Агляд прэсы: старая каляіна



У Беларусі нават COVID-19 слугуе дэзінфармацыі і рэпрэсіям. На парламенцкіх выбарах у Косава лідзіруе кандыдат, які абяцае разбрацца з карупцыяй. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.

16 лютага па ўсёй Беларусі пракацілася хваля ператрусаў у праваабаронцаў і журналістаў. Акурат у гэты дзень міжнароднае расейскамоўнае выданне meduza.io размясціла матэрыял аб тым, як насамрэч ставяцца сілавікі да разгонаў мітынгаў і барацьбы з апазіцыяй. Спецкор выдання Максім Салопаў пагаварыў з тымі, хто яшчэ нядаўна служыў у «антыэкстрэмісцкіх» падраздзяленнях МУС, і падзяліўся службовай тактыкай:

«Амапаўцы ўпэўнены, што маюць права прымяняць спецсродкі і фізічную сілу. Разгон акцый гэта заўсёды комплекс мерапрыемстваў. Спачатку патэнцыйна небяспечных лідfраў затрымліваюць яшчэ па дамох. Калі дзесьці натоўп усё роўна сабраўся, яе трэба рассейваць. У гэтым натоўпе заўсёды хапае «операў», якія вылічаюць завадатараў».

Па словах ананімнага супрацоўніка расейскага АМАПа, памылкі Лукашэнкі ўлічваюцца расейскімі сілавікамі. «А значыцца ў Расеі такога гвалту, як было на вуліцах Менску, не прадбачыцца», – адзначае расейскамоўнае выданне meduza.io

На датэрміновых парламенцкіх выбарах у Косава перамогу атрымала леванацыяналсітычныя партыя Самавызначэнне. За гэтую партыю і яе лідaра Альбіна Курці прагаласавала 48 адсоткаў выбаршчыкаў. Кіруючая краінай на працягу многіх «Дэмакратычная партыя Косава», заснаваная ў свой час як палітычнае крыло ваенізаванай арганізацыі «Армія вызвалення Косава», змагла набраць толькі 17 адсоткаў. Сваю выбарчую кампанію Курці пабудаваў вакол абяцанні перамагчы разгул карупцыі.

«Большасць выбаршчыкаў прагаласавалі проста з пазіцыі пратэсту, вырашыўшы пакараць старую гвардыю», – скептычна ацэньвае становішча швейцарская газета Tages-Anzeiger. – «Бо тое, што адбывалася ў краіне, стварала атмасферу беспакаранасці і свавольства, і таму страціла сувязь з народам. Ці зможа Курці пакласці канец гэтай палітычнай антыкультуры? У асабістым плане ён чалавек прыстойны – і гэта нядрэнная перадумова. Аднак аднаго гэтага недастаткова для таго, каб разгарнуць ўсю краіну ў іншы накірунак. Меркавана будучаму прэм’еру спатрэбяцца вопытныя кіраўнікі-памагатыя, якія ўмеюць дзейнічаць эфектыўна».

Банкі Уол-стрыт, якія граюць на павышэнне, лічаць, што пасля аднаўлення сусветнай эканомікі цана на сырую нафту падвысіцца да 100 даляраў за барэль, чаго не было з 2014 году. А значыцца пастаянны рост коштаў на нафту з канца мінулага году можа азначаць пачатак новага нафтавага суперцыклу на фоне аднаўлення сусветнай эканомікі пасля пандэміі. Разнагалоссі прагнозаў наконт агульнай сітуацыі з нафтай аналізуе брытанская газета Financial Times.

«У кароткатэрміновай перспектыве не варта чакаць якога-небудзь дэфіцыту нафты, і мы бачым, што такія краіны як Аб’яднаныя Арабскія Эміраты плануюць павялічыць вытворчасць. Лёс цаны на нафту сёлета ў значнай меры знаходзяцца ў руках сябраў OPEC, і залежыць яна ад таго, якую колькасць нафты яны вырашаць павяртаць на рынак», – адзначае Financial Times на фоне навіны пра тэлефонны званок Пуціна наследнаму прынцу Саудаўскай Аравіі аб пацвярджэнні ўзаемасупрацы ў раёне Персідскага заліву і працягу дамоўленасцяў OPEC+.

«Пандэмія Covid-19, якую першы час адмаўляў Лукашэнка, зараз выкарыстоўваецца для падаўлення іншадумства ў Беларусі», – піша карэспандэнт Le Monde ў Менску Тома д’Істрыя.

«Кампанія вакцынацыі ў Беларусі нацэленая ў першую чаргу на работнікаў сістэмы аховы здароўя і набліжаецца да завяршэння. Беларускія ўлады выкарыстоўваюць вакцыну „Спадарожнік V”, якая пастаўляецца Расеяй. Санітарны крызіс стаў прадметам кампаніі дэзынфармацыі і цэнзуры, – адзначае французскае выданне. – Беларусь з’яўляецца адной з 51 краіны, у якой урад выкарыстаў меры грамадскай аховы здароўя, звязаныя з Covid -19, для таго, каб незаконна арыштоўваць, трымаць у турме, прыцягваць да адказнасці або накладаць штрафы на людзей, якія выказваюць сваю нязгоду з пандэміяй ці іншай дзяржаўнай палітыкай, не звязанай з COVID-19».

«Акрамя гэтага атмасфера страху пануе ў лякарнях», – гаворыцца ў артыкуле. – «На падставе разрозненых дадзеных можна з асцярожнасцю ацаніць, што колькасць дадатковых смерцяў на 2020 год, аб якіх улады маўчалі, верагодна, перавысіла 20 тысяч чалавек».

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя