Агляд прэсы: Шанец на прымірэнне?



Крэмль і Менск асуджаюць размяшчэнне польскіх танкаў на ўсходняй мяжы. Саміт у Эр-Рыядзе. Дэманстрацыі ў Францыі і Гішпаніі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

У адказ на поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну польскія ўлады абвясцілі ў канцы 2022 года аб намеры амаль падвоіць колькасць сваёй арміі і пачалі шырокамаштабны працэс аснашчэння сваіх сіл сучаснай зброяй. «Гэта прадугледжвае павелічэнне колькасці дывізій да шасці, адна з якіх, «1-я пяхотная дывізія легіёнаў», будзе разгорнута для ўмацавання свайго ўсходняга флангу недалёка ад мяжы з Беларуссю», – піша ўкраінская газета The Kyiv Post.

„Блашчак агучыў намер Польшчы пашырыць і мадэрнізаваць свае сілы абароны яшчэ ў ліпені мінулага года, калі ён сказаў: «Злачынны напад, здзейснены Расейскай Федэрацыяй, нацэлены на Украіну, і непрадказальны характар Пуціна азначае што трэба яшчэ больш паскорыць мадэрнізацыю абсталявання».

Фарміраванне новай дывізіі пачалося ў верасні 2022 года і ў канчатковым выніку будзе складацца з 12 воінскіх частак агульнай колькасцю больш за 30 тысяч чалавек у складзе 4 агульнавайсковых брыгад, 1 артылерыйскай брыгады, 4 вайсковых палкоў і 3 спецыялізаваных батальёнаў. Гэты танкавы батальён дыслакуецца ў Чартаеве, што ў польскім Сямятыцкім раёне, менш чым за 40 кіламетраў ад мяжы з Беларуссю. Ён будзе абсталяваны танкамі K2 Black Panther, набытымі ў Паўднёвай Карэі, у той час як іншыя падраздзяленні новай дывізіі будуць абсталяваны дадатковымі танкамі K2, а таксама танкамі Abram і паўднёвакарэйскімі гаўбіцамі K9 калібрам 155 мм, а таксама іншай сучаснай тэхнікай.

У сваёй заяве на пасвячэнні батальёна Блашчак падвоіў пагрозу з боку Расеі і Беларусі, якую ён акрэсліў у ліпені 2022 года, сказаўшы: «Мы ўсведамляем пагрозы. Мы добра ведаем, што крамлёўскія ўладары пачалі вайну ва Украіне дзеля аднаўлення Расейскай імпэрыі. Гэта заўсёды была пагроза для народаў, якія жывуць па-суседству». Нядзіўна, што Лукашэнка нярвова адрэагаваў на заяву Польшчы пра пашырэнне сваіх узброеных сілаў, а прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў назваў гэта «чарговым крокам да эскалацыі напружанасці», – падсумоўвае ўкраінскае выданне.

* * *

На саміце ў Эр-Рыядзе лідэры Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва (АІС) і Лігі арабскіх дзяржаў (ЛАД) выказаліся за неадкладнае спыненне ізраільскай агрэсіі ў Газе і больш хуткае правядзенне міжнароднай мірнай канферэнцыі. Патрабаванне Сірыі разарваць адносіны з Ізраілем не знайшло ўсеагульнай падтрымкі. Прапанова Ірана накласці нафтавае эмбарга Саудаўская Аравія адхіліла незадоўга да саміту. «Краіны Персідскага заліва кідаюць Палестыну ў бядзе», – такі аналіз ад турынскай газеты La Stampa.

«Адзінства па нафтавым байкоце не дасягнута, бо існуюць асцярогі з нагоды таго, што сёньня гэтыя меры не такія эфектыўныя, як гэта было ў 1970-я гады. Арабы зараз не адзіныя гаспадары нафты, і, самае галоўнае, нафта больш не з’яўляецца найважнейшым энерганосьбітам. З часам абарона нацыянальнага багацця прывяла да таго, што ў ісламскім свеце ўзяла верх асцярожнасць, прычына якой – апартунізм. Палестынцы і на самой справе – пакінуты народ. Да тых, хто кінуў іх у бядзе, занадта часта адносяцца і тыя краіны, якія павінны былі хаця б на словах выказаць сваю падтрымку», – адзначае італьянскае выданне.

* * *

У Францыі больш за сто тысяч дэманстрантаў выйшлі на вуліцы, каб выказаць свой пратэст супраць антысемітызму. Крытыцы падвергнулася правая папулістка Марын Ле Пэн, якая прыняла ўдзел у дэманстрацыі, а таксама той факт, што ні прэзідэнт Эманюэль Макрон, ні левапапулісцкая партыя Непакораная Францыя дэманстрацыю праігнаравалі. Парыжская газета L’Humanité абураная ўдзелам у гэтай дэманстрацыі ультраправых.

«Што ж здарылася з нашай краінай, калі Эрык Земмур мае права з чыстым сумленнем прымаць удзел у гэтай дэманстрацыі? Што ж здарылася з намі, калі самаабвешчаныя абаронцы Рэспублікі апраўдваюць прысутнасць Земмура тым, што барацьба з антысемітызмам «не павінна ператварацца ў палітычнае пытанне»? Якое абуральнае глупства! Як можна паддацца на гэты брудны падман, на гэтую абуральную інструменталізацыю? 12 лістапада стане сімвалам рашучага кроку ў працэсе «нармалізацыі» ультраправых. Хто можа сур’ёзна паверыць у тое, што партыя Марын Ле Пэн, чый былы лідэр неаднаразова асуджаўся за тое, што назваў газавыя камеры «гістарычнымі дэталямі», больш не з’яўляецца антысеміцкай?», – піша французскае выданне.

* * *

У Гішпаніі кансерватыўная Народная партыя мабілізавала сотні тысяч дэманстрантаў, якія выйшлі на вуліцы, каб выказаць свой пратэст супраць запланаванага закона аб амністыі. Ён будзе прадстаўлены Кангрэсу ўжо на гэтым тыдні і закліканы, сярод іншага, даць Іспанскай сацыялістычнай працоўнай партыі Педра Санчэса магчымасць сфарміраваць урад сумесна з левым альянсам Sumar і сепаратысцкімі партыямі Junts і ERC. Сітуацыя патрабуе ад партыйных лідэраў захавання пачуцця меры – так мяркуюць аглядальнікі. «Гэтая дамова заслугоўвае таго, каб ёй далі шанец», – мяркуе дублінская газета The Irish Times.

«Гэтая складаная дамова ні ў якім разе не з’яўляецца саступкай патрабаванням Каталоніі – як пра гэта крычаць гішпанскія правыя нацыяналісты. У яе ёсць вялікая перавага: яна змагла пераканаць найбольш уплывовых прыхільнікаў незалежнасці – прынамсі на дадзены момант – зноў дзейнічаць у канстытуцыйных рамках. Гэтыя каталонцы могуць справядліва сцвярджаць, што палітычная эксплуатацыя Канстытуцыйнага суда Народнай партыяй у 2010 годзе прымусіла іх устаць на шлях новай радыкалізацыі. Бо тады быў адменены статус каталонскай аўтаноміі, ухвалены ў 2006 годзе парламентамі Каталоніі і Гішпаніі, а таксама каталонскімі выбаршчыкамі», – падкрэслівае ірландскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя