Агляд прэсы: Сімвалічная зачыстка
Расейская вайсковая прысутнасьць у Беларусі складае прыкладна 2000 вайскоўцаў. Польшча на парозе змены ўрада? Вайна на Блізкім Усходзе. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«На пачатак кастрычніка ў Беларусі знаходзілася каля 2 тысяч расейскіх вайскоўцаў», – паведамляе ўкраінскае выданне nv.ua.
«У верасні сітуацыя з расейскімі вайскоўцамі ў Беларусі практычна не змянілася. Акрамя таго, павелічэння колькасці расейскіх войскаў не назіралася і перадумоў для значнага павелічэння на дадзены момант няма. У той жа час частка расейскіх вайскоўцаў працягвае знаходзіцца на наступных ваенных аб’ектах Беларусі. Гэта аэрадромы ў Мазыры і Зяброўцы – да 600 чалавек;
Баранавіцкі радыётэхнічны вузел і 43-і Вілейскі вузел сувязі – да 1 450 чалавек.
Паказальна, што з ліпеня па жнівень 2023 года расейскі вайсковы кантынгент у Беларусі скараціўся прыкладна да 2 100 чалавек. Перад поўнамаштабным уварваннем Расеі ва Украіну рэжым дыктатара Аляксандра Лукашэнкі прадаставіў расейскім войскам для уварвання тэрыторыю Беларусі, адкуль яны, у прыватнасці, спрабавалі атакаваць Кіеў. Таксама расейская армія нанесла ракетныя ўдары па ўкраінскіх гарадах з тэрыторыі Беларусі. Беларускія войскі непасрэдна ў баявых дзеяннях не ўдзельнічаюць, але Украіна асцерагаецца, што Менск можа выкарыстаць свае ўзброеныя сілы для паўторнага ўварвання з поўначы. 7 верасня прадстаўнік Дзяржпамежслужбы паведаміў, што Расея таксама на ратацыйнай аснове вывела кантынгент, які цяпер знаходзіцца ў Беларусі», – піша ўкраінскае выданне.
Хаця, паводле афіцыйных вынікаў парламенцкіх выбараў у Польшчы , правакансерватыўная партыя «Права і справядлівасць» і атрымала больш галасоў, чым іншыя партыі, гэтага ўсё ж недастаткова для фармавання новага ўрада. Затое кіруючую кааліцыю змогуць сфарміраваць апазіцыйныя сілы: ліберальная Грамадзянская кааліцыя Дональда Туска, леваліберальны альянс Трэці шлях і партыя Левыя. «У тым, што ПіС не можа знайсці партнёраў для стварэння кааліцыі, вінаватая толькі яна сама», – лічыць венская газета Der Standard.
«Паспяховая палітыка ў дэмакратычных краінах мае на ўвазе хаця б мінімальны ўзровень камунікацыі з іншадумцамі. Але ў апошнія гады ПіС усё менш і менш была здольная на такога роды зносіны. І перш за ўсё ў выніку перабудовы судовай сістэмы і ператварэння дзяржаўных СМІ ў рупары прапаганды ўрада, таму яна абмежавала працу важных карэкціруючых механізмаў, якія ў канчатковым выніку забяспечваюць стабільнасць дзяржавы ў цэлым. Такое здольна адпудзіць не толькі выбаршчыкаў, але, калі не атрымаецца дамагчыся абсалютнай большасці, і патэнцыйных партнёраў па фармаванні ўрада», – піша аўстрыйскае выданне.
Пасля крывавага нападу радыкальнай ісламскай групоўкі ХАМАС на Ізраіль, войска краіны рыхтуе маштабную наземную аперацыю. Урад Ізраіля заклікаў ўсіх мірных жыхароў пакінуць паўночную частку сектара Газа. Еўразвяз плануе наладзіць паветраны мост для паставак гуманітарнай дапамогі ў Газу, прэзідэнт ЗША Байдэн і канцлер Нямеччыны Шольц маюць намер наведаць Ізраіль. «Крытыкі Ізраіля і на гэты раз не бачаць у пакоі слана», – піша дацкая газета Jyllands-Posten.
«Рука ў руку з прымяншэннем і рэлятывізацыяй зверстваў ХАМАС (маўляў, «Ізраіль сам вінаваты»), як правіла, ідзе патрабаванне таго, што падчас аперацый адплаты Ізраіль не павінен прымяняць неадпаведныя ваенныя сродкі. Гэта ўсё роўна што патрабаваць, каб вайну за выжыванне, якую Ізраілю навязаў ХАМАС, першы вёў са звязанымі рукамі. У Ізраіля, як і ў любой іншай дзяржавы, ёсць права абараняцца, і толькі так, з улікам фактара прысутнасці грамадзянскага насельніцтва. У адрозненне ад ХАМАС, Ізраіль ведае пра такую адказнасць. Аднак не трэба аддавацца ілюзіям: гэты канфлікт можна вырашыць толькі палітычным шляхам», – нагадвае дацкае выданне.
У панядзелак ва ўзросце 86 гадоў памёр былы прэзідэнт Фінляндыі Марці Ахтысаары. Пад ягоным кіраўніцтвам краіна ў 1995 годзе ўступіла ў Эўразвяз. У 2008 годзе ён атрымаў Нобелеўскую прэмію міру за свае заслугі ў справе ўладжвання міжнародных канфліктаў: у 1999 годзе ён угаварыў Слабадана Мілошавіча вывесці войскі з Косава, пад яго кантролем адбывалася раззбраенне паўночнаірландскай групоўкі – Ірландскае рэспубліканскае войска (ІРА), набыццё незалежнасці Намібіяй і падпісанне мірнага пагаднення паміж урадам Інданезіі і паўстанцамі з правінцыі Ачэх, які паклаў канец кровапралітнай грамадзянскай вайне. «Цяпер як ніколі патрэбныя такія асобы, як Ахтысаары», – падкрэслівае фінскае выданне Savon Sanomat.
«Магчыма, досвед уцекача, які Ахтысаары сам перажыў, будучы дзіцем, навучыў яго глядзець на канфлікты вачыма тых, каго яны непасрэдна закранаюць. Па словах яго былога дарадцы Альпа Русі, Ахтысаары быў ідэалістам без ілюзій. Для яго мірнае пасярэдніцтва было практычным вырашэннем праблем, якое здольна прывесці да вынікаў – была б палітычная воля. Ахтысаары зрабіў гуманізм рэальнасцю там, дзе ён быў патрэбны больш за ўсё. Цяпер, калі ў свеце зноў бушуюць войны і канфлікты, нам неадкладна неабходны такія людзі – для працягу гэтай працы», – падкрэслівае фінскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя