Агляд прэсы: скрозь шторм і буру



Украіна замерла ў чаканні новага ўварвання з Беларусі. Куды рушыць Кітай пасля з’езду кампартыі КНР? Фінляндыя і Швецыя чакаюць уступлення ў НАТА. У Вялікабрытаніі Ліз Трас спрабуе ўтрымацца на пасадзе. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

„Трывогу ў Кіеве выклікала заява пра стварэнне сумесных рэгіянальных сіл Беларусі і Расеі і правядзенні вучэнняў. Апошні раз, калі беларускія і расейскія войскі праводзілі сумесныя вучэнні ў лютым, многія з гэтых расейскіх войскаў прайшлі украінскую мяжу і рушылі забіваць ў бок сталіцы”, – паведамляе егіпецкая газета Egypt Independent.

«Справа не ў тым, што ў Беларусі ёсць магутная армія – яе няма. Але перспектыва таго, што доўгая паўночная мяжа Украіны стане праходам для расейскіх войскаў другі раз у гэтым годзе, стала б кашмарам для і без таго расцягнутых сіл Украіны. Украіна і Беларусь маюць 1000-кіламетровую мяжу, большая частка якой маланаселеная і пакрыта густымі лясамі. На дадзены момант украінская армія вядзе наступ на ўсходзе і поўдні, стрымліваючы расейскія сілы ў частцы Данецка і Запарожжа. Пасля сямі месяцаў вайны ўкраінская армія пацярпела ад знясілення, як і яе вораг: рух для абароны свайго паўночнага фланга расцягне сілы, якія ўжо ваююць на некалькіх франтах. Як і прадказальна, Беларусь называе сумесныя вучэнні выключна абарончымі», – папярэджвае егіпецкае выданне.

Кіраўнік КНР Сі Цзіньпін урачыста адкрыў у Пекіне з’езд Камуністычнай партыі Кітая, які праходзіць кожныя пяць гадоў. Па словах Сі, ён мае намер ператварыць Кітай у «сучасную сацыялістычную краіну», і ў сувязі з гэтым агітаваў за сваё перавыбранне. Акрамя таго, кітайскі лідэр заявіў, што ўз’яднанне з Тайванем павінна быць дасягнута і будзе дасягнута, а калі спатрэбіцца, то і за кошт прымянення сілы. Нягледзячы на эканамічны спад, Сі таксама мае намер і далей прытрымлівацца строгай палітыкі нулявога распаўсюджвання каранавіруса. Як адзначае польская газета Rzeczpospolita, Кітаю трэба будзе прыняць лёсавызначальнае рашэнне.

«Што будзе рабіць Паднябесная ў кантэксце гэтай «новай халоднай вайны» і ўнутрыпалітычнай «новай эры» – няўжо зноў зачыніцца ад знешняга свету? Падобныя прапановы там ужо гучаць. Ці краіна паспрабуе прадоўжыць сваю палітыку адкрытасці? Апошняе было б куды як няпроста, паколькі адна з галоўных мэт, пастаўленых Сі Цзіньпінам перад самім сабой, партыяй і дзяржавай – гэта аб’яднанне кітайскіх земляў. Уладзіміру Пуціну не зусім удалося выступіць у ролі збіральніка земляў рускіх. А як ідуць справы з аналагічнымі мэтамі і задачамі ў кітайцаў? Менавіта такі галоўны знешне- і ўнутрапалітычны выклік стаіць і перад Сі Цзіньпінам», – рэзюмуе польскае выданне.

Сёлета ў траўні Фінляндыя і Швецыя падалі заяўкі на ўступленне ў НАТА. Пратаколы аб уступленні ратыфікавалі ўжо 28 з 32 краін альянсу. Згода пакуль што не паступіла ад Турцыі, якая выказала сумневы адносна ўступлення Швецыі, абгрунтаваўшы іх тым, што Стакгольм, маўляў, падтрымлівае тэрарыстычныя арганізацыі. Дадатнага адказу таксама не паступіла ад Вугоршчыны. «Атрыманне гарантыі бяспекі ад НАТА для Фінляндыі важней, чым для Швецыі», – занепакоена фінская газета Lapin Kansa.

«Фінляндыя і Швецыя разам вырашылі ўступаць у НАТА, і паабяцалі не кідаць адзін аднаго ў бядзе. Але што ж будзе, калі Фінляндыі давядзецца выбіраць паміж двума варыянтамі: абаронай паводле Артыкула 5 абароннага альянсу ці ж сядзеннем у «залі чакання» НАТА на дазвол ўступлення, а ў гэтым выпадку такой абароны не прадугледжана? Нават калі абедзве краіны вырашылі разам падаць заяўку на ўступленне ў альянс, гэта не азначае, што яны адначасова дасягнуць мэты. Для Фінляндыі галоўнае: як мага хутчэй атрымаць гарантыі бяспекі, для нас яны важней, чым для Швецыі. І ў Швецыі гэта разумеюць», – адзначае фінскае выданне.

Не прайшло і паўтары месяца пасля ўступлення Ліз Трас на пасаду прэм’ер-міністра, як ёй ужо пагражае бунт ва ўласных шэрагах: паводле паведамленняў СМІ, больш за сотню дэпутатаў ад кіруючай Кансерватыўнай партыі маюць намер ініцыяваць у парламенце галасаванне аб даверы ўраду і дабіцца адстаўкі Трас. Падаплёкай падзей сталі прадстаўленыя ўрадам бюджэтныя планы. Аўстрыйская газета Der Standard таксама прарочыць хуткі заход палітычнай кар’еры Ліз Трас.

«Ёй ставіцца ў папрок наступнае: Трас павінна была разумець, якія наступствы яе палітыка выкліча на фінансавых рынках. Яе галоўны сапернік, экс-міністр фінансаў Рышы Сунак, прадказваў, звяртаючыся да Трас падчас перадвыбарнай кампаніі ў барацьбе за пасаду старшыні партыі гэтым летам: імклівае зніжэнне падаткаў будзе мець інфляцыйны эфект, яно павялічыць кошт дзяржаўных пазык і аслабіць фунт стэрлінгаў. Усё так і адбылося. Нядзіўна, што торы выношваюць планы прыбраць Трас», – піша аўстрыйскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя