Агляд прэсы: Самаўнушэнне палітыкай



Цэнтр першаснага прыёму ў Брандэнбурзе: палова бежанцаў прыбывае праз Расею і Беларусь. Сустрэча міністраў замежных спраў краін ЕЗ у Кіеве. Якая дапамога патрэбна Нагорнаму Карабаху і Арменіі? Як адстаўка спікера выклікала хаос у Палаце прадстаўнікоў ЗША? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Маршрут праз Расею і Беларусь у Еўропу (Германію) паступова становіцца асноўным маршрутам нелегальнай міграцыі. За ўцёкі кантрабандысты бяруць з бежанцаў па некалькі тысяч еўра. Яны ўвесь час мяняюць маршруты — апошні ідзе праз Расею ў Нямеччыну. «Нямецкія эксперты мяркуюць, што размова ідзе аб сумеснай акцыі Менска і Масквы: з Сірыі людзей арганізавана завозяць у Расею, затым перапраўляюць у Беларусь і далей у Еўропу», – аналізуе сітуацыю нямецкае выданне Der Stern.

«Сітуацыя прынцыпова адрозніваецца ад 2021 года: калі два гады таму РФ падтрымлівала саюзніка ў яго «міграцыйнай авантуры», але рэйсы ішлі першапачаткова наўпрост ў Беларусь, а Пуцін падкрэсліваў недатычнасць да дзеянняў Лукашэнкі, то цяпер Масква сама выходзіць на першы план, дзейнічае адкрыта і выкарыстоўвае свой уплыў і магчымасці ў Сірыі. Вядома, што падчас падзей 2021 года асноўным напрамкам была не Сірыя, а іракскі Курдыстан. Для ЕЗ гэта вялікі галаўны боль. Перакрыць паток нелегальных мігрантаў у Беларусь было даволі проста, што і было зроблена. Улічваючы павелічэнне колькасці прыбыццяў, федэральны міністр унутраных спраў Нэнсі Фэзер (SPD) пагадзілася на ўзмацненне сумеснага кантролю з Польшчай і Чэхіяй з мэтай арышту кантрабандыстаў. Аднак справіцца з сумеснай акцыяй Масквы і Менска, у якой Беларусь толькі адное, хоць і важнае звяно, будзе куды больш складана», – прагназуе нямецкае выданне.

agliad presy_world_adbiuka ap_jk

У панядзелак у Кіеве прайшла сустрэча міністраў замежных спраў краін Еўразвяза; удзельнікі прыбылі туды начным цягніком. Гэта – першы саміт супольнасці, які праходзіць за яго межамі. Як выказаўся Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль, гэта – «гістарычная сустрэча», якая пасылае Кіеву сігнал салідарнасці і падтрымкі. Прэса разважае пра тое, у якой ступені саміт стаў доказам гэтай падтрымкі, і як ідуць справы са згуртаванасцю Захаду. «Адных толькі слоў салідарнасці ўжо недастаткова», – падкрэслівае міланская газета Corriere della Sera.

«Спачатку такія паездкі яшчэ здаваліся вельмі незвычайнымі, хвалюючымі і рызыкоўнымі місіямі. Цяпер гэта ўжо не так. Напрыклад, у парадку дня пазаўчарашняга саміту не было ніводнай тэмы, якая засталася б у памяці. І сапраўды, вырашаць нічога не трэба было, а таму сусветныя СМІ маглі казаць аб «станоўчай атмасферы». Адзіным непрыемным сюрпрызам стала адсутнасць венгерскага і польскага міністраў. Куды вялікім выклікам будзе саміт, які адбудзецца паслязаўтра ў Гранадзе\, і на якім пытанне ўваходжання Украіны ў ЕЗ нельга будзе абысці бокам. Ці не прыйшоў час прымаць рашэнне?, – заклікае вядучае італьянскае выданне.

agliad presy_world news_adbiuka zvanochak_j

Пасля таго як Азербайджан аб’явіў аб устанаўленні кантролю над тэрыторыяй Нагорнага Карабаха, абвешчаная там у 1991 годзе, але не прызнаная міжнароднай супольнасцю Рэспубліка Арцах спыняе сваё існаванне. Як заявіў сам Сцяпанакерт, да 1 студзеня 2024 года ўсе яе структуры і інстытуцыі будуць распушчаны. Большая частка армян – у цэлым каля 120 тысяч чалавек – ужо пакінула свае дамы, ратуючыся ўцёкамі. «Запланаваныя Еўразвязам пяць мільёнаў еўра на гуманітарную дапамогу – гэта занадта мала», – абураецца берлінская газета taz.

«Пасля таго як Еўразвяз за мінулыя некалькі месяцаў практычна без якіх-небудзь каментараў змірыўся з блакадай Азербайджанам Лачынскага калідора – адзінай транспартнай артэрыі паміж Арменіяй і Нагорным Карабахам – і бадзёра працягваў закупляць у газавай аўтакратыі яе газ – хоць усё ўжо паказвала на эскалацыю – цяпер ЕЗ у чарговы раз дэманструе, што становішча армян яму, хіба што, абыякавае. Прычым становішча не толькі палітычнае, але, нажаль, і гуманітарнае», – адзначае нямецкае выданне.

agliad presy_world_adbiuka ap_jk

Ніжняя палата Кангрэса ЗША ўпершыню адправіла старшыню ў адстаўку. За выхад спікера Кевіна Макарці прагаласавалі 216 кангрэсменаў, супраць — 210. Большасць у палаце прадстаўнікоў кантралююць ягоныя аднапартыйцы — рэспубліканцы. Аднак восем чалавек далучыліся да дэмакратаў, якія выступалі за тое, каб Макарці пакінуў сваю пасаду. Ужо былога спікера не раз крытыкавалі з-за кампрамісу з адміністрацыяй Джо Байдэна. Ён пайшоў на яго, каб прыняць бюджэт і пазбегнуць шатдаўна, гэта значыць часовага спынення працы ўрада. Да таго ж, супернікі Макарці сцвярджалі, што ён нібыта ўзгадніў з прэзідэнтам «сакрэтную здзелку» аб фінансаванні Украіны. «Хаос у Палаце прадстаўнікоў» – з такімі загалоўкамі 4-га кастрычніка выйшлі найбуйнейшыя амерыканскія і брытанскія СМІ. «Адстаўка Макарці стала кульмінацыяй жорсткай барацьбы за ўладу, якая працягвалася ўсе дзевяць месяцаў яго знаходжання на пасадзе», – піша амерыканская газета The Washington Post.

«Прычым яе ініцыятарамі сталі вельмі правыя члены рэспубліканскай партыі, у прыватнасці, кангрэсмен ад Фларыды Мэт Гетц. Палітык сцвярджаў, што здзелка ўжо былога спікера з дэмакратамі падрывае прынцыпы партыі. Сам былы спікер заявіў журналістам, што тое, што адбылося – асабістая помста Гетца за судовы перасле яго па падазрэнні ва незаконным ужыванні наркотыкаў і нямэтавым выкарыстанні сродкаў перадвыбарнай кампаніі. Галасаванне за адстаўку спікера паказала непрымірымыя супярэчнасці ў Кангрэсе. Цяпер галоўнае пытанне, ці зможа нехта заручыцца падтрымкай, каб кіраваць некіравальнай большасцю рэспубліканскай партыі», – адзначае амерыканскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Час: 0436

2023-10-05_volha_siamashka_ahliadSMI_foty