Агляд прэсы: Стомленыя рэакцыі
Літва ўсталюе фізічны бар’ер у багністых раёнах на мяжы з Беларуссю і Расеяй. Канец «Рэспублікі Арцах». Рым блакуе адзіную пазіцыю ЕЗ па прадастаўленню прыстанішча. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Улады Літвы заявілі, што акрамя іншых участкаў, дзе ўжо ўсталяваны фізічны бар’ер, краіна плануе зрабіць тое ж самае ў багністых раёнах на мяжы з Беларуссю і Расеяй. «Пра планы усталявання фізічнай загароды прынамсі ў вільготных і балоцістых раёнах каля дзяржаўнай мяжы з Беларуссю і Расеяй гаварылася падчас сустрэчы міністра ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайтэ з міністрам навакольнага асяроддзя і намеснікам дырэктара Службы дзяржаўнай аховы», – перадае еўрапейскае спецыялізаване выданне The Schengen Visa Info.
„Такая фізічная перашкода неабходная для ўзмацнення аховы мяжы краіны, паколькі ў гэтым годзе зафіксавана павелічэнне колькасці нерэгулярных прыбыццяў. Каля 700 мігрантаў, якія спрабавалі нелегальна перасекчы мяжу і трапіць у Літву, былі спыненыя ў балоцістай мясцовасці на мяжы з Беларуссю. А з пачатку гэтага года ў тым жа раёне ўладамі было выяўлена 13 фактаў кантрабанды. Як тлумачыць МУС Літвы, высечка лесу не спатрэбіцца, бо фізічны шлагбаўм будзе ўсталяваны ў памежнай паласе. Улады разам са спецыялістамі па ахове навакольнага асяроддзя ўжо ацанілі ўздзеянне фізічных бар’ераў на прыроду, падкрэсліўшы, што ўздзеянне будзе мінімальным. Зараз Літва кантралюе большасць участкаў сваёй мяжы з Беларуссю і Расеяй. Краіна пачала нарошчваць свой патэнцыял такога маніторынгу пасля гібрыдных нападаў з Беларусі і расейскага ўварвання ва Украіну. Акрамя заявы аб планах усталявання фізічнага бар’ера на балоцістай тэрыторыі на мяжы з Беларуссю і Расеяй, Літва заявіла, што таксама хоча аднавіць патруляванне ўзбярэжжа для далейшай аховы марскіх межаў. Літве трэба быць гатовай да любых гібрыдных нападаў або росту нелегальнай міграцыі”, – адзначае еўрапейскае выданне.
Пасля таго як Азербайджан аб’явіў аб устанаўленні кантролю над тэрыторыяй Нагорнага Карабаха, абвешчаная там у 1991 годзе, але не прызнаная міжнароднай супольнасцю Рэспубліка Арцах спыняе сваё існаванне. Як заявіў сам Сцяпанакерт, да 1 студзеня 2024 года ўсе яе структуры і інстытуцыі будуць распушчаны. «Еўропа павінна перагледзець практыку заключэння здзелак з дыктатарамі і аўтакратамі», – прапануе дацкая газета Der Nordschleswiger.
«Права моцнага атрымала верх. Пра якія падзеі гэта нагадвае? Правільна, пра 2014 год, калі Пуцін пачаў вайну супраць Украіны, акупаваўшы Крым. Тады чулася нямала галасоў, якія заяўлялі: «Ах, тут мы павінны яму саступіць». Куды завяла нас гэтая пазіцыя, зараз відаць па акопах і мінных палях ва Украіне. Еўропа павінна спытаць сябе, наколькі мы шануем нашу дэмакратыю. Няўжо ў нас няма іншага выйсця, акрамя як заключаць здзелкі з забойцамі і дыктатарамі гэтага свету? У такім выпадку не варта дзівіцца, калі свет рэагуе на нашы гучныя, але танныя маральныя пропаведзі выключна пагардай. Армяне нам ужо напэўна больш верыць не будуць», – прагназуе дацкае выданне.
Пасля таго як Нямеччына зняла свае пярэчанні, здавалася, што нішто ўжо не будзе перашкаджаць дасягненню дамоўленасці аб крызісным рэгуляванні ў сферы давання прытулку. Такую дамоўленасць планавалася заключыць у чацвер на сустрэчы міністраў унутраных спраў краін ЕЗ. Новае палажэнне мела на ўвазе, што ў выпадку рэзкага павелічэння міграцыйнага патоку бежанцаў можна было б утрымліваць на знешніх межах ЕЗ на працягу больш доўгага тэрміну. Аднак у апошнюю хвіліну аб сваіх пярэчаннях заявіла Італія. На думку Рыма, спачатку варта ўрэгуляваць пытанне аб прыватных марскіх выратавальных судах, якія курсуюць у Міжземным моры. Сітауцыю аналізуе лонданская газета The Times.
«Па факце гнеў, нерашучасць і рознагалоссі паміж дзяржавамі-сябрамі ЕЗ няўхільна памнажаюцца. Францыя заявіла, што адмовіцца прымаць прыбылых з Лампедузы. Польшча, Венгрыя і большасць іншых усходнееўрапейскіх членаў ЕЗ з гневам адрэагавалі на прапанову Бруселя аб квоце для краін ЕЗ па прыёме бежанцаў, якія нелегальна прыбываюць у прыгранічныя краіны супольнасці, і папросту адмовіліся ад гэтага. Нямеччына супраціўляецца патрабаванням Італіі даць больш альтэрнатыў адносна таго, куды тая можа адпраўляць тых, каму было адмоўлена ў прыбежышчы, але пры гэтым сама знаходзіцца пад ціскам уласнага грамадства, які патрабуе ўзмацніць жорсткасць падыходу», – канстатуе брытанскае выданне.
У суботу ў Славакіі пройдуць парламенцкія выбары, якія могуць вярнуць ва ўладу Роберта Фіцо, які ўжо займаў пасаду прэм’ер-міністра. Папуліст, якога юстыцыя абвінавачвае ў злачыннай дзейнасці, рашуча выступае супраць падтрымкі Украіны. «Еўропа не павінна недаацэньваць значэнне гэтых выбараў», – папярэджвае нямецкая газета Stuttgarter Zeitung.
«У часы кіравання кабінета, які раздзіраецца сваркамі і таму паралізаванага, некалі з ганьбай выгнаны з пасады прэм’ер-міністра Фіцо ведае, як задаволіць імкненне шматлікіх славакаў да моцнай рукі. І, судзячы па ўсім, ведае ён гэта настолькі добра, што шматлікія зачыняюць вочы на яго меркаваныя сувязі з мафіяй і цёмныя раздзелы яго кіравання. Але ў выпадку вяртання Фіцо да ўлады Еўропе варта чакаць не толькі паўтарэння гісторыі з алігархіяй і карупцай, ужо знаёмай па кіраванні Віктара Орбана ў Венгрыі. Брусель таксама можа чакаць з’яўлення новага блакавальніка – па пытаннях, якія не церпяць цяганіны і спрэчак», – канстатуе нямецкае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя