Агляд прэсы: страчаны давер



Беларусь узмацніла ахову мяжы з Польшчай пасля таго, як у перастрэлцы быў забіты меркаваны тэрарыст. Гаага выдала ордэр на арышт Пуціна. Знішчальнікі для Украіны. 20 гадоў вайне ў Іраку: якія вынікі і наступствы? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Беларусь узмацніла ахову на мяжы з Польшчай пасля таго, як сілавікі забілі ў рэгіёне замежніка, які, як мяркуецца, рыхтаваў тэракт», – паведамляе амерыканскае выданне Fox News.

«Упраўленне КДБ Беларусі паведаміла, што меркаваны тэрарыст быў забіты ў нядзелю ў выніку перастрэлкі ў горадзе Гародня, на ўсход ад польскай мяжы. Яно не назвала нацыянальнасць падазраванага і не паведаміла пра іншыя падрабязнасці, але паведаміла, што яго супрацоўнікі разам з міліцыяй і памежнікамі праводзілі у горадзе «спецаперацыю». На памежным пераходзе «Казловічы» з Польшчай памежнікі ўзмоцнена правяраюць транспартныя сродкі і багаж, праглядаюць мабільныя тэлефоны грамадзян. Беларускія ўлады правялі маштабныя рэйды і арышты пасля атакі беспілотніка на расейскі вайсковы самалёт А-50 на аэрадроме пад Менскам 26 лютага. Падчас рэйдаў у Беларусі затрымана ўжо больш за 100 чалавек. У Беларусі знаходзяцца расейскія вайскоўцы і тэхніка, частка якой была задзейнічана на вайне ва Украіне», – піша амерыканскае выданне.

Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай пры прэзідэнце РФ па правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай. Супраць іх выстаўлена абвінавачанне ва ўчыненні ваеннага злачынства – дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Расейскую Федэрацыю. Еўрапейская прэса разважае пра тое, якія наступствы выкліча выдача ордэраў на арышт. Італьянская газета Avvenire дае наступны каментар.

«У кантэксце гэтай вайны час пачаць называць рэчы сваімі імёнамі. Злачынствы. Гэта – злачынствы, а не «спадарожны ўрон» ці іншыя зусім невыносныя эўфемізмы. Менавіта гэта зараз і робіцца: перад намі – дакладная фармулёўка абвінавачання і выдача ордэраў на арышт. Так, не ўсе дзяржавы сусветнай супольнасці прызнаюць гэтыя ордэры, паколькі не ўсе краіны прызнаюць над сабой юрысдыкцыю Міжнароднага крымінальнага суда і яго аўтарытэт, у іх лік, да прыкладу, уваходзіць сама Расея, а таксама ЗША і Кітай. Тым не менш, такія афіцыйныя рашэнні не дазваляюць усім нам закрываць вочы на тое, што адбываецца. Яны кажуць гэта прамым тэкстам!», – канстатуе італьянскае выданне.

Польшча прадаставіць Украіне знішчальнікі МіГ-29 савецкай вытворчасці – такое абяцанне даў у канцы мінулага тыдня прэзідэнт краіны Анджэй Дуда. Да рашэння Варшавы далучылася і Славакія: прэм’ер-міністр Эдуард Хегер заявіў, што яго краіна таксама прадаставіць Кіеву наяўныя ў яе самалёты дадзенага тыпу. Еўрапейская прэса разважае аб тым, ці зможа гэты крок паўплываць на НАТА ў плане змякчэння даволі стрыманай пазіцыі альянсу ў адносінах да паставак знішчальнікаў. «Польшча робіць стаўку і на пераўзбраенне ўласнага войска. У сярэднетэрміновай перспектыве гэта можа стаць праблемай», – папярэджвае шведская газета Dagens Nyheter.

«Пытанне ў тым, як можа дазволіць сабе Польшча выдаткаваць да 2035 года на абарону астранамічную суму, эквівалентную 110 мільярдам еўра? Маштаб сумы роўны той, што прызначалася для Польшчы з фондаў ЕЗ, але была замарожана – з прычыны невыканання польскім урадам прынцыпу незалежнасці юстыцыі. Інвестыцыі ў абарону маюць шырокую падтрымку ў грамадстве, прычым ва ўсіх палітычных лагерах. Аднак для краіны, у якой інфляцыя знаходзіцца на ўзроўні 17 працэнтаў, такое рашэнне багата пэўнымі палітычнымі рызыкамі. У кастрычніку ў Польшчы павінны адбыцца парламенцкія выбары: нельга выключаць і таго, што без сродкаў з фондаў Еўразвяза ўрад будзе змушаны рэзка скараціць фінансавыя выдаткі», – падсумоўвае шведскае выданне.

20 сакавіка 2003 года Злучаныя Штаты ўварваліся ў Ірак. Ва ўварванні прынялі ўдзел таксама воінскія кантынгенты Вялікабрытаніі, Польшчы і Аўстраліі. «Кааліцыі згодных» удалося ўзяць Багдад і зрынуць дыктатара Садама Хусэйна. Паколькі мандата Рады Бяспекі ААН на місію выдадзена не было, шматлікія лічаць гэтае ўварванне супярэчным міжнароднаму праву. Еўрапейская прэса абмяркоўвае наступствы той вайны, якія даюць ведаць пра сябе і дагэтуль. Брытанская газета The Times адзначае, што ўсяму Захаду была нанесена доўгатэрміновая шкода.

«Вайна ў Іраку была актам саманадзейнасці, які зайшоў занадта далёка і стаў вынікам неразважлівасці Злучаных Штатаў, якія перажывалі пасля распаду Савецкага Саюза ўнікальны «аднапалярны момант», калі ў іх не мелася процівагі. Чым больш часу праходзіць, тым больш суровым становіцца вердыкт гісторыі вінаватым, у тым ліку і прадстаўнікам Вялікабрытаніі. Але, мабыць, найбольш сур’ёзным наступствам той вайны з’яўляецца тое, што яна адцягнула ўвагу Захаду ад значна больш сур’ёзных пагроз яго доўгатэрміновай бяспекі, якія зыходзяць ад Кітая і Расеі. Мы ўсе жывем з гэтай спадчынай – ва ўмовах свету больш нестабільнага і небяспечнага, чым тое мела месца за ўвесь перыяд з моманту заканчэння Другой сусветнай вайны», – падсумоўвае брытанскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя