Агляд прэсы: спадарожная шкода
Лукашэнка заляцаецца да Расеі з Ірана ў працяг дыпламатычнага штуршка. Украіна: пытанне рубам пра нейтралітэт Швейцарыі. Саудаўская Аравія і Іран: як тлумачыць збліжэнне? Крах Банка Крамянёвай даліны. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Прэзiдэнты Ірана і Беларусі віталі свае цесныя сувязі на перамовах у Тэгеране ў панядзелак у той час, калі абедзьве краіны маюць вострыя супярэчнасці з заходнімі дзяржавамі, у тым ліку адносна вайны Расеі ва Украіне», – піша расейскае выданне The Moscow Times.
«Былая савецкая дзяржава Беларусь служыць тылавой базай для расейскіх войскаў, а Іран абвінавачваюць у пастаўках Маскве ўзброеных беспілотнікаў для выкарыстання ва ўварванні — абвінавачванне, якое ён адмаўляе, заяўляючы пра свой нейтраліт у канфлікце. Абодва прэзідэнты, якія ў сваіх заявах не згадвалі вайну ва Украіне, падпісалі дарожную карту па нарошчванні палітычнага, эканамічнага і культурнага супрацоўніцтва. Пры гэтым Вашынгтон абвінаваціў Іран у пастаўках беспілотнікаў-смяротнікаў у Расею і выказаў трывогу ў сувязі з «небяспечнай» эскалацыяй ваеннага супрацоўніцтва паміж Тэгеранам і Масквой. Іран стаў задаволены сабой у апошнія дні пасля падпісання пагаднення з Саудаўскай Аравіяй у Кітаі, пагаднення, якому таксама спрыяла падтрымка Ірака. Іран сцвярджае, што ён таксама вядзе перамовы з ЗША аб абмене палоннымі, такім чынам прымушаючы Іран думаць, што цяпер ён знаходзіцца ў новай эры дыпламатыі. Нядаўна таксама паведамлялася, што Расея адпраўляе захопленыя ва Украіне боепрыпасы ў Іран для магчымай перапрацоўкі. Верагодна, гэта заходнія боепрыпасы, накіраваныя ва Украіну», – канстатуе расейскае выданне.
Швейцарыя, якая традыцыйна прытрымліваецца прынцыпу нейтралітэту, мяркуючы па ўсім, і ў далейшым не акажа Украіне падтрымкі ў плане паставак узбраенняў. Нацыянальная рада Швейцарыі – ніжняя палата швейцарскага парламента, 8 сакавіка нязначнай большасцю галасоў выказаўся за дазвол паставак, але толькі ў тым выпадку, калі расейскі напад на Украіну асудзіць Рада Бяспекі ААН. Аднак з прычыны таго, што ў Расеі ў Радзе маецца права вета, такі сцэнар практычна за гранню магчымага. Запыты аб непрамых пастаўках узбраенняў, накіраваныя ў Берн з боку Гішпаніі і Даніі, былі адхіленыя. «Падобнымі паводзінамі Швейцарыя сама сябе ізалюе», – піша швейцарская газета Le Temps.
«У той час як усе краіны дэмакратычнай Еўропы выступаюць за падтрымку ўкраінскага супраціву агрэсіі, у тым ліку і ў ваенным плане, Швейцарыя, і толькі Швейцарыя, вырашыла выканаць сольную арыю. Нават калі насельніцтва краіны далучаецца да ідэі дапамагчы суседу, швейцарскія дэпутаты аддаюць перавагу адмоўчвацца ці па звычцы, з палітычнага разліку, у сілу адсутнасці бачання будучыні, ці проста з-за недахопу мужнасці. У канцы тыдня Еўропе прыйшлося канстатаваць, што Швейцарыя суверэнна зрабіла свой выбар, і гэты выбар – не на карысць салідарнасці. Гэтае рашэнне будзе мець свой кошт», – падкрэслівае швейцарскае выданне.
Заклятыя сапернікі Саудаўская Аравія і Іран маюць намер аднавіць дыпламатычныя адносіны і нармалізаваць свае сувязі, якія знаходзіліся на вельмі нізкай кропцы на працягу многіх дзесяцігоддзяў. Аб гэтым заявілі прадстаўнікі абедзвюх краін на сустрэчы ў Кітаі. Той факт, што менавіта Пекін выступіў пасярэднікам у гэтым дыпламатычным прарыве і тым самым заспеў Захад знянацку, выклікае ў еўрапейскіх аглядальнікаў немалую заклапочанасць. На думку гішпанскай газеты ABC, асаблівага захаплення тут адчуваць не даводзіцца.
«Дзякуючы пасрэдніцтву Кітая, які апошнім часам узмацніў сваю геастратэгічную ролю, Іран і Саудаўская Аравія аднавілі дыпламатычныя адносіны, перапыненыя з 2016 года. Гэта магло б пакласці канец так званай новай халоднай вайне на Блізкім Усходзе, што на першы погляд можа здацца палёгкай. Аднак новы «статус-кво» гэтых адносін павінен неяк ужыцца з традыцыйнай блізкасцю Саудаўскай Аравіі да ЗША, адносіны якіх з Іранам і Кітаем у цяперашні час вельмі дрэнныя. Менавіта таму Вашынгтон насцярожана ставіцца да гэтага збліжэння. Калі ЗША пазбавяцца партнёра на Блізкім Усходзе, то гэта стане дрэннай навіной для Захада», – папярэджвае гішпанскае выданне.
У мінулую пятніцу амерыканская Федэральная карпарацыя па страхаванні дэпазітаў (FDIC) узяла пад кантроль Банк Крамянёвай даліны (Silicon Valley Bank), які спецыялізаваўся на крэдытаванні высокатэхналагічных стартапаў. Гэта найбуйнейшае банкруцтва з часоў фінансавага крызісу 2008-2009 гадоў. Міністр фінансаў ЗША Джанет Елен заявіла, што аб выратаванні банка дзяржавай не можа быць і гаворкі. Аглядальнікі абмяркоўваюць прычыны краху і выказваюць асцярогу, што за SVB могуць быць і іншыя банкі сярэдняй велічыні. Па меркаванні нямецкай газеты Frankfurter Allgemeine Zeitung, пакуль рана казаць аб тым, што гэтае банкруцтва з’яўляецца прадвеснікам новага фінансавага крызісу.
«Крах SVB абумоўлены фундаментальнымі пралікамі з боку мэнэджменту. Ідэя была прыгажая: уклады ажыццяўляліся ў доўгатэрміновыя пазыкі, якія ў часы нізкіх працэнтных ставак здаюцца прывабнымі. Разлік сябе не апраўдаў. Аднак ці варта расцэньваць памылку кіраўніцтва банка як нейкі разавы феномен? На гэтае пытанне адказ: не. Неўзабаве мы ўбачым, у якіх яшчэ банкаў маецца ў бухгалтэрыі такая ж выбуханебяспечная сумесь. Ці было рэгуляванне, уведзенае пасля фінансавага крызісу і многімі крытыкавалася як занадта суворае, і на самой справе дастаткова строгім? Адказ на гэтае пытанне пакажа, ці пагражае нам фінансавы крызіс 2.0.», – прагназуе нямецкае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя