Агляд прэсы: “што пнём аб саву, што савой аб пень»
Беларусь як крыніца абсурдных версій. Гісторыя кітайскай вазы, або правал Байдэна ў Жэневе. Чаму маўчыць апазіцыя ў Турцыі? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.
Літоўскае выданне Delfi заклапочана пастаяннай дэзынфармацыяй з боку афіцыйнай Беларусі і паведамляе наступнае: «У апошнія некалькі тыдняў мы шмат чулі пра пасаджаны ў Беларусі самалёт, арышт Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапегі. Але сама інфармацыя здаецца даволі заблытанай, паколькі вялікая яе частка паступае з Беларусі, а літоўскія інстытуцыі падрабязнасцяў увогуле не ведаюць. Для Беларусі і Расеі нармальна прадстаўляць факты ў выгадным для іх выглядзе. Ужо стала традыцыяй, што Беларусь займаецца прапагандай і хоча накіраваць расследаванне ў выгаднае для сябе рэчышча, таму адхіляе карысныя для іх факты».
У артыкуле гаворыцца пра тое, што Лукашэнка дасягнуў стадыі, калі зусім няважна, што будзе рабіць Захад, таму што ён адчувае, што ўсё, што робіць Захад, будзе накіравана супраць яго знаходжання ва ўладзе.
«Знаходжанне ва ўладзе для Лукашэнкі – прыярытэт нумар адзін. Што думае беларускае грамадства і як яно пра гэта думае – пытанне значна больш складанае, таму што грамадства, відавочна, больш за ўсё пакутуе ад таго, што адбываецца: як ад рэжыму, так і ад узмацнення жорсткасці санкцый; гэта таксама адаб’ецца», – лічыць Delfi.
«Калі сустрэча Байдэна з Расеяй удалася, то яго сустрэча з Жэневай правалілася»,– піша швейцарская газета Le Temps.
«Велізарная кітайская ваза замест старога глобуса на маленькім століку, які падзяляў Байдэна і Пуціна падчас іх перамоваў на віле Ла Гранж, выдатна выказала дух гэтай сустрэчы. Яна сімвалізавала недамоўленасці і нагадвала пра адну з мэтаў еўрапейскага турнэ амерыканскага прэзідэнта, якая заключалася ў тым, каб зблізіцца з Расеяй і супрацьстаяць Кітаю. І ўсё ж кітайская ваза сапраўды існуе. Яна знаходзіцца не на Віле Ла Гранж, а на другім беразе возера. Яна стаіць пад шкляной клеткай у Палацы Нацый, дзе наведвальнікі могуць ёю палюбавацца», – намякае швейцарскае выданне на сэрца сістэмы ААН, куды ўжо ўмешваецца Пекін.
Канстытуцыйны суд Турцыі пачаў разгляд позвы аб роспуску левай Дэмакратычнай партыі народаў, якая выступае ў тым ліку і за правы курдаў. Раней партыя стала ахвярай тэрарыстычнай атакі: на офіс арганізацыі ў Ізміры быў здзейснены напад. Ультранацыяналіст уварваўся ў памяшканне і застрэліў супрацоўніцу Дэніз Пойраз. Пасяджэнне праўлення партыі, якое павінна было адбыцца ў тым жа месцы пры ўдзеле 40 чалавек, было адменена незадоўга да гэтага.
«Іншыя прадстаўнікі турэцкай апазіцыі застаюцца ў баку», – з такой крытыкай выступае турэцкае выданне Gazete Duvar.
«Мяркуючы па ўсім, Рэспубліканская народная партыя і цэнтрысцкая «Добрая партыя» і на гэты раз не збіраюцца скарыстацца магчымасцю і аказаць ціск на ўлады ў сувязі з гнюсным забойствам. Замест гэтага, як і ў выпадку значна больш «мяккага» прыкладу антыканстытуцыйнай забароны на алкаголь, уведзенай уладамі на падставе пандэміі ў перыяд Рамадану, у іх раптам цалкам змяніўся настрой: «мы толькі што так прыгожа гулялі ў палітыку, а гэта што яшчэ такое». Падобныя апатычныя паводзіны апазіцыі, якая заве сябе «дэмакратычнай», верагодна, тлумачыцца засцярогамі, што ўлады выганяць людзей на вуліцы, абвесцяць надзвычайнае становішча і адкладуць выбары. Гэтая апазіцыя сядзіць ціха як мыш», – іранізуе турэцкае выданне.
На фоне паніжэння паказнікаў заражэння ў большасці еўрапейскіх краін адмяняюцца абмежаванні, уведзеныя ў сувязі з пандэміяй. Многія аглядальнікі цяпер наракаюць на адсутнасць палітычнай волі да таго, каб выйсці за межы простага вяртання да ранейшага нармальнага жыцця. На думку прэсы, упушчаныя магчымасці тояць у сабе новыя рызыкі.
Фінскае выданне Aamulehti патрабуе правядзення шырокіх грамадскіх дэбатаў.
«Пакуль машына вакцынацыі працуе на поўную катушку, узнікае пытанне: а што ж далей? Свет не будзе такім, якім быў раней, нават калі ўсе будуць прышчэплены ці вернуцца ў свае офісы. Сацыяльныя адносіны разарваныя, псіхалагічнае напружанне занадта вялікае, фінансавае становішча шматлікіх сур’ёзна падарванае, людзі апынуліся па-за сістэмай сацыяльнай абароны. У той жа самы час былі падарваныя прынцыпы вяршэнства права, паколькі абмежаванні не заўсёды былі законнымі і не заўсёды суразмернымі. Толькі цяпер пачынаецца сапраўдная праца. Прадметам дыскусіі павінна стаць прававая дзяржава, якую неабходна прывесці ў належны выгляд для таго, каб у выпадку новага крызісу фундаментальныя правы грамадзян больш не аказваліся пад пагрозай», – настойвае фінскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка