Агляд прэсы: сказаць усё



Новая жалезная заслона паміж Беларуссю і Еўропай. Жаночы твар супраціву Афганістану. Выбары ў Германіі: прагнозы Украіны. Еўракамісія мае намер пакараць Польшчу. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Амерыканскае выданне Atlantic Council адзначае, што на мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка выбраў паказальнае месца, каб абвясціць, што ў бліжэйшы час Беларусь атрымае ад Расеі велізарную партыю ваеннай тэхнікі.

«Выступаючы 1-га верасня ў горадзе Бабруйску на ўсходзе Беларусі, дыктатар заявіў, што Расея ў найбліжэйшай будучыні адправіць баявыя рэактыўныя самалёты, верталёты і ракетныя комплексы СПА, магчыма, у тым ліку ракетныя комплексы С-400». Важнасць такой заявы ў Бабруйску павінна быць зразумелая кожнаму, хто сочыць за гульнёй у «коткі-мышкі», якая вялася ў расейска-беларускіх адносінах за апошнія гады. З 10 па 16 верасня запланаваны масавыя сумесныя расейска-беларускія вучэнні «Захад-2021». Прычым пастаянная ратацыя расейскіх сіл склала фактычна пастаянную прысутнасць расейскіх войскаў у Беларусі», адзначае амерыканскае выданне.

Atlantic Council канстатуе, што падобныя «гульні» наўпрост пагражаюць бяспецы Латвіі, Літвы і Польшчы.

«Яшчэ рана казаць пра вяртанне падзеленай Еўропы, але паколькі Беларусь усё больш нагадвае пашырэнне Заходняй ваеннай акругі Расеі, усё, безумоўна, ідзе ў гэтым кірунку. Надаючы атмасферу жалезнай заслоны, Польшча, Літва і Латвія нядаўна пачалі будаваць агароджы з калючага дроту на сваіх межах з Беларуссю ў адказ на крызіс, які стварыў Лукашэнка пры дапамозе незаконных мігрантаў. Расеі няма патрэбы далучаць Беларусь эфектнай аперацыяй у стылі Крыму. І больш не трэба прымушаць Лукашэнку да больш глыбокай інтэграцыі. Пуцінскі рэжым ужо дасягае сваіх геапалітычных мэтаў у Беларусі, выкарыстоўваючы ізаляцыю і ўразлівасць Лукашэнкі для ўстойлівага ўстанаўлення ваенных баз на месцах. Беларусь цяпер з’яўляецца расейскай ваеннай платформай, і Захаду трэба адаптавацца да гэтай рэальнасці, каб абараніць прыфрантавыя дзяржавы NATO”, – піша амерыканскае выданне.

***

Талібы заявілі пра тое, што ўсталявалі свой кантроль над Панджшарскай цяснінай – апошняй правінцыяй краіны, у якой байцы супраціву яшчэ захоўвалі свае пазіцыі. На апублікаваных здымках узброеныя да зубоў байцы Талібану пазіруюць перад рэзідэнцыяй губернатара. Фронт нацыянальнага супраціву Афганістану, аднак, абверг гэтыя паведамленні. Тым часам Талібан ўжо прызначыў першых міністраў ва ўрадзе краіны.

У адрозненне ад талібаў, якія вярнуліся да ўлады, жанчыны краіны змяніліся”, – такім назіраннем дзеліцца аўстрыйская газета Wiener Zeitung.

«Новыя ўладары, як можа здацца на першы погляд, зламалі ў Афганістане ўсялякі супраціў. Таму вялікім сюрпрызам сталі паведамленні аб тым, што ў мінулыя выходныя жанчыны сталіцы выйшлі на акцыі пратэсту і выкрыквалі пратэстныя лозунгі, заглушаючы крыкі талібаў. Для гэтага патрабуецца смеласць, сапраўдная мужнасць. Бо талібы вядомыя сваёй жорсткасцю, і іх абяцанкам таго, што яны, маўляў, змяніліся і маюць намер праяўляць цярпімасць, практычна ніхто не верыць. Гэтыя акцыі пратэсту паказваюць, што 20 гадоў намаганняў, прыкладзеных Захадам, не былі марнымі. Нават калі талібы ў сваіх устаноўках і прынцыпах засталіся тымі ж, якімі былі 20 гадоў таму, многія жанчыны Афганістану змяніліся»,адзначае аўстрыйскае выданне.

***

Да выбараў у германскі бундэстаг засталося ўсяго два з паловай тыдні. Мяркуючы па выніках апытанняў, СДПГ атрымала яшчэ больш шанецаў вырвацца наперад, пакінуўшы ХДС/ХСС ззаду: за сацыял-дэмакратаў гатовыя прагаласаваць 25 адсоткаў выбаршчыкаў, за ХДС – усяго 19 адсоткаў. Зялёным свае галасы гатовыя аддаць 17 адсоткаў.

Украінская газета Українська правда разважае пра тое, якія вынікі выбараў у Германіі былі б найбольш спрыяльнымі для Украіны:

«Для Украіны найбольш жаданым сцэнаром стала бы прызначэнне на пасаду кіраўніка нямецкага знешнепалітычнага ведамства прадстаўніка «Зялёных». А вось схільная да кампрамісаў з Расеяй СДПГ, і ўжо тым больш Левыя, могуць стаць для Кіева сапраўдным выклікам. Зрэшты, як паказалі гэтыя выбары, некалькіх тыдняў можа апынуцца дастаткова для поўнай змены раскладу. А таму не выключана, што выбары ў Германіі нас здзівяць яшчэ не раз», – піша ўкраінскае выданне.

***

Еўракамісія звярнулася ў Еўрапейскі суд з патрабаваннем накласці штраф на Польшчу. Падставай для гэтага з’яўляецца рашэнне Еўрапейскага суду , які пастанавіў прыпыніць дзейнасць Дысцыплінарнай палаты пры Вярхоўным судзе Польшчы. Гэты орган валодае паўнамоцтвамі ажыццяўляць праверкі ў дачыненні да суддзяў і пракурораў, а таксама адпраўляць іх у адстаўку. Урад Польшчы пакуль што гэтае патрабаванне ЕЗ не выканаў.

Нямецкая газета Frankfurter Allgemeine Zeitung расцэньвае гэты крок Еўракамісіі як папераджальны сігнал.

«Еўракамісія ясна дае зразумець, што не пойдзе на кампрамісы ў пытанні вяршэнства права. Канфлікт з нагоды судовай сістэмы Польшчы ўжо даўно не зводзіцца да таго, што юстыцыя краіны аказваецца падпарадкаванай палітычным інтарэсам ўраду. Адкрыта ставячы пад пытанне дастасавальнасць еўрапейскага заканадаўства да Польшчы, урад партыі ПіС ставіць пад сумнеў асновы асноў еўрапейскай інтэграцыі. А таму ў гэтай спрэчцы Еўракамісія на саступкі не пойдзе – у інтарэсах усіх іншых дзяржаў-сябраў ЕЗ, а таксама грамадзян самой Польшчы. Добра, што Еўракамісія пачала дзейнічаць», – тлумачыць прынцыпы еўразоны нямецкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.