Агляд прэсы: сезон чырвоных сцяжкоў
Беларускі наступ Пуціна. Энэргетычная вайна ў Еўропе. У Францыі лібералы і правыя счапіліся ў перадвыбарнай сутычцы. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін зноў дастаўляе непрыемнасці Еўропе, спачатку засяродзіўшы войскі на мяжы з Украінай, а зараз – крызісам бежанцаў і энергетычнымі пагрозамі праз свайго саюзніка ў Беларусі. Заходняя Еўропа засмучаная, але ў сваёй уразлівасці ёй варта вінаваціць саму сябе», – піша амерыканская газета The Wall Street Journal.
«Прадстаўнікі польскіх сіл бяспекі абвінавацілі беларускія сілы ў дапамозе мігрантам у пераадоленні памежных загародаў. Яны кажуць, што беларускія падраздзяленні нацэльвалі свае вінтоўкі на польскіх вайскоўцаў і імітавалі кіданне гранат праз мяжу. Сотні мігрантаў спрабавалі прарвацца праз польскую мяжу на гэтым тыдні, і тысячы застаюцца ў лагеры паблізу. Некаторыя памерлі ад нізкіх тэмператур. Цяпер Лукашэнка разыгрывае і карту энергапаставак», – гаворыцца ў артыкуле.
«Гэта ўсё нагадвае натхнёную Пуціным гібрыдную палітычную кампанію. Намер складаецца ў тым, каб дэстабілізаваць Польшчу і яе суседзяў, у той жа час выклікаўшы раскол ўнутры ЕЗ. Аднак пакуль відавочны адваротны вынік. Сварка Варшавы з Бруселям па пытаннях вяршэнства закону цяпер адышла на другі план, і Брусель справядліва ўсклаў віну за гуманітарны крызіс на Беларусь-марыянетку, якую кантралюе Расея», – адзначае The Wall Street Journal.
Газета запэўнівае, што «лепшы кароткатэрміновы падыход – увесці больш жорсткія санкцыі ў дачыненні да такіх тавараў, як экспарт калійных угнаенняў, і аказаць ціск на краіны Блізкага Усходу, каб яны прыпынілі палёты ў Менск. У канчатковым выніку Еўропе давядзецца зменшыць сваю залежнасць ад расейскай энергіі. Скончыць з трубаправодам «Паўночны паток-2» было б добрым пачаткам, калі ў кагосьці хапіла б смеласці гэта зрабіць».
***
Гішпанская газета La Vanguardia задаецца пытаннем, наколькі вялікі ўплыў Лукашэнкі на энергетычную палітыку Еўропы.
«Учорашняя пагроза прыпыніць пастаўкі газу з Расеі ў Нямеччыну з-за канфлікту наконт бежанцаў, мабыць, пацвярджае пазіцыю Макрона ў дэбатах аб узмацненні ролі атамных электрастанцый. Германія як ніколі раней пакутуе ад сваёй залежнасці ад расейскага газу. Але ўсё не так проста. Учора Францыя сутыкнулася з пазіцыяй цэлай групы партнёраў па ЕЗ (у складзе Германіі, Даніі, Аўстрыі, Люксембургу і Партугаліі), якія лічаць, што атамная энергетыка не можа лічыцца экалагічна чыстай і таму не павінна фінансавацца з боку ЕЗ. На саміце ў Глазга энергетычная вайна стала відавочнай ва ўсю моц», – адзначае гішпанскае выданне.
***
Да прэзідэнцкіх выбараў у Францыі застаецца ўсё менш часу: галасаванне прызначанае на красавік 2022 году. У панядзелак прайшоў першы тэледвубой кандыдатаў ад кансерватыўнага лагеру. У аўторак прэзідэнт Макрон выступіў па тэлебачанні з прамовай, якую таксама можна расцаніць як прадстаўленне сваёй перадвыбарнай праграмы. Тым часам у лагеры ультраправых у лідэры выбіўся Эрык Зэмур, які па рэйтынгу папулярнасці ўжо апярэджвае Марын Ле Пэн.
У сваім апошнім тэлезвароце Макрон заявіў, што ў выпадку неабходнасці дзяржава адменіць сацыяльныя выплаты беспрацоўным, якія не праяўляюць актыўнасці ў справе пошуку працы. Як адзначае французская газета Libération, з боку прэзідэнта гэта відавочна несумленная перадвыбарная тактыка.
«Было б абсурдна адмаўляць, што такія людзі, як бяздзейныя беспрацоўныя, сапраўды існуюць. Але спрабаваць стварыць уражанне, што такіх – большасць і што гэтая з’ява – асноўны фактар праблем на рынку працы, раўнасільна эканамічнаму падману. Цалкам відавочна, чаго спрабуе дасягнуць Макрон падобнымі выказваннямі: ён не супраць зарабіць балы на тэрыторыі правых, кандыдаты якіх самі сябе дыскрэдытуюць, пераймаючы па пытаннях ідэнтычнасці і бяспекі рыторыку ўльтраправых. Левыя проста шакіраваны падобнымі паводзінамі. І гэта – яшчэ самае малое. Хацелася б, каб левыя зноў паднялі на сцягі прынцыпы працы як каштоўнасці», – заклікае французскае выданне.
***
Усё больш краін Еўропы сутыкаецца з рэзкім ростам статыстыкі заражэнняў кавідам, і зноў уводзяць супрацьэпідэмічныя абмежаванні. Паколькі вынікі кампаніі па вакцынацыі і доля прышчэпленых не дазволілі паставіць заслон распаўсюджванню віруса, з новай сілай загучалі заклікі зрабіць прышчэпкі абавязковымі. Пакуль што ўрады многіх краін устрымліваліся ад гэтай меры, кіруючыся меркаваннямі аб захаванні асноўных правоў і свабод грамадзян. «Парушыць слова – значыць толькі ўмацаваць супернікаў вакцынацыі ў іх скептычнай пазіцыі», – папярэджвае нямецкая газета Süddeutsche Zeitung.
«Тое, што абавязковай вакцынацыі не будзе, урад паабяцаў яшчэ тады, калі вакцын ад Covid-19 не існавала. З таго часу гэтае абяцанне паўтаралася неаднаразова. Парушыць яго азначала б разбурыць давер да ўладаў яшчэ больш, чым і без таго зрабіла пандэмія. Усе тыя, хто да гэтага часу не прышчапіўся, па ўсёй бачнасці, не лічаць каранавірус у дастатковай ступені небяспечным, а таму скептыкі асабліва крытычна назіраюць за дзеяннямі ўраду. Дзяржава не мае права парушыць дадзенае слова, інакш гэтыя людзі яшчэ больш ад яе адвярнуцца», – піша нямецкае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.