Агляд прэсы: Сеткі вайны



Менск паказаў замежным дыпламатам дзяцей, выкрадзеных з Украіны. ХАМАС: як дзейнічаць Ізраілю ў дачыненні да Газы? Глабальная гатоўнасць да вайны. Прагнозы росту коштаў на нафту. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Беларускія дзяржаўныя СМІ апублікавалі фота ўладаў у беларускім горадзе Наваполацку, на якіх група дзяцей, вывезеных з акупаваных Расеяй раёнаў Украіны, была паказана для замежных дыпламатаў. Беларускія ўлады сцвярджаюць, што ў двухдзённы візіт увайшлі 18 замежных дыпламатаў з дзяржаў, уключаючы, але не абмяжоўваючыся імі, Кітай, Індыю, Сірыю, Пакістан, Катар, Мазамбік і некалькі постсавецкіх дзяржаў», – піша ўкраінскае выданне The Kyiv Independent.

«Акрэдытаваныя ў Беларусі дыпламаты наведалі месцы ўтрымання 44 дзяцей з украінскіх гарадоў Лісічанск і Севераданецк, а таксама агледзелі жылыя памяшканні і месцы вучобы дзяцей, якія яны наведваюць разам з беларускімі аднагодкамі. МЗС Украіны папярэдзіў аб такім візіце 30 верасня, адзначыўшы, што Менск скіраваны на легалізацыю незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны. Згодна з міжнародным правам, прымусовая дэпартацыя дзяцей можа кваліфікавацца як ваеннае злачынства», – падкрэслівае ўкраінскае выданне.

***

Пасля крывавага нападу ХАМАС на Ізраіль урад апошняга мае намер скончыць з гэтай ісламісцкай тэрарыстычнай групоўкай. Сектар Газа падвяргаецца бамбардзіроўкам, тэрыторыя зачынена на ўезд і выезд, абмяркоўваецца наземны наступ. Сектару Газа адключылі падачу вады і электрычнасці – гэтыя дзеянні раскрытыкаваліся з боку ААН. ЗША запатрабавалі выконваць «правілы вядзення ваенных дзеянняў». Нямецкая газета Frankfurter Allgemeine Zeitung лічыць асцярогі і заклікі з боку ЗША і ААН справядлівымі.

«Бачная вялізная занепакоенасць тым, што ў сваёй рэакцыі Ізраіль можа зайсці занадта далёка, а гэта ў сваю чаргу негатыўна адаб’ецца на другім, вельмі важным фронце, а менавіта барацьбе за сусветную грамадскую думку. Міністр энергетыкі Ізраіля заявіў, што не варта тут чытаць маральныя пропаведзі Ізраілю. І сапраўды, такія зараз не да месца, бо і самому Захаду варта падумаць аб наступствах ваенных аперацый для грамадзянскага насельніцтва. Але дакладна тое, што Байдэн сказаў Нетаньяху: дэмакратыі мацней, бяспечней і больш упэўненыя, калі яны дзейнічаюць па прынцыпах прававой дзяржавы, і менавіта гэта адрознівае іх ад тэрарыстаў», – піша нямецкае выданне.

***

Апошнімі днямі выходзіць шмат артыкулаў пра геастратэгічную падаплёку новай вайны, выкліканай нападам ХАМАС на мірных грамадзян і абарончыя ўмацаванні Ізраілю. Прадметам асаблівай увагі стала роля, якую ў тым, што адбываецца, гуляе Іран. «Паглядаюць аглядальнікі і на Саудаўскую Аравію. Іран можа пачаць дзейнічаць рукамі Хезбалы», – піша лісабонская газета Público.

«Тэгеран разглядае Хезбалу як стратэгічны інструмент для адбіцця магчымага нападу Ізраіля на свае ядзерныя ўстаноўкі. Мноства фактараў паказвае на тое, што Хезбала можа быць задзейнічана больш непасрэдна. Аперацыя, ажыццёўленая рукамі ХАМАС – падзея, якая мяняе дынаміку сітуацыі на Блізкім Усходзе і можа прывесці да таго, што Іран пяройдзе ад падтрымліваючай і каардынуючай ролі ў канфлікце да больш непасрэднага ўдзелу. І перш за ўсё ў тым выпадку, калі ў выніку контрнаступлення Ізраіля пад пагрозай апынецца само існаванне ХАМАС», – адзначае партугальскае выданне.

***

Пасля нападу радыкальна-ісламісцкага ХАМАС на Ізраіль цэны на нафту ў панядзелак ненадоўга падняліся амаль на чатыры працэнты. Ці мажліва разрастанне канфлікту па прыкладзе 1973 гады і войны Суднага дня паміж Ізраілем з аднаго боку і Егіптам і Сірыяй з другога, што можа пацягнуць за сабой рэзкі крызіс? Брусэльскі штотыднёвік Trends-Tendances таксама заклапочаны роляй Ірана.

«У выніку эмбарга з боку ЗША Іран не з’яўляецца важным гульцом на нафтавым рынку, але ўсё ж на яго долю прыпадае каля трох працэнтаў сусветнага рынку нафты. Тры працэнты – гэта няшмат, але мяркуючы па тым, у якім напружаным становішчы зараз знаходзіцца рынак, на рахунку кожны працэнт. І ў такім выпадку ўзнікае занепакоенасць наконт Армузскага праліва, які кантралюецца ў тым ліку і іранцамі і па якім транспартуецца дваццаць працэнтаў сусветных запасаў нафты. Што адбудзецца, калі Армузскі праліў будзе зачынены?», – задаецца рытарычным пытаннем бельгійскае выданне.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя