Агляд прэсы: сэрцы трох
Чаму радыкальныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі не штурхнуць Менск пад крыло Масквы. Еўропа з нецярпеннем чакае на новыя каардынаты ад Бундэстагу. Зіма будзе халоднай з-за Расеі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Амерыканскае выданне Jamestown назірае за тым, як «раззлаваныя рэпрэсіўнымі крокамі Лукашэнкі і дзеля таго, каб быць на правільным баку гісторыі, заходнія ўрады ўвялі супраць Беларусі жорсткія санкцыі. Аднак у значнай ступені яны ўстрымаліся ад яшчэ больш жорсткіх дзеянняў з-за засцярогаў, што такія крокі зацягнуць Беларусь далей у абдымкі Крамля». Выданне адзначае, што Захад пакуль не вызначыўся, чаго менавіта ён спадзяецца дасягнуць у Беларусі. Больш за тое, санкцый, якія ён цяпер уводзіць, будзе недастаткова для таго, каб выклікаць эканамічны або палітычны крах, істотнае паляпшэнне паводзін рэжыму Лукашэнкі ці палітычнага паўстання, якое неабходна для таго, каб выклікаць змяненне рэжыму.
«Заходнія краіны хочуць паляпшэння рэжыму Лукашэнкі, што, па сутнасці, немагчыма. Еўропа і ЗША маглі б знішчыць беларускую эканоміку, калі захочуць. Аднак павінна быць зразумела да канца, чаго яны хочуць і якія маюць намеры наагул. Захад пакуль не гатовы зрабіць крокі, але як паказвае вопыт Расеі, аўтарытарныя рэжымы могуць цярпець нулявы ці нават адмоўны рост на працягу доўгага перыяду часу. Крэмль жа імкнецца рухацца наперад па рэалізацыі Дагавора аб Саюзнай дзяржаве з Беларуссю, аднак на самай справе не хоча праблем, якія спараджаюць дэ-юрэ і дэ-факта зліццё дзвюх краін. А таму прычыны для Захаду не прыняць больш жорсткія меры супраць Менску, адсутнічаюць», – рэзюмуе амерыканскае выданне.
Пасля выбараў у бундэстаг паміж палітычнымі партыямі Нямеччыны пачаліся перамовы з нагоды фарміравання кааліцыі. Пытанне аб тым, каму дастанецца крэсла федэральнага канцлера, да гэтага часу застаецца адкрытым. Прэса, тым не менш, ужо будуе здагадкі, якім чынам вынікі гэтых выбараў могуць паўплываць на розныя краіны ЕЗ і Еўропу ў цэлым. Большасць аглядальнікаў сыходзіцца ў тым, што асаблівых зменаў чакаць не варта, і не ўсе з іх гэтаму рады.
«Трохпартыйная кааліцыя аслабіць уплыў Германіі», – мяркуе украінскае выданне LB.ua.
«Любы трохпартыйны кабінет будзе значна слабейшы за двухпартыйны ўрад пры Ангеле Мэркель, і, адпаведна, новаму канцлеру давядзецца ўзгадняць значна большую колькасць пазіцый. Мы прывыклі казаць, што свабодныя дэмакраты і зялёныя – рашучыя праціўнікі, да прыкладу, «Паўночнага патоку-2». Але як гэтая рашучасць будзе працаваць у саюзе з СДПГ, дзе любы новы канцлер разумее, што адзін з партнёраў можа ў любы час пакінуць кааліцыю? Атрымліваецца, што пры такім раскладзе сілаў моцнага канцлера ў Нямеччыне яшчэ не будзе доўгі час. І роля самой Германіі на еўрапейскай і сусветнай арэне перажывае відавочныя змены. Кампраміс будзе зараз не стылем, а надзённай неабходнасцю для ўтрыманьня ўлады і стабільнасці хаця бы на нейкі час», – адзначае ўкраінскае выданне.
«Еўрапейцы падазраюць Расею ў наўмысным скарачэнні паставак прыроднага газу. Кошты растуць – і ёсць асцярогі, што зіма будзе халоднай», – піша нямецкае выданне Die Zeit.
Выданне адзначае, што«Паўночны паток-2» адкрыты, але Нямеччыне пакуль не паступае нічога.
«Трубаправод праз Балтыйскае мора яшчэ павінны сертыфікаваць нямецкія ведамствы. Таксама і Еўракамісія павінна праверыць, ці адпавядае „Паўночны паток – 2” еўрапейскім законам. Для іншых падобных праектаў гэта было фармальнасцю. Але пасля многіх гадоў палітычных спрэчак з нагоды гэтага трубаправоду ўжо няма ніякай упэўненасці», – адзначаецца ў матэрыяле.
«Пры гэтым Еўропа ўжо цяпер востра мае патрэбу ў дадатковым прыродным газе. Попыт рэзка вырас, і плаціць даводзіцца дорага. Тыя краіны, хто залежыць ад газу і не забяспечаны доўгатэрміновымі кантрактамі, цяпер моцна пакутуюць ад энергетычнага крызісу. Італія хоча падтрымаць больш бедныя сем’і трыма мільярдамі еўра, Гішпанія пасля вулічных пратэстаў абвясціла аб заканадаўчым абмежаванні коштаў на энергію, а ў Вялікабрытаніі некалькі энергетычных кампаній ужо абанкруціліся», – піша Die Zeit і падае прагноз аб тым, што ўзімку цэны на газ застануцца на надзвычай высокім узроўні.
«Улетку Ізраіль пачаў прапаноўваць трэція дозы вакцыны Pfizer/ BioNTech асобам старэйшыя за 60 гадоў. Гэта была першая краіна, якая пачала гэтак рабіць. Зараз Ізраіль пачаў прапаноўваць трэцюю дозу ўсім ва ўзросце ад 12 гадоў і старэй, у каго прайшоў гэты перыяд часу. Цяпер пытанне для іншых краін складаецца ў тым, ці прытрымлівацца прыкладу Ізраіля», – піша брытанская газета The Guardian.
Выданне прыводзіць вынікі праграмы трэцяй дозы, якія былі апублікаваныя на мінулым тыдні ў New England Journal of Medicine (NEJM). Яны паказалі, што праз два тыдні пасля таго, як больш за 1,1 млн людзей старэйшых за 60 атрымалі сваю трэцюю дозу, у іх становіцца ў 11,3 разы менш шанцаў заразіцца выключна заразным дэльта-варыянтам, які ў цяперашні час пераважае ў Ізраілі і ва ўсім свеце.
«Іншымі словамі, трэція дозы вельмі эфектыўныя для прадухілення заражэння дэльта-варыянтам сярод тых, хто жадае прайсці вакцынацыю. Калі трэцяя доза рэзка зніжае ўспрымальнасць чалавека да інфекцыі, гэта стварае бар’ер для далейшай перадачы і распаўсюджвання вірусу», – рэзюмуе брытанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя