Агляд прэсы: сапсаваныя вайной



Ці стане Беларусь трамплінам для расейскага ўварвання ва Украіну? Крызіс вакол Украіны: ці не час Берліну вызначыцца? Кітай увёў санкцыі супраць Літвы. Зімовая Алімпіяда 2022: ва ўсіх сэнсах унікальныя гульні. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Засцярогі, што Расея выкарыстае Беларусь для ўварвання ва Украіну, растуць, бо Менск абвясціў аб разгортванні войскаў для правядзення вайсковых вучэнняў з Масквой каля ўкраінскай мяжы. Лукашэнка заявіў, што рыхтуецца адправіць «поўны кантынгент беларускіх войскаў» на амаль 700-мільную мяжу з Украінай. Сітуацыя прывяла Кіеў і Менск да найгоршага моманту ў іх адносінах з моманту атрымання краінамі незалежнасці 30 гадоў таму», – падкрэслівае міжнароднае аналітычнае выданне Eurasiareview.

У матэрыяле адзначаецца, што Кіеў быў асабліва асцярожны ў дачыненні да крокаў супраць свайго суседа пасля спрэчных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і наступных падзей.

«Украіна ніколі не ўводзіла супраць Беларусі буйнамаштабныя сектаральныя санкцыі, а абмежавалася персанальнымі забаронамі, не ставячы пад пагрозу іх агульныя эканамічныя адносіны. Заявы ўкраінскіх чыноўнікаў адносна Беларусі таксама часта былі больш стрыманымі ў параўнанні з заявамі палітыкаў ЕЗ. Акрамя таго, нягледзячы на шматлікія прапановы, украінскія чыноўнікі так і не правялі сустрэчы на высокім узроўні з Ціханоўскай – галоўнай апаненткай Лукашэнкі. Беларусь мае дадатнае сальда ў гандлі з Украінай, прычым апошняя з’яўляецца ключавым імпарцёрам нафтапрадуктаў, у тым ліку дызельнага паліва, якое сілкуе ўкраінскую армію. Сапсавала адносіны забарона Украіны на беларускія палёты пасля затрымання Рамана Пратасевіча. Менск пачаў мяняць свой падыход і ісці на саступкі Расеі па найважнейшых пытаннях, звязаных з Кіевам. У абмен на падтрымку Расеі Лукашэнка адмовіўся ад нейтральнай пазіцыі і паабяцаў, што беларуская армія гатовая ваяваць разам з Расеяй на Данбасе на ўсходзе Украіны. Нават калі вайны можна пазбегнуць, адносіны паміж Кіевам і Менскам, здаецца, дасягнулі кропкі невяртання», – адзначае міжнароднае выданне.

Міжнародныя партнёры папракаюць Нямеччыну ў тым, што яна не аказвае дастатковага ціску на Маскву. Так, федэральны канцлер Шольц толькі пасля доўгіх ваганняў заявіў пра тое, што трэба разгледзець магчымасць санкцый супраць «Паўночнага патоку-2», яшчэ не адобранага нямецкім рэгулятарам. Нямеччына таксама па-ранейшаму абвяргае ідэю паставак зброі для Украіны. Алею ў агонь падліў і экс-канцлер Герхард Шродэр, які займае цяпер пасаду старшыні рады дырэктараў кампаніі «Раснафта». Ён заявіў, што шашкай у дадзеным выпадку размахвае Кіеў. Аглядальнікі вылучаюць свае тэорыі наконт таго, чаму ў Берліне адсутнічае кансэнсус адносна сітуацыі вакол Украіны.

«Невыразная пазіцыя нямецкага ўраду вельмі красамоўная», – адзначае чэшская газета Lidové noviny.

«Перад выбарамі цяперашні канцлер Олаф Шольц пафасна заяўляў, што тыя, хто «закажуць» яму дакладнае кіраўніцтва, яго і атрымаюць. Аднак замест гэтага яго ўрад па-ранейшаму спрабуе стварыць уражанне, быццам адзіным адказам на імперскі апетыт Расеі можа быць толькі працяг дыялогу і супрацоўніцтва, а зусім не пагроза «суровымі санкцыямі», зрэшты, аніяк канкрэтна не абазначанымі. І пажадана такімі, якія ніяк не пашкодзілі б Нямеччыне. Так, Берлін мае намер адправіць пяць тысяч касак для ўкраінскага войска. А чаму б адразу не накіраваць туды палявыя кухні? Яны ж таксама насілі б толькі абарончы характар!», – іранізуе чэшскае выданне.

Не прайшло і паўгады з моманту рашэння літоўскіх уладаў адкрыць у Вільні дыпламатычнае прадстаўніцтва Тайваня, як эканоміка краіны пачала адчуваць на сабе наступствы: Кітай увёў санкцыі. У сувязі з гэтым ЕЗ адкрыў разбор у ВТО. У самой Літве расце незадаволенасць, асабліва сярод прадстаўнікоў бізнесу і апазіцыйных палітыкаў.

«Страх дзелавых колаў перад Кітаем уяўляе сабой пагрозу для дэмакратыі», – лічыць літоўская газета LRT.

«На жаль, літоўскія кампаніі, якія перажываюць ціск з боку Кітая, не супрацоўнічаюць з літоўскімі і еўрапейскімі ведамствамі, якія збіраюць інфармацыю аб незаконных санкцыях. Але чаго мы жадаем ад бізнесменаў маленькай краіны, калі нават бізнес-гіганты і асацыяцыі ў самой Нямеччыне не супрацоўнічаюць па гэтым пытанні? Усе баяцца. Хіба кампаніі, якія плацяць падаткі ў Літве і прасоўваюць грамадзянскую супольнасць, але на самой справе сядзяць на кручку ў Пекіна і залежаць ад перападаў яго настрою, не ўяўляюць пагрозы нашай дэмакратыі і незалежнасці? Бо нездарма кажуць: «Лепшы пасол Кітая – гэта нямецкі бізнес», – піша літоўскае выданне.

4-га лютага ў Пекіне пачынаюцца зімовыя Алімпійскія гульні. З прычыны пандэміі каронавірусу спаборніцтвы будуць збольшага праходзіць без гледачоў. У якасці меры засцярогі кітайскія ўлады ўвялі ачапленне на тэрыторыях, якія прылягаюць да месцаў правядзення спаборніцтваў. Многія афіцыйныя асобы з усяго свету таксама не будуць прысутнічаць на гульнях: паводле палітычных ці арганізацыйных прычын.

«Алімпійскія гульні сталі люстэркам новага, антызаходняга свету з цэнтрам у Пекіне», – піша італьянская газета Corriere della Sera.

«Расейскі прэзідэнт, напэўна, будзе выконваць алімпійскае перамір’е і ўстрымаецца ад ваенных дзеянняў ва Украіне, так што калі Еўропа і ЗША і могуць выйграць час, то толькі дзякуючы графіку, устаноўленаму Кітаем. А гэта сведчыць пра тое, што цэнтр свету цяпер зрушыўся. Як толькі алімпійскае перамір’е скончыцца, Пуцін зразумее, што ў яго ёсць тыл. Кітай і Расея знаходзяцца ў працэсе пабудовы фінансавай сістэмы, альтэрнатыўнай даляру. Выкарыстанне кітайскага юаню працягвае набіраць абароты. Іншыя краіны – ад Ірана да Венесуэлы – ужо прадэманстравалі, што ў стане змякчыць эфект санкцый ЗША», – падсумоўвае італьянскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка