Агляд прэсы: салідарныя пад ударам
Сусветныя СМІ працягваць праводзіць паралелі паміж пратэстамі ў Беларусі і Расеі. Хрысціяне сталі супольнасцю, якая найбольш зведвае пераследы ў многіх краінах.
Названыя найбольш і найменш паважаныя прафесіі у свеце. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі:
– Канадскае выданне The Globe and Mail адзначае ідэйную скаапераванасць пратэстных рухаў у Беларусі і Расеі. Так, у нядзелю, апошні дзень студзеня, «ад Уладзівастока на Далёкім Усходзе да беларускай сталіцы Менску прагучаў адзін і той жа рускамоўны вокліч аўтарытарным кіраўнікам іх краін: „Сыходзь!”.
Аўтар матэрыялу Марк Макінан падкрэслівае спадзеў беларусаў на тое, што пратэстны рух Расеі можа навучыцца менавіта на прыкладзе Беларусі.
«Паміж рухамі пратэсту ёсць не толькі салідарнасць», – піша канадскае выданне. Гэта два асобныя пытанні, але відавочна, што сітуацыя ў абедзвюх краінах уплывае адна на адну. Падкрэсліваючы сувязі паміж апошняй хваляй пратэстаў у Расеі і пратэстамі у суседняй Беларусі, дэманстранты ў Маскве і ў іншых месцах гукалі: „Жыве Беларусь!” у знак салідарнасці. Пратэстоўцы ў абедзвюх краінах паўсюдна прымяняюць песню «Перамен» савецкага рокера Віктара Цоя перыяду перабудовы, як гімн іх руху.
* * *
Агенцыя Еўразвязу па бяспецы знешніх межаў Frontex прыняла рашэнне пакінуць Венгрыю. Тым самым агенцыя адрэагавала на тое, што Будапешт адмаўляецца выконваць пастанову Еўрапейскага суду, які ў снежні абвясціў венгерскую сістэму прадастаўлення прытулку супрацьпраўнай і, у прыватнасці, спаслаўся на незаконныя дэпартацыі мігрантаў у Сербію. На думку нямецкага выдання Deutschlandfunk, такі крок Frontex наўрад ці прымусіць Будапешт пераглядзець сваю пазіцыю.
“Такі сыход не адменіць таго факту, што агенцыя Frontex цэлыя чатыры з паловай гады працавала плячом да пляча з Венгрыяй, які намераны працягваць сваю супрацьпраўную практыку. … На саступкі такая дзяржава, як Венгрыя, пойдзе толькі ў тым выпадку, калі ёй будуць пагражаць сур’ёзныя фінансавыя страты. Адзін з магчымых варыянтаў – наступны: Еўракамісія магла б падаць заяву на ўвядзенне падобных санкцый у Еўрапейскі суд, прычым зрабіць гэта трэба як мага хутчэй. Іншым варыянтам магло б стаць прымяненне толькі што ўведзенага ў ЕЗ механізму ў абарону вяршэнства права – меры, якой шмат хто ў Еўразвязе гэтак ганарыцца,» – заўважае нямецкае выданне.
* * *
Французскі часопіс Valeurs actuelles папярэджвае, што хрысціяне на сёння – самае прыгнятальная супольнасць у свеце. У 2020 годзе колькасць хрысціян, якія сутыкнуліся з перасьледам узрасла да 340 мільёнаў чалавек. Царква, якая апынулася ў гаротным становішчы, мае патрэбу ў маральнай, духоўнай і матэрыяльнай падтрымцы гуманітарных асацыяцый і міжнародных СМІ.
У адных дзяржавах (Кітай, Індыя, Іран) яны сутыкаюцца з ціскам дзяржавы, а ў іншых (Ірак, Малі) іх жыццё пад пагрозай з боку фундаменталісцкіх мусульманскіх груповак. Нарэшце, у некаторых краінах (напрыклад, у Венесуэле) царква – адзіная арганізацыя, якая ўсё яшчэ аказвае дапамогу людзям у нястачы.
* * *
Брытанскае выданне YouGov апублікавала вынікі даследавання грамадскай думкі з нагоды найбольш і найменш паважаных прафесій у свеце. У апытанні ўзялі ўдзел больш за 22 тысячы рэспандэнтаў з 16 краін. Беларусь у даследаванні не ўдзельнічала.
Пытанне, на якое адказвалі ўдзельнікі апытання, быў сфармуляванае наступным чынам: «Калі не ўлічваць пандэмію каронавірусу ўвогуле, наколькі б вы былі задаволеныя або незадаволеныя тым, што вашае дзіця працавала бы на такой працы?».
У выніку найбольш паважанымі прафесіямі сярод жыхароў краін-удзельніц сталі навуковец, лекар, архітэктар, старшы мэнэджар у буйной кампаніі і юрыст.
Найменш паважанымі сярод спісу прафесій, уключаных у даследаванне, сталі шахцёры. Таксама нізкія адзнакі атрымалі прафесіі супрацоўніка кол-цэнтру, кіроўцы грузавіка, рабочага на заводзе і блогера ў сацсетках.
Беларускае Радыё Рацыя