Агляд прэсы: скрадзеная перамога



Інтэграцыя з Расеяй не ператворыць Беларусь у расейскую правінцыю, але пахавае яе эканамічную мадэль. Узброены студэнт-юрыст забіў як мінімум 6 чалавек у расейскім універсітэце. Чаму абмежаванні газавых паставак з Расеі выклікаюць усё больш трывогі? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Нядаўнія змены ў працэсе беларуска-расейскай інтэграцыі – гэта плата за палітычнае выжыванне Лукашэнкі, а таксама вынік іншых абставінаў, якія даўно расхіствалі ранейшую беларускую мадэль. Але ці дапаможа гэта Лукашэнку выбрацца з патавай сітуацыі? Чэшскі часопіс Časopis argument разважае пра апошнія тэндэнцыі ў адносінах Беларусі і Расеі.

«Сучасная палітыка Лукашэнкі пацвярджае, наколькі палітычнае асяроддзе і барацьба за палітычнае выжыванне здольныя звузіць прастору для манеўру і паставіць пад пагрозу нават некаторыя ранейшыя поспехі ягонага кіравання. Дарэчы пра тое, што дзейнасць Лукашэнкі на прэзідэнцкай пасадзе нельга ўспрымаць толькі ў чорна-белых танах, СМІ пісалі даўно. Прайшоў год пасля фальсіфікацыі выбараў, а Лукашэнка застаецца ў сядле, аднак яго залежнасць ад Расеі расце, і яго палітычная пазіцыя незайздросная. Пры гэтым ён усё горш адаптуецца да патрэбаў грамадства. Калі да 2020 года Лукашэнка праводзіў палітыку, якая грунтавалася на балансе ўплываў і на лавіраванні паміж заходнімі краінамі і Расеяй, то ў 2021 годзе гэта ўжо не так», – адзначае чэшскае выданне.

Часопіс канстатуе, што ў беларускім грамадстве відавочна ёсць запыт на перамены, а таму падаўжэнне праўлення цяперашнімі сродкамі ставіць пад пагрозу палітычную спадчыну і будучыню краіны.

«Узброены 18-гадовы студэнт юрыдычнага факультэту ў панядзелак адкрыў стральбу ў кампусе расейскага ўніверсітэта, забіўшы, па меншай меры, 6 чалавек і параніўшы 19. Студэнты распавядаюць пра сцэны хаосу, заявіўшы, што яны забарыкадаваліся ў класах і ў жаху чакалі, чуючы стрэлы і крыкі ў сваім будынку. Іншым удалося выратавацца ўцёкамі, выскачыўшы з вокнаў другога паверху. Паліцыя апублікавала відэа, на якім бачна, што калідоры і лесвіца пакрытыя бітым шклом, гільзамі і крывёй», – піша амерыканская газета The New York Times.

Выданне перадае, што той, хто страляў аказаў супраціў пры арышце, але пазней быў паранены і ўзяты пад варту. Затраманы быў апазнаны як студэнт Пермскага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе адбыўся стрэл.

Газета нагадвае, што навіна пра атаку рэзка прагучала на фоне таго, як супрацоўнікі выбарчых камісій завяршалі падлік галасоў на парламенцкіх выбарах, праведзеных на выходных, якія былі азмрочаныя абвінавачваннямі ў фальсіфікацыі і рэпрэсіях супраць апазіцыі.

«Аднак ніякіх папярэдніх прыкмет палітычнага матыву стральбы не было. У Крамлі заявілі, што злачынец, верагодна, быў псіхічна нездаровы, але ад далейшых каментароў адмовіліся. Пасля стральбы ў школе ў траўні прэзідэнт Уладзімір Пуцін распарадзіўся аб далейшым узмацненні жорсткасці расейскага заканадаўства аб валоданні зброяй грамадзянскімі асобамі, павялічыўшы мінімальны ўзрост для набыцця зброі з 18 да 21 года. Гэтае правіла яшчэ не ўступіла ў сілу», –адзначае The New York Times.

Амерыканскае выданне Bloomberg адзначае, што Масква адмовілася браніраваць дадатковыя магутнасці для транзіту газу праз Украіну дзеля таго, каб паскорыць запуск газаправоду «Паўночны паток – 2». У адказ ЗША заклікае Расею хутчэй забяспечыць Еўропу газам менавіта праз украінскі маршрут.

«Адміністрацыя Байдэна адчувае ўсё больш турботы з нагоды абмежаванняў экспарту расейскага прыроднага газу ў Еўропу на фоне засцярог, што ў некаторых еўрапейскіх краін можа папросту не хапіць газу для таго, каб абаграваць жылыя дамы будучай зімой, калі яна апынецца халадней, чым звычайна. Газасховішчы цяпер запоўненыя менш чым на 72%, а да пачатку ацяпляльнага сезона засталося ўсяго некалькі тыдняў. За апошняе дзесяцігоддзе гэта самы нізкі ўзровень для гэтай пары года», – піша амерыканскае выданне.

Паводле Bloomberg прычынай, чаму Расея не паведаміла, чаму яна адмовілася ад браніравання дадатковых магутнасцяў, можа быць дэманстрацыя палітычнага кроку, які робіць Масква, каб паскорыць запуск газаправоду «Паўночны паток – 2», які вядзе ў Нямеччыну без заходу на тэрыторыю Украіны. Злучаныя Штаты выступаюць супраць гэтага газаправоду, будаўніцтва якога ўжо было завершана, аднак нядаўна яны адмовіліся ўводзіць новыя санкцыі супраць кампаніі, якая кіравала будаўніцтвам, і яе кіраўніка, нягледзячы на патрабаванні кангрэсменаў ад абедзвюх партый.

У новым турыстычным сезоне на аўстрыйскіх гарналыжных курортах не прадугледжана практычна ніякіх абмежаванняў для прышчэпленых і тых, хто перахварэў. Толькі тыя, хто перамяшчаюцца на фунікулёры і адпачываюць там, будуць абавязаны насіць маскі FFP2. Аўстрыйская прэса абмяркоўвае новыя правілы, памятаючы пра падзеі на курорце ў Ішгле, якія сталі ў 2020 годзе адпраўной кропкай для распаўсюджвання каронавірусу ў Еўропе.

“Ад таго, як будзе развівацца сітуацыя ў Ішгле, курортным мястэчку з 1600 жыхарамі і 390 гатэлямі, вядомым сваімі вечарынамі, будзе залежыць рэпутацыя Аўстрыі як турыстычнага рэгіёну”, – піша аўстрыйская газета Die Presse.

«У канцы кастрычніка пачынаецца гарналыжны сезон, і з першага ж дня ўсе камеры і мікрафоны свету будуць накіраваныя на Ішгль. Калі ў тырольскіх гарах выявіцца хоць найменшы ачаг заражэння, аб гэтым неадкладна раструбяць усе СМІ. Цяжар старых памылак па-ранейшаму вісіць над намі. І ў канчатковым выніку ніхто не будзе разважаць пра прафілактычныя меры. Усіх будзе цікавіць толькі адно: ці зрабіла гэтая турыстычная краіна высновы з памылак мінулага?», – адзначае аўстрыйскае выданне.

 Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка