Агляд прэсы: стратэгічныя альтэрнатывы
Ці сапраўды будучыня Расеі адбываецца ў Беларусі зараз? Ці не перабольшыў часопіс The Lancet эфектыўнасці вакцыны «Спадарожнік V»? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.
Амерыканскае выданне Project Syndicate на сваіх старонках размясціла матэрыял Славаміра Серакоўскага, які папярэджвае: адрозненні паміж Беларуссю і Расеяй важнейшыя за падабенствы.
«Мы павінны насцярожыцца, дазвалючы сабе падабенства дзвюх краін, бо іх гісторыі і мовы, рэлігіі і рэпрэсіі, хаваюць глыбокія рознагалоссі».
На думку аглядальніка, Навальны – канкурэнт, патрэбны Пуціну, а Ціханоўская – патрэбны канкурэнт Лукашэнку. Калі Навальны хоча набыць такую ж папулярнасць, якой карыстаецца Ціханоўская ў Беларусі, яму трэба задаволіць такое патрабаванне расейскіх выбаршчыкаў, як нацыяналізм. «У рэшце рэшт, у Расеі нацыяналістычныя настроі з’яўляюцца аднымі з самых моцных у Еўропе. А ў Беларусі яны самыя слабыя», – адзначае амерыканскае выданне.
***
Завяршыўся візіт у Маскву Жэзэпа Барэля. Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі ехаў у Маскву для таго, каб абмеркаваць арышт Аляксея Навальнага. А павяртаўся на фоне таго, што Масква выслала трох дыпламатаў ЕЗ. Еўрапейская прэса абурана і расцэньвае гэта як афронт, абразу, якой ЕЗ не ў сілах супрацьстаяць.
«Візіт быў зусім марным», – такі вынік падводзіць Українська правда і адзначае, што ні адна з «чырвоных ліній» адносна Украіны не зрушылася, але сэнсу гаварыць пра гэта з Расеяй ЕЗ, мяркуючы па ўсім, ужо не бачыць, бо «ўсё роўна ніхто нікога не здольны пераканаць».
«Падобнае адбываецца і з пытаннем парушэння правоў чалавека ў Расеі, якое становіцца ахвярай жадання еўрапейскіх сталіц «працягваць дыялог, нягледзячы на разыходжанні ў меркаваннях». Менавіта гэтыя словы сказала Ангела Мэркель, каментуючы высылку з Расеі нямецкага дыпламата», – падкрэслівае ўкраінскае выданне.
***
Нямецкі часопіс Der Spiegel спрабуе разабрацца, а ці не памыліўся аўтарытэтны часопіс The Lancet, калі надрукаваў вынікі, што пацвярджаюць высокую эфектыўнасць расейскай вакцыны, і ў выніку стаў афіцыйным «яблыкам разладу» еўрапейскай павесткі.
Даследчыкі, якія вывучалі матэрыял часопіса The Lancet, указваюць на шэсць пунктаў, якія турбуюць, нягледзячы на публікацыю. Сярод іх – поўная сакрэтнасць зыходных дадзеных, нестыкоўкі ў колькасцях падвопытных пацыентаў і смяротных выпадкаў, а таксама памылкі ў прамежкавых і канчатковых лічбах даследавання.
«З рэшты нават паступіла крытыка матэрыялу і з самой Расеі. Тое, што «Спадарожнік V» з вялікай доляй верагоднасці з’яўляецца эфектыўнай вакцынай, не адмаўляецца. Але тое, ці сапраўды яго эфектыўнасць складае больш за 90% і гэта абсалютна бясшкодны прэпарат, застаецца як мінімум пад пытаннем. Гэта тычыцца і магчымасці заражэння пасля вакцынацыі», – рэзюмуе Der Spiegel.
***
Біткойн – найбуйнейшая крыптавалюта ў свеце, але на рынку прадстаўлены і тысячы іншых крыптавалютных токенаў. Напрыклад, на працягу апошняга тыдня крыптавалюта-мем Dogecoin атрымала шырокую падтрымку знакамітасцяў. Амерыканскі часопіс Forbes правёў даследаванне, ці сапраўды маюцца крыптавалюты, акрамя біткоіна, якія варта набываць. Выданне цытуе Саймана Кіма, генеральнага дырэктара венчурнага фонду Hashed, які нядаўна сабраў 120 мільёнаў даляраў. Апошні заявіў, што больш не купляе біткойны і альткойны падчас вар’яцтва СМІ, выкліканага рознічнымі інвестарамі.
«Альтэрнатывай можа быць блокчейн крыптавалюты Cardano, які выпускаецца паэтапна, грунтуючыся на шэрагу прынцыпаў праектавання. Гэта дазваляе праводзіць эканамічныя транзакцыі, якія ўтрымліваюць больш важную інфармацыю для інстытуцыйных інвестараў, карпарацый і рэгулятараў», – піша Forbes. Тлумачачы, чаму Cardano з’яўляецца фаварытам сярод сур’ёзных крыптавалют на працягу апошніх трох гадоў, часопіс прыводзіць, як довад, вартасць манеты меншую за даляр, якая дазваляе пакласці іх на рахунак і з супакоем назіраць, што будзе далей.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.