Агляд прэсы: „сціснуўшы кулачкі”
Санкцыі супраць Беларусі накіраваны на расейскія магчымасці дыктатара. Ці чакаюць Швецыю палітычныя ўзрушэнні? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Амерыканскае выданне Atlantic Council паведамляе, што санкцыі Захаду супраць Беларусі, нарэшце, пачынаюць нацэльвацца на інтарэсы дыктатара Аляксандра Лукашэнкі ў Расеі. «Калі на гэтым тыдні ЗША, Еўразвяз, Канада і Вялікабрытанія абвясцілі пра новы раўнд санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, асабліва вылучылася адно імя: расейскі бізнесмен Міхаіл Гуцэрыеў, найбуйнейшы адзіны замежны інвестар у Беларусі, які забяспечвае Беларусь большай часткай сырой нафты. Па словах былога памочніка дзяржсакратара ЗША Дэвіда Крамэра, Гуцэрыеў – «грашовы мяшок Лукашэнкі». Ён таксама валодае кампаніяй «Слаўкалій», якая будуе ў беларускім горадзе Любань завод па здабычы і перапрацоўцы хларыстага калію», – паведамляецца ў матэрыяле. Atlantic Council заклікае не спыняцца на санкцыянаванні Гуцэрыева. Іншай патэнцыйнай мэтай з’яўляецца Герман Грэф, які з’яўляецца галоўным палітычным заступнікам Гуцэрыева ў расейскай эліце і даўнім сябрам Пуціна. Далейшым кандыдатам на санкцыі, звязаныя з Беларуссю, з’яўляецца расейскі мільярдэр Дзмітрый Рыбалоўеў, «надзейны пасярэднік Крамля», які знаходзіцца пад шматлікімі крымінальнымі расследаваннямі ў Францыі, Манака і Швейцарыі за спробу подкупу альбо маніпуляцыі з суддзямі, паліцыяй і палітыкамі.
***
У Бельгіі пасля шматтыднёвых пошукаў знойдзены мёртвым салдат Юрген Конінгс, які знік з вайсковай часткі17 траўня, пасля таго, як ім былі апублікаваныя пагрозы фізічнай расправы ў адрас вірусолага Марка ван Ранста. Перад тым як пакінуць частку, Конінгс выкраў зброю. Цела салдата было знойдзена ў лесе ў Нацыянальным парку Хоге Кемпэн. Улады асцерагаліся таго, што Конінгс, які меў ультраправыя і экстрэмісцкія погляды, мог планаваць напад на грамадскі будынак або грамадска значных асобаў. Як адзначае прэса, Конінгса наўрад ці можна назваць «адзінокім ваўком». Бельгійскае выданне Le Soir з трывогай адзначае, што адабрэнне поглядаў і дзеянняў Конінгса расце ў шырокіх слаях грамадства. «Распаўсюд праваэкстрэмісцкіх поглядаў назіраецца не толькі ў арміі. Мы ўбачылі, якую падтрымку гледжанні Конінгса сустрэлі сярод насельніцтва, і кожны божы дзень мы на свае вочы можам пераканацца ў тым, якія парасткі дае гэтая ідэалогія на словах і на справе. Натуральным асяроддзем для яе служаць сацыяльныя сеткі. Што ж сілкуе нянавісць, непрыманне дэмакратыі і перакананасць у тым, што ўлады і палітыка больш не адпавядаюць чаканням насельніцтва, а таму неабходна шукаць казлоў адпушчэння і больш за тое дзейнічаць? Грамадства павінна неадкладна задацца гэтым пытаннем – на палітычным, ідэалагічным і сацыяльным узроўнях. Юрген Конінгс – на жаль, толькі сігнал трывогі, але зусім не эпілог гэтай змрочнай главы», – піша бельгійскае выданне.
***
Прэм’ер-міністр Швецыі і па сумяшчальніцтве старшыня Сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі Швецыі Стэфан Лёвэн атрымаў вотум недаверу ў рыксдагу. Супраць яго прагаласавалі кансерватары з апазіцыі, Левая партыя, а таксама правапапулісцкая партыя Шведскія дэмакраты, якая да гэтага часу хутчэй знаходзілася ў палітычнай ізаляцыі ў шведскім палітычным ландшафце. Менавіта Шведскія дэмакраты ініцыявалі галасаванне па вотуму недаверу, скарыстаўшыся тым, што паміж кіруючай чырвона-зялёнай кааліцыяй і Левай партыяй, якая падтрымала яе, разгарэлася спрэчка з нагоды жыллёвай палітыкі. Швецкая газета Dagens Nyheter не хавае сваёй заклапочанасці. «Якой будзе яўка выбаршчыкаў у выпадку паўторных выбараў? І на каго выбаршчыкі ўскладуць віну за тое, што палітыкі не могуць паміжсобку дамовіцца? Гэтымі пытаннямі напэўна зададуцца многія палітычныя партыі. Пры самым неспрыяльным раскладзе большасць у новым рыксдагу атрымаюць Памяркоўныя, Хрысціянскія дэмакраты і Шведскія дэмакраты. Калі так, то вялікая небяспека таго, што лідар Шведскіх дэмакратаў Йімі Окесан дасягне-такі сваёй мэты і сфармуе нацыянал-кансерватыўны блок у рыксдагу, а Швецыя атрымае адпаведны ўрад», – лічыць швецкае выданне.
***
Чэмпіянат Еўропы па футболе, які пачаўся 11 чэрвеня, ідзе ўжо 14 дзён. З-за пандэміі каронавірусу на большасць стадыёнаў дапускаецца толькі пэўная колькасць гледачоў, вельмі абмежаваны і сумесны прагляд у барах або кінатэатрах пад адкрытым небам. Аднак гэта не перашкаджае еўрапейскай прэсе паддавацца футбольнай ліхаманцы і горача спрачацца пра пераможцаў і прайграўшых. Асабліва радуецца выступу на чэмпіянаце зборнай Італіі італьянская газета Times of Malta. «Мы сочым за італьянскай камандай на працягу сарака гадоў і не можам узгадаць, каб калі-небудзь бачылі такую гульню! Раней яны ніколі не забівалі больш двух галоў у матчы за першынства Еўропы. На гэты раз яны забілі тры галы ў першых двух гульнях, і з галавакружнай хуткасцю выйшлі на наступны этап. Гульцы італьянскай зборнай поўныя сілаў і згаладаліся па перамогах. Акрамя таго, яны, падобна, поўныя рашучасці выйграць тытул чэмпіёна Еўропы. Гэта сапраўды нешта новае ў параўнанні з тымі італьянскімі камандамі, якія раней забівалі гол, а пасля 89 хвілін працавалі на абарону», – падсумоўвае італьянскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.