца на беларускай тэрыторыі. Вось цана, якую заплаціў Лукашэнка за тое, што трымаўся за ўладу: страта суверэнітэту і ўцягванне ў вайну», – падсумоўвае амерыканскае выданне.
Нягледзячы на ўзмацненне санкцый, ваенныя дзеянні ва Украіне толькі нарастаюць. Становішча мірнага насельніцтва з кожным днём становіцца ўсё больш катастрафічным. Заклікі да новых раўндаў перамоваў пра неадкладнае спыненне агню становяцца ўсё гучней. Ватыкан прапанаваў выступіць пасярэднікам. Еўрапейская прэса настроена скептычна і не верыць у тое, што аднаўленне перамоваў паміж Расеяй і Украінай дасць які-небудзь плён.
Нямецкая газета Der Tagesspiegel мяркуе, што ніякага сэнсу ад гэтых перамоваў не будзе, і мае іншую прапанову.
«Пуцін хоча, каб яго паважалі, у тым, што да ўлады, ён думае састарэлымі гіерархічнымі катэгорыямі. Таму трэба паспрабаваць угаварыць яго пагадзіцца на двухбаковую сустрэчу з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам. Як раней: сам-насам, сустрэча на вышэйшым узроўні паміж лідарамі звышдзяржаў. Падобны антураж адпавядаў бы яго чаканням. Пры гэтым было б неразумна загадзя вызначаць мэты і межы падобнага саміту, паколькі гэта толькі стварала б аргументы, якія можна было б выкарыстоўваць у якасці падставы для зрыву сустрэчы. Што губляць Захаду, Джо Байдэну, ЗША? Практычна няма чаго», – заклікае нямецкае выданне.
Вайна – гэта таксама і барацьба за грамадскую думку. Для таго, каб паставіць заслону распаўсюджванню расейскай прапаганды на Захадзе, ЕЗ мае намер забараніць расейскім дзяржаўным каналам RT і Sputnik вяшчанне на сваёй тэрыторыі. Крэмль забараняе ў сябе ў краіне вяшчанне апазіцыйных радыё- і тэлеканалаў, а таксама ўзмацняе жорсткасць законаў. Не ставячы маштабы цэнзуры на адну дошку, СМІ, як на Захадзе, так і на Усходзе, выступаюць за свабоду слова.
У сваёй перадавіцы дацкая газета Politiken звяртаецца да насельніцтва Расеі на рускай мове.
«Санкцыі, якія зараз ізалююць і руйнуюць Расею, ускладняць вам жыццё. Але мэта не ў тым, каб ударыць па людзях Расеі, а ў тым, каб дапамагчы Ўкраіне і яе народу. Захад па-ранейшаму працягвае руку сяброўства на ўсход, у тым ліку і Расеі. Мы гаворым “НЕ!” крывавай агрэсіі прэзідэнта Пуціна. Мы гаворым “ТАК!” Расеі і народу, які не заслугоўвае забойнага дэспатычнага самадзяржаўя Пуціна. І, як дацкая газета, мы гаворым '”ТАК!” рэальнай і праўдзівай інфармацыі аб агіднай вайне, у якую ваш прэзідэнт прывёў Украіну і ўсю Еўропу», – тлумачыць дацкае выданне.
Вайна ва Украіне дае аб сабе ведаць і ў міжнародным культурным жыцці: расейскі дырыжор Валерый Гергіеў пазбавіўся месца галоўнага дырыжора Мюнхенскага філарманічнага аркестра, пасля таго як адмовіўся публічна дыстанцавацца ад свайго сябра Пуціна. Оперная зорка Ганна Нятрэбка, якая заявіла на гэтых выходных аб сваёй нязгодзе з тым, каб дзеячаў мастацтва змушалі апублікаваць свае палітычныя перакананні, таксама пазбавілася працоўных кантрактаў. Еўрапейская прэса падзялілася ў меркаваннях.
У сваім артыкуле італьянская газета La Stampa адзначае:
«Неабходна захоўваць раўнавагу, і гаворка тут ідзе не пра нейкае паспяховае балансаванне, а пра этычны і палітычны такт і чуласць, якія з’яўляюцца значнай прыкметай сталасці дзяржавы. Калі палітычныя лідэры ўзнімаюць на свае галовы каскі, то мы не абавязаны ім падпарадкоўвацца. Адзінае, што сапраўды важна: заставацца людзьмі, прычым людзьмі цывілізаванымі. Падвяргаць кагосьці дыскрымінацыі з-за месца яго нараджэння, грамадзянства ці этнічнай прыналежнасці – заўсёды акт расізму і дыскрымінацыі. Мы не жадаем, каб нашыя тэатры, стадыёны, універсітэты, плошчы сталі месцамі, дзе вядзецца вайна», – піша італьянскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя