Агляд прэсы: Скрозь перашкоды



Беларусь і Егіпет дамовіліся вярнуць верталётныя рухавікі Расеі для Украіны. Еўракамісія: трэба прыняць Украіну ў ЕЗ, нягледзячы на вайну. Турцыя: змена лідара ў найбуйнейшай апазіцыйнай партыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Ілюстрацыйнае фота.

«Расея спрабуе дамовіцца з такімі краінамі, як Пакістан, Егіпет, Беларусь і Бразілія, каб вярнуць ужо пастаўленыя ім сістэмы ўзбраення», – пра гэта піша амерыканскі часопіс The Wall Street Journal са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй.

«Так, у красавіку расейская дэлегацыя наведала Егіпет і папрасіла прэзідэнта Абдул-Фатаха Халіля Ас-Сісі вярнуць больш за сотню рухавікоў для верталётаў Мі-8 і Мі-17, якія раней былі прададзеныя Егіпту. Паводле іх слоў, расейцы папрасілі зрабіць гэта хутка, каб ЗША не даведаліся пра пагадненне. У гэтым годзе Расея таксама спрабавала набыць рухавікі для ўдарных і транспартных верталётаў у Пакістана, Бразіліі і Беларусі. У першым выпадку расейцы прасілі для раней прададзеных Пакістану Мі-35М мінімум чатыры рухавікі, у другім — 12. У 2008 годзе Бразілія заключыла кантракт на набыццё такой жа колькасці верталётаў на 150 мільёнаў даляраў, аднак у мінулым годзе яны былі спісаны з-за неабслугоўвання пастаўшчыком. МЗС Пакістана абверг падобную прапанову ад Расеі, а МЗС Бразіліі заявіў, што адмовіўся выканаць запыт, паколькі краіна не пастаўляе зброю ніводнаму з бакоў канфлікту. Беларусь вярнула 6 рухавікоў для цяжкіх транспартных верталётаў Мі-26. Перамовы аб вяртанні або выкупе зброі асабліва актыўна ішлі падчас контрнаступлення Узброеных сіл Украіны на поўдні і ўсходзе Украіны», – піша амерыканскае выданне.

* * *

Еўракамісія рэкамендавала пачаць перамовы аб уступленні Украіны ў Еўразвяз – нягледзячы на тое, што краіна знаходзіцца ў стане вайны. Гэта першы такі гістарычны прэцэдэнт. Аднак спачатку Кіеў павінен завяршыць бягучыя рэформы, сярод якіх і меры па барацьбе з карупцыяй. Перагаворы таксама плануецца пачаць і з Рэспублікай Малдова. Еўрапейская прэса вітае ініцыятыву, але па-ранейшаму бачыць мноства перашкод – не ў апошнюю чаргу таму, што для рэалізацыі дадзенай рэкамендацыі давядзецца заручыцца згодай усіх краін-членаў супольнасці. «Пераканаць Будапешт у неабходнасці прыняць Кіеў у ЕЗ будзе няпроста», – падкрэслівае рымская газета La Repubblica.

«Венгрыя Віктара Орбана ўжо дала зразумець, што яна дакладна не падтрымлівае гэтую ідэю. Бо венгерскі прэм’ер-міністр ужо даўно стаў прарасейскім таранам у ЕЗ. Гэта значыць, што спачатку трэба дамовіцца з Будапештам, які, напэўна, запатрабуе нешта наўзамен. Дарэчы, менавіта даклад Еўракамісіі падкінуў Орбану козыраў. Патрабаваныя, але яшчэ не ажыццёўленыя рэформы ўключаюць у сябе барацьбу з высокім узроўнем карупцыі, з роляй алігархаў і абарону меншасцяў. І так супала, што ва Ўкраіне якраз пражывае вугорская меншасць», – падкрэслівае італьянскае выданне.

* * *

Кемаль Кылычдараглу, які на працягу 13 гадоў займаў пасаду старшыні кемалісцкай Рэспубліканскай народнай партыі, вымушаны пакінуць сваё крэсла. У маі гэтага года ён прайграў у другім туры прэзідэнцкіх выбараў, уступіўшы дзеючаму прэзідэнту Рэджэпу Тайіпу Эрдагану. А на з’ездзе РНП, які прайшоў днямі, 74-гадовы Кылычдараглу пазбавіўся пасады лідэра партыі, паколькі большасць, і перш за ўсё маладыя дэпутаты, падтрымала кандыдатуру яго саперніка – Азгюра Азеля, які раней узначальваў фракцыю РНП у парламенце. «Пройгрыш на прэзідэнцкіх выбарах стаў апошняй кропляй», – такі каментар турэцкага партала T24.
«Кылычдараглу, які насуперак усім сваім паразам на выбарах заўсёды заставаўся на займанай пасадзе, Кылычдараглу, які на гістарычна значных выбарах 14 траўня гэтага года ўпершыню балатаваўся на пасаду прэзідэнта і прайграў, Кылычдараглу, якога вінавацілі ў тым, што ён прасоўвае правую палітыку, цяпер – вось гіронія лёсу! – па выніках другога тура ўнутрыпартыйнага галасавання пазбавіўся і пасады старшыні Рэспубліканскай народнай партыі. 2023 год стаў для яго годам паражэнняў у другіх турах. Упершыню з 1972 года дзейны кіраўнік партыі па выніках галасавання на з’ездзе пазбавіўся сваёй пасады. Гэта стане пачаткам новай эры для РНП – найбуйнейшай апазіцыйнай партыі краіны», – піша турэцкае выданне.

* * *

Праз 85 гадоў пасля Крыштальнай ночы 9 лістапада 1938 года, калі ў Германіі палалі сінагогі і былі разгромлены крамы, якія належалі яўрэям, у Еўропе і перш за ўсё ў Германіі расце трывога з нагоды ўзнімаючага галаву антысемітызму. Еўрапейская прэса перасцерагае ад забыцця ўрокаў гісторыі і падкрэслівае важнасць салідарнасці з Ізраілем і яўрэямі, асабліва сёння, калі на Блізкім Усходзе бушуе вайна. Стакгольмская газета Dagens Nyheter таксама занепакоена.

«Ультраправыя экстрэмісты пагражаюць прамым гвалтам. Левыя экстрэмісты распаўсюджваюць той наратыў, што, маўляў, “сіяністы” кантралююць СМІ. Ісламісцкія экстрэмісты выстаўляюць яўрэяў у якасці такой экзістэнцыйнай пагрозы мусульманам. Куды змогуць уцячы сённяшнія шведскія яўрэі, калі яны стомяцца ад прыдзірак, пагроз фізічнай расправы, нянавісці ў інтэрнэце і гаворак пра «Палестыну ад ракі да мора»? У Ізраіль, акружаны варожымі дзяржавамі і суседні з тэрарыстычнай групоўкай , якая мае намер зладзіць другі Халакост? Адказ адзін: нікуды. Антысемітызм – вось што павінна знікнуць!», – піша шведскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя