Агляд прэсы: Сімфонія без “аркестра”
Шлях беларускай апазіцыі на радзіму закрыты. Еўропа як расейскае поле эксперыментаў. Чаму Украіна змагла прарваць лінію расейскай абароны? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Нямецкі часопіс IPG аналізуе стан беларускіх дэмсілаў пасля варшаўскай канферэнцыі пачатку жніўня.
«Самая галоўная выснова ў тым, што апазіцыя стала прызнаваць растучую дыстанцыю паміж сабой і большасцю беларусаў унутры краіны. Фокус прыкладання намаганняў ужо адкрыта ссоўваецца ў бок дыяспары. Пра гэта сведчаць анлайн-выбары ў Каардынацыйную раду, няўдзел у афіцыйнай кампаніі-2024, пашпарт Новай Беларусі і г.д. Тое ж тычыцца павесткі дня: адбываецца пераход ад «мы прадстаўнікі ўсіх беларусаў» да «мы лідары актыўнага прадэмакратычнага ядра», мы не баімся сказаць, што мы за Еўразвяз, хаця ведаем, што гэта пазіцыя меншасці беларусаў. Але электаральная логіка больш не рэлевантная, базавай устаноўкай становіцца тое, што ў агляднай будучыні змагацца за галасы ўсіх беларусаў не давядзецца. Доўгатэрміновая стаўка – на той жа вецер гісторыі, які павінен аслабіць рэжымы ў Маскве і Менску. Якімі будуць настроі беларусаў у гэтай новай рэальнасці, невядома. Але да яе наступлення шлях апазіцыі на радзіму ўсё роўна закрыты, а таму страты ад выбару на карысць ЕЗ не такія вялікія.
Рэалізм наконт даўжыні дыстанцыі, што мае адбыцца — гэта добра. Але канцэптуальны крызіс не вырашаны, у паветры на любых канферэнцыях вісіць пытанне, якое не мае добрага адказу: што рабіць прама цяпер, каб наблізіць перамогу? Нейкі час можна рабіць выгляд, што ў санкцыяў яшчэ ёсць патэнцыял знесці рэжым Лукашэнкі. Але чым далей у лес, тым менш людзей у гэта вераць. Дэмсілы ўжо пачалі паніжаць планку сваіх ініцыятыў і амбіцый, але пакуль ім складана прызнаць услых, што з даступных варыянтаў у іх застаецца «троіца ідэй»: нагадваць свету аб праблемах беларусаў, вырашаць іх гуманітарныя праблемы і самазахавацца да лепшых часоў», – канстатуе нямецкае выданне.
Вострасюжэтнае «Вагнер-шоў», якое завяршылася сапраўдным «феерверкам», можна лічыць адзіным буйным расейскім поспехам у інфармацыйнай вайне. На працягу многіх месяцаў сусветныя СМІ падрабязна асвятлялі садызм, нахабства і авантурызм Прыгожына, якія зачаравалі заходнюю публіку. Публічны канфлікт з камандаваннем рэгулярнага войска, паход на Маскву і кіношная развязка – усё гэта падсілкоўвала ілюзіі, страхі і надзеі. «Ілюзія незаменнасці „Вагнера”, надзея на раскол кіроўнай у РФ групы, і адначасова – традыцыйны страх перад «смутай і хаосам» для Захаду. Гэта значыць, усё тое, што перашкаджае рашучым дзеянням для забеспячэння перамогі Украіны», – канстатуе незалежнае расейскае выданне Grani.ru.
«Вагнер» адыгрываў вялікую ролю ў пуцінскім глабальным праекце. Прыгожынскі холдынг адбыўся не толькі як эфектыўны ваенны, паліттэхналагічны і інфармацыйны інструмент экспансіі, але і як міф, «страшылка» для Захаду. Публічная кара мяцежніка з выкарыстаннем ці то ракеты, ці то бомбы (рукамі ці то ВКС, ці то ФСБ) натхняе на развагі аб няўстойлівасці пуцінскай сістэмы ўлады. Прыгожын – пуцінскае альтэр эга. І мы бачым, як экспертны ківач надалей энергічна разгойдваецца паміж карцінкай трыумфу ўсёмагутнага дыктатара і сцэнарам мафіёзнай вайны ўсіх супраць усіх. Але мы не на кінасеансе, а пасярод вялікай еўрапейскай вайны. На нашых вачах машына рускага тэрору пазбаўляецца ад аднаго са сваіх найважнейшых агрэгатаў, але не глухне, а са скрыгатам перазбіраецца. Калі ў захопленай частцы Данбаса адзін за адным падрываліся Бэтмэны, Матаролы і Гіві, акупацыйная групоўка не згарнула тэрор і не спыніла сваё існаванне. Якімі б відовішчнымі ні былі ўнутраныя разборкі, яны не перашкаджаюць Расеі несці прыгнёт і смерць. Ветлівая сустрэча мяцежнікаў у Растове і стыхійныя мемарыялы пасля «забойства» «кіраўнікоў аркестра» гавораць толькі аб гатоўнасці падтрымаць любую ўладу і шчырым захапленні працаўнікамі генацыду. Украінцы, вядома, парадаваліся смерці вядомых тэрарыстаў. І працягнулі цяжкую франтавую працу. Яны ўжо ведаюць, што беспакаранае рускае зло няздольнае да самаліквідацыі, а толькі да самаўзнаўлення», – папярэджвае расейскае незалежнае выданне.
