Агляд прэсы: “слон у пакоі”



Татальная памылка Лукашэнкі. Байдэн у Польшчы: сказанаму верыць? Мера лаяльнасці Германіі да Крамля. Еўропа ўзбройваецца. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Нядаўна амбасадара Беларусі выгналі з Украіны. Лукашэнка цалкам здаўся Пуціну. Доўг яго краіны ў мінусе і ён не атрымае ад Масквы ні цэнта больш, пакуль не кіне свае войскі ва ўкраінскую печ», – піша амерыканская газета Eurasiareview.

Няма істотнай розніцы паміж тым, уступіць Лукашэнка ў наземную вайну ці не, з якога б пункту гледжання вы ні выбралі. Таму што, магчыма, Беларусь ужо ўварвалася ва Ўкраіну і пацярпела паразу. Прававы аспект наступны: Беларусь як дэ-факта , так і дэ-юрэ з’яўляецца ўдзельнікам ўкраінскага канфлікту, падтрымлівае расейскага агрэсара: забяспечвае сваю тэрыторыю, інфраструктуру, аказвае дапамогу пацярпелым расейскім салдатам. Прыйшоў час адзначыць слана ў пакоі – Беларусь ужо напала на Украіну ў вайне 24 лютага! Гэта вайна Беларусі супраць Украіны. Знешнепалітычны аспект: удзел Беларусі ў вайне для міжнароднай супольнасці ўжо з’яўляецца фактам. Ніводная жывая душа на Зямлі не верыць словам Лукашэнкі. Так ці інакш на яго будуць уведзеныя санкцыі, без усялякага шкадавання», – падкрэслівае амерыканскае выданне.

Паводле матэрыялу, удзел Беларусі ў наземнай вайне толькі паскорыць крах лукашэнкаўскай улады.

«Нават пры адсутнасці наземнага ўварвання лёс узурпатара ўжо вырашаны. Расейская армія будзе разьбітая ва Ўкраіне – магчыма, праз пару тыдняў, магчыма, праз паўгады. Перамога Расеі больш не ў руках Лукашэнкі; усё, што яму засталося, гэта невялікая праслойка АМАПу і іншых прадстаўнікоў яго рэжыму. Яны кінуць яго, як толькі прызнаюць, што ён не можа пазбегнуць народнага праведнага гневу (а цяпер нават украінскага)», – піша Eurasiareview.

Выступаючы ў Варшаве, прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падкрэсліў, што Паўночнаатлантычны альянс будзе абараняць кожны сантыметр тэрыторыі краін, якія ў яго ўваходзяць. Аднак найбольшы рэзананс выклікалі дзве іншыя заявы, якія мімаходам прагучалі ў ягонай прамове, а менавіта – эпітэт «мяснік», якім ён надзяліў Пуціна, і фраза аб тым, што той «не павінен знаходзіцца ва ўладзе». Еўрапейская прэса каментуе выказванні амерыканскага прэзідэнта.

«Магчыма, Байдэну не варта было прамаўляць такіх слоў, аднак у сутнасці сваёй яны абсалютна дакладныя», – піша нямецкая газета Süddeutsche Zeitung.

«Выраз Байдэна не быў пагрозай Пуціну асабіста, роўна як не быў і незнарок вырваным прызнаннем таго, што ЗША і на самай справе працуюць над звяржэннем расейскага прэзідэнта, хоць менавіта так гэта зараз спрабуюць прадставіць прапуцінскія прыхільнікі тэорый змовы. Ды і якім, уласна, чынам павінна была б адбыцца падобная змена рэжыму? Інтэрвенцыі з боку ЗША, падобныя да тых, што мелі месца ў Іраку ці Лівіі, Байдэн даўно выключыў. Замест гэтага, выступаючы ў Варшаве, ён агучыў элементарную, хаця і горкую ісціну, з чаго ўсе краіны і ўрады павінны зрабіць свае ўласныя высновы: пакуль ва ўладзе ў Расеі знаходзіцца Уладзімір Пуцін, Еўропа не зможа жыць у міры», – падкрэслівае нямецкае выданне.

З пачаткам вайны ва Ўкраіне Нямеччына ўсё часцей падвяргаецца крытыцы за яе дагэтуль вельмі прарасейскую палітыку . Між тым запуск вядомага газаправода «Паўночны паток-2» прыпынены, аднак Германія прадаўжае закупляць газ у Расеі і адмаўляецца неадкладна спыніць імпарт па эканамічных прычынах. Аглядальнікі не хаваюць сваё раздражненне.

«Нават пры канцлеры Шольцы Нямеччына не выконвае свайго абавязку ў плане палітыкі абароны Ўсходняй Еўропы», – такі вердыкт выносіць швейцарская газета Neue Zürcher Zeitung.

«Палітыка бяспекі, якая праводзіцца Нямеччынай, кульгае ў першую чаргу, бо грамадства і ўлада цалкам аспрэчваюць ужыванне сілы і не бачаць у ім сродка для вырашэння канфліктаў нават тады, калі гэта неабходна і легітымна з маральнага пункта гледжання. Краіна, у якой ёсць войска, не павінна палохацца самой думкі аб тым, што часам даводзіцца забіваць. Пра Нямеччыну гэтага сказаць нельга. У Нямеччыне адсутнічае разуменне геапалітыкі, немцы не ўсведамляюць, што геаграфічныя прасторы не церпяць вакууму ўлады. Толькі калі Нямеччына спыніць паддавацца шантажу, можна будзе казаць пра тое, што яна і насамрэч змяніла свой курс. Берлін павінен запатрабаваць забароны на закупку расейскіх энерганосьбітаў на ўзроўні ЕЗ. І забарона гэтая павінна заставацца ў сіле, пакуль расейскія войскі працягваюць чыніць свае бясчынствы ва Украіне», – падкрэслівае швейцарскае выданне.

На фоне вайны Расеі супраць Украіны, сярод іншых, такія краіны, як Нямеччына, Польшча, Данія і Швецыя заявілі аб павелічэнні сваіх абаронных бюджэтаў. Адзін толькі Берлін плануе сёлета дадаткова выдаткаваць на гэтыя мэты 100 мільярдаў эўра. Папа Рымскі Францішак назваў гонку ўзбраенняў ганьбай. «Але, на жаль, узбройвацца неабходна», – пярэчыць пантыфіку італьянская газета La Stampa.

«Як не пагадзіцца з Папам, калі ён кажа, што сапраўдны адказ – гэта не больш узбраенняў, санкцый, палітычных і ваенных саюзаў, але які іншы спосаб кіравання сённяшнім глабалізаваным светам? Тым часам, аднак, заходнім урадам не перашкаджала б прыняць да ўвагі рэальнасць, якая ўжо існуе. Але з адной важнай агаворкай: улічваючы тое, што сучасная зброя здольная знішчыць нас усіх незлічоную колькасць разоў, каб пазбегнуць самазнішчэння ўрадам неабходна ўкладваць сродкі не толькі ва ўзбраенні, але і ў першую чаргу ў выхаванне нашага сумлення», – заклікае італьянскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка