Агляд прэсы: стаўшы на бок Лукашэнкі, Крэмль прайграў
Кандыдаты ў прэзідэнты ЗША правялі другі этап дэбатаў. Расея працягне губляць свой уплыў у колішніх савецкіх рэспубліках — прагноз швейцарскай газеты. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча.
Кандыдат у прэзідэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі Джо Байдэн сцвярджае, што Расея, Кітай і Іран будуць плаціць за ўмяшанне ў амерыканскія выбары. Пра гэта ён заявіў падчас дэбатаў з дзейным прэзідэнтам Дональдам Трампам, які ідзе на другі тэрмін. Дэбаты трансляваў канал CNN. У адказ на абвінавачванні Байдэна Трамп заявіў, што ніколі не атрымліваў грошай ад Расеі. Прэзідэнт ЗША заявіў, што ніхто не быў такім жорсткім да Расеі, як ён сам, і заявіў, што Байдэн атрымаў 3,5 мільёна даляраў праз прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна.
„Я не атрымліваў грошай з Кітая, ты — так. Я не атрымліваў ад Украіны, ты — так. Я не атрымліваў ад Расеі, ты — так”, — сказаў Трамп. Ён паведаміў, што сын Байдэна атрымаў 3,5 мільёна даляраў ад жонкі былога мэра Масквы, расейскай прадпрымальніцы Алены Батурынай. „Грошы паступілі праз Пуціна, таму што ён сябраваў з былым мэрам Масквы. Калі-небудзь давядзецца растлумачыць, чаму ты атрымаў 3,5 мільёна даляраў. Ты павінен растлумачыць гэта амерыканцам. Магчыма, зрабіць гэта проста зараз”, — сказаў Трамп. Байдэн адмаўляў гэта і адказваў, што ніколі не атрымліваў ні капейкі з замежных крыніц. „Я публікаваў свае падатковыя дэкларацыі ўсе 22 гады. Ты не апублікаваў ніводнай”, — сказаў Байдэн. Ён таксама адказаў контраргументам на абвінавачанне Трампа ў тым, што Хантэр меў велізарны прыбытак у Кітаі. „Адзіны, хто зарабляў грошы ў Кітаі, быў гэты хлопец”, — паказаў Байдэн на Трампа.
Ён падкрэсліў, што Трамп заплаціў значную суму ў якасці падаткаў у Кітаі.
„Мы даведаліся, што гэты прэзідэнт заплаціў у 50 разоў больш падаткаў у Кітаі, чым у ЗША, што ў яго ёсць сакрэтны банкаўскі рахунак у Кітаі, што ён вядзе бізнес у Кітаі. І гэты чалавек кажа пра тое, што гэта я атрымліваю грошы?” — сказаў Байдэн. Ён таксама адзначыў, што ў працы яго сына Хантэра ва ўкраінскай кампаніі Burisma „не было нічога неэтычнага”.
Байдэн таксама быў абураны заявамі аб карупцыі і заявіў, што паводзіў сябе „бездакорна” ў адносінах да Украіны. Ён сказаў, што чуе пра гэта ўпершыню. Выбары прэзідэнта ЗША пройдуць 3 лістапада.
Палітычныя пратэсты ў Беларусі, вайна паміж Арменіяй і Азербайджанам, хваляванні ў Кіргізстане: постсавецкія краіны кіпяць. Маскве даводзіцца прыкладаць намаганні, каб выступаць у сваёй зоне ўплыву ў якасці сілы, што забяспечвае парадак”, — піша швейцарскае выданьне Neue Zürcher Zeitung. Беларусь, Арменія і Кіргізстан з’яўляюцца часткамі вельмі амбітнага праекту Масквы — Еўразійскага эканамічнага саюза. Аднак развіццё падзей сведчыць аб абмежаваных магчымасцях уплыву Расеі, — паказвае журналіст Маркус Акерэт. Нягледзячы на ўзгодненае ў Маскве перамір’е, у Нагорным Карабаху працягваюцца баявыя дзеянні. У Кіргізстане Крэмль спрабаваў арганізаваць больш мяккую змену ўлады, але не змог. Магчыма, такое нагрувашчванне падзей выпадковае, і ў таго, што адбываецца ва ўсіх трох „гарачых кропках” розныя прычыны. Але гэтак жа, як у выпадку з сапсаванымі адносінамі з Украінай пасля ўмяшання ў справы Данбаса і анэксіі Крыма, складанымі адносінамі з Грузіяй і палітычнымі кіданнямі ў Малдове, хваляванні аб’ядноўваюць два моманты: цяжкая спадчына Савецкага Саюза і намаганні Крамля, накіраваныя на тое, каб удала выкарыстоўваць ролю ў постсавецкай прасторы, на якую ён прэтэндуе. Найбольш відавочнай савецкая спадчына з’яўляецца ў канфлікце ў Нагорным Карабаху: устанаўленне межаў пры ўтварэнні савецкіх рэспублік сто гадоў таму было зроблена паводле палітычных, а не гісторыка-этнічных меркаванняў. Абуджанае падчас перабудовы нацыянальнае пачуццё развіла выбуховую сілу, якая ператварыла павольны канфлікт у крывавую вайну. Савецкая спадчына гуляе важкую ролю ў дачыненнях Расеі з суседзямі. Савецкі саюз, насуперак усёй рыторыцы, ніколі не быў па-сапраўднаму саюзам роўных. Дамінуючае становішча ў ім займалі Расея і рускія, — адзначае выданне.
Масква дагэтуль глядзіць пагардліва на цяпер ужо незалежныя рэспублікі. У элітах гэтых краін, якія імкнуцца да самастойнасці, гэта часцяком выклікала хутчэй ахоўны рэфлекс і прыводзіла да пошуку партнёраў па-за межамі расейскай арбіты. Расеі не ўдалося атрымаць у вачах гэтых эліт прыцягальнасці, не лічачы выпадкаў, абумоўленых эканамічнай неабходнасцю, напрыклад, з-за яе рынку працы. Стаўшы ва Украіне, у Арменіі і цяпер у Беларусі на бок кіраўнікоў, якім кінулі выклік народныя пратэсты, Крэмль апынуўся ў ліку тых, хто прайграў. Умацаванне на Каўказе і ў Цэнтральнай Азіі пазіцый рэгіянальных дзяржаў, такіх як Турэччына, або буйной дзяржавы Кітая, якія выклікаюць прыхільнасць большай эканамічнай магутнасцю і мяккай сілай, ставіць пад ціск дамаганні Расеі на званне сілы, якая забяспечвае парадак. Верагодна, Масква працягне губляць свой уплыў, — заключае Neue Zürcher Zeitung.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтаваў Кастусь Багушэвіч.