Спецыяліст па ваеннай эканоміцы ваеннай акадэміі Швейцарскай вышэйшай тэхнічнай школы Цюрыха Маркус Койп ужо шмат месяцаў прадказвае стратэгічную ваенную паразу Расеі ў кастрычніку 2023 года. Свой пункт гледжання Койп у інтэрв’ю для нямецкага выдання ZDF не змяняе.
«Калі ВСУ змогуць развіць свой поспех пасля ўзяцця Рабаціна і ў выніку рассякуць паўднёвы фронт, то Расея ў бліжэйшыя тыдні атрымае стратэгічную паразу. Вайна на гэтым не скончыцца і можа працягвацца яшчэ доўга, але расейцы будуць толькі адыходзіць. Той факт, што расейцы адступілі ад Рабаціна і не могуць спыніць прасоўванне ВСУ, кажа на карысць Украіны. Акрамя таго Кіеў усё часцей выбірае выкарыстанне беспілотнікаў для нападу на расейскую глыбінку. Зараз пытанне: ці прайграная расейская вайна ў стратэгічным плане ці не? Адчуваецца, што контрнаступ Украіны дасягнуў свайго максімуму. Наперадзе – прарыў Украіны да Чорнага мора і вяртанне Крыма. Рашэнне па тактыцы ў гэтым раёне будзе прымацца ў самы бліжэйшы час», – прагназуе нямецкае выданне.
Прафесар паліталогіі Калумбійскага ўніверсітэта Цімаці Фрай даследуе расейскую палітыку з дзевяностых гадоў. Ён напісаў некалькі навуковых артыкулаў і кнігу аб будаўніцтве дэмакратычных і рынкавых інстытутаў у Расеі і іншых краінах былога савецкага блока. Незалежнае расейскае выданне «Медуза» друкуе размову з прафесарам і пералічвае асноўныя памылкі, якія дапусцілі расейскія ўлады ў дзевяностыя.
«У сярэдзіне жніўня паплечнікі Аляксея Навальнага (сам апазіцыянер знаходзіцца ў калоніі) апублікавалі яго маніфест аб адказнасці палітыкаў, якія ўдзельнічалі ў кіраўніцтве краінай у 1990-я, за тое, да чаго прыйшла Расея пры Уладзіміры Пуціне. Ідэі Навальнага справакавалі дыскусію.У выпадку з Расеяй вялікай праблемай было тое, што левыя сілы (на чале з кампартыяй) і ліберальныя сілы (на чале з прэзідэнтам Ельцыным) кантралявалі розныя інстытуты і вельмі па-рознаму бачылі тое, як трэба кіраваць краінай і якія меры прымяняць. У той час як у Польшчы, напрыклад, быў такі «мядовы месяц», калі большасць насельніцтва была адзіная ў тым, які напрамак развіцця яны бачылі для сваёй краіны. У Беларусі ж быў пераломны гандаль за кантроль над краінай. Велізарным правалам дзевяностых было тое, што не ўдалося пабудаваць інстытуты, якія маглі б перашкодзіць Пуціну кансалідаваць уладу ў сваіх руках: заканадаўчую ўладу, палітычныя партыі, бізнэс-асацыяцыі, моцныя рэгіянальныя ўлады. У першыя тры гады на сваёй пасадзе Пуцін правёў шмат эканамічных рэформаў, неабходнасць якіх прызнавалі эліты. Але калі ўсталяваліся высокія кошты на нафту, у Пуціна з’явілася магчымасць разабрацца з губернатарамі і бізнэсмэнамі – ён проста змог «купляць» іх аднаго за другім, паасобку», – адзначае расейскае незалежнае выданне.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя