Агляд прэсы: страта ініцыятывы



Як Лукашэнка паспрабаваў памірыцца з Захадам. Расея пачала масіраванае наступленне на ўсходзе Украіны. Эканоміка Расеі: наколькі дзейсныя санкцыі? У Швецыі беспарадкі ў сувязі са спаленнем Карана. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Апошнія пару тыдняў рэзка змянілі танальнасць заяў, якія паступалі з афіцыйнага Менску. Упершыню ад пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны беларускія ўлады пачалі пасылаць сігналы, якія істотна адрозніваліся ад расейскіх. Гэта стварае новае акно магчымасцяў для Ўкраіны. Але адначасова і ставіць перад выклікам: як належыць скарыстацца такімі магчымасцямі», – разважае ўкраінскае выданне «Еўрапейская праўда».

«Правал расейскага бліцкрыгу, а галоўнае – няўдалая атака на Кіеў, змянілі сітуацыю для Лукашэнкі. Патрэба ў беларускім плацдарме паступова змяншаецца (хоць і застаецца для працягу ракетных удараў па тэрыторыі Украіны), а адпаведна змяншаюцца і магчымасці атрымаць ад РФ кампенсацыі за ўведзеныя Захадам санкцыі. Нядаўна стала вядома, што кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей разаслаў лісты еўрапейскім калегам. У Менску прапануюць пачаць перамовы аб паступовым паслабленні заходніх санкцыяў. Важна, што гэты ліст – гэта не адзіны сігнал, які Лукашэнка пасылае Захаду. Можна назваць не менш за тры іншыя. Першы – у канцы сакавіка з турмы на хатні арышт перавялі кіраўніка Саюза палякаў Беларусі Анжаліку Борыс, яе вызваленне доўга дамагалася Варшава. Другі сігнал – Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі заявіў, што грамадзяне Латвіі і Літвы на працягу месяца – з 15 красавіка па 15 траўня – змогуць уязджаць у краіну без візы. І нарэшце, яшчэ адзін сігнал – у СМІ ўжо з’явілася інфармацыя, што пункт размяшчэння мігрантаў – рэшта гучнага міграцыйнага крызісу летась, пры дапамозе якога Лукашэнка спрабаваў шантажаваць Захад – ужо амаль пусты. Беларусь шле сігналы не толькі Захаду, але і Кіеву. Менавіта таму Кіеву трэба не маўчаць, а перахапіць ініцыятыву ў адносінах з Менскам», – заклікае ўкраінскае выданне.

Судзячы па ўсім, расейскія войскі пачалі шырокамаштабны наступ на ўсходзе Украіны. Паводле інфармацыі ўкраінскага боку, уздоўж усходняй лініі фронту прагрымелі моцныя выбухі. Харкаў і іншыя гарады падвергліся абстрэлам. «Бітва за Данбас пачалася», – заявіў прэзідэнт Украіны Зяленскі. Аглядальнікі з трывогай сочаць за развіццём падзеяў.

«У гэтай вайне Расея больш не вызначае хаду падзей», – піша турэцкая праўрадавая газета Sabah.

«Стратэгічная мэта любой вайны – задушыць баявы дух суперніка. Расея думала, што мэты будзе вельмі лёгка дабіцца, але гэта аказалася не так. Яна не змагла нават акружыць Кіеў, не кажучы ўжо пра тое, каб яго ўзяць. Расея не толькі не зламала Зяленскага, але і зрабіла яго героем. З таго часу расейцы ўжо не могуць аднаасобна вырашаць, чым скончыцца гэтая вайна. Наадварот, з-за эканамічных санкцый час цяпер працуе супраць Расеі, Украіна ж з кожным днём атрымлівае ўсё больш і больш падтрымкі. Таму з гэтага часу лепей глядзець на тое, што робяць Захад і Зяленскі, чым на тое, што робіць Расея. Расейцы пачалі вайну, але страцілі ініцыятыву», – падкрэслівае турэцкае выданне.

Наконт таго, наколькі моцна ўведзеныя санкцыі ўдарылі па эканоміцы Расеі, няма адзінага меркавання. Тым не менш, выступаючы на днях перад дэпутатамі Дзяржаўнай думы, кіраўнік расейскага Цэнтрабанка Эльвіра Набіуліна заявіла аб тым, што ўжо ў другім – пачатку трэцяга квартала расейская эканоміка ўвойдзе ў перыяд структурнай трансфармацыі, і наступствы будуць вельмі адчувальнымі. Еўрапейская прэса дае свае каментарыі.

Расейская эканоміка куды больш уразлівая, чым пра тое кажа Пуцін”, – адзначае італьянская газетаLa Repubblica.

«Чаканыя эканамічныя наступствы канфлікту, эфект ад санкцый і фармаванне новых эканамічных альянсаў – усё гэта не суадносіцца з вектарам, першапачаткова абраным прэзідэнтам Пуціным. Сам факт прызнання кіраўніком Цэнтрабанка РФ Эльвірай Набіулінай таго, што расейская эканоміка сутыкаецца з цяжкасцямі, важны па двух прычынах. З аднаго боку, ён дэманструе, што празмернае зацягванне канфлікту нанясе сур’ёзныя страты расейскай эканоміцы; а з іншага боку, ясна, што ў расейскіх кампаній зараз няма альтэрнатывы, якая склалася ў мадэлі дзелавых сувязяў з Захадам, і ў бліжэйшы час такая не з’явіцца. Паводле слоў Набіулінай, у Расеі практычна няма ніводнага тавару, які вырабляўся б без замежных камплектуючых», – каментуе італьянскае выданне.

У велікодныя выхадныя ў Швецыі адбыліся беспарадкі: ёсць параненыя і ўжо заяўлена аб прычыненні матэрыяльнага ўрону. Беспарадкі выліліся пасля таго, як правы экстрэміст і палітык ісламафобскага толку Расмус Палудан абвясціў аб намеры зладзіць спаленне Карана. Кіраўнік шведскай паліцыі Андэрс Торнберг выказаў «сур’ёзныя падазрэнні», што за эскалацыю падчас дэманстрацый у адказ адказныя «злачынныя групоўкі». Аглядальнікі задаюцца пытаннем, што рабіць далей. Шведская газета Svenska Dagbladet б’е трывогу наконт стану шведскага грамадства.

«Беспарадкі падчас велікодных свят паказваюць на існаванне ў нашай краіне паралельных нормаў і супольнасцяў, а таксама беззаконне, якое пануе ў прыгарадах, жыхары якіх варацца ва ўласным соку. Усё гэта можа ў імгненне вока перарасці ў жорсткі гвалт у дачыненні да паліцыянтаў, супрацоўнікаў хуткай дапамогі і нават шэраговых грамадзян. Адначасова з гэтым паступае плыня навінаў аб новых агнястрэльных раненнях і смерцях у бесперапынных бандыцкіх разборках. Усё гэта сведчыць аб катастрафічнай сітуацыі, якая пануе ў нашых сегрэгіраваных раёнах і ў наратыве вакол іх. Ні адно ўнутрыпалітычнае пытанне не мае больш высокага прыярытэту – ні адно», – падкрэслівае шведскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка