Агляд прэсы: „суд зямны” наперадзе



У Беларусі топ-журналісты асуджаны на 12 гадоў за крытыку ўладаў. Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт Пуціна. ЕЦБ зноў паднімае ключавую стаўку. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Чатыры беларускія жанчыны былі асуджаныя ў Беларусі больш чым на дзесяць гадоў турмы, што стала апошнім у серыі цяжкіх прысудаў, вынесеных актывістам і журналістам, якія выступалі супраць Лукашэнкі. Прысуды вынесеныя па дзвюх розных справах – першая ў дачыненні да кіраўнікоў незалежнага інтэрнэт-выдання tut.by і другая ў дачыненні да двух палітолагаў, абвінавачаных у падрыўной дзейнасці», – паведамляе кітайскае выданне China Global Television Network.

«Золатаву і Чэкіну спачатку абвінавачвалі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, а потым у распальванні варожасці і закліках да санкцый супраць Беларусі. Дзяржаўнае агенцтва апублікавала відэа, на якім яны сядзяць у клетцы ў зале суда ў кайданках на закрытым працэсе. Адпаведна асуджаны заснавальніца аналітычнага цэнтра Валерыя Касцюгова і палітолаг Таццяна Кузіна, якія атрымалі 10 гадоў пазбаўлення волі. Абедзве жанчыны былі асуджаныя за «дзеянні з мэтай неканстытуцыйнага захопу ўлады», заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, і распальванне сацыяльнай варожасці. Паводле звестак праваабаронцаў, цяпер у Беларусі каля 1500 палітычных затрыманых, арыштаваных за крытыку ўладаў або ўдзел у акцыях пратэсту 2020 года супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, якія апазіцыя назвала сфальсіфікаванымі», – піша кітайскае выданне.

Міжнародны крымінальны суд (МУС) у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай па правах дзіцяці ў Расеі Марыі Львовай-Бяловай. Ордэр выпісаны Дасудовай палатай суда па справе аб «незаконным вывазе дзяцей». «Словы «Пуцін» і «Гаага» стаяць побач яшчэ з часоў «адраджэння расейскага войска ў Чачні». Але цяпер гэты запаветны тапонім – ужо не лозунг, не мем, а юрыдычная і палітычная рэальнасць, з якой давядзецца лічыцца ўсяму свету», – вітае навіны з Гаагі расейскае выданне Graniru.

«З гэтага часу 123 дзяржавы, якія ратыфікавалі Рымскі статут, абавязаны затрымаць і выдаць Пуціна, калі ён апынецца на іх тэрыторыі. І як бы паспяхова ні ішлі ў Пуціна справы на «глабальным Поўдні», ён напэўна ўпадабае паездкі на бронецягніку. Цяпер Пуцін афіцыйна ў адным шэрагу з Аль-Башырам, Мілошавічам і Кадафі. Гаагскі ордэр гарантуе максімальную таксічнасць, ён узмацняе эфект заходніх санкцый. Гаагскія пракуроры і суддзі даказалі, што не ўсе аанаўскія структуры Маскве ўдалося паралізаваць або «хакнуць». На гэтым фоне яшчэ агідней выглядае працяг фарсу ў Радзе Бяспекі, дзе Небэнзе ў красавіку ў рамках штомесячнай ратацыі належыць месца старшыні. Пакуль расейскія працаўнікі генацыду працягваюць сталінскую традыцыю дэпартацый па нацыянальнай прыкмеце. Нас чакае запознены суд над крывавай імперыяй, якая, развязаўшы разам з Гітлерам сусветную вайну, працягвала занявольваць народы ўжо на правах пераможцы. І толькі зараз ёй патрэбны будзе свой Нюрнберг», – падсумоўвае расейскае выданне.

Нягледзячы на турбулентнасць, якая запанавала на фінансавых рынках, Еўрапейскі цэнтральны банк падняў ключавую стаўку на палову працэнтнага пункта, і цяпер яна складае 3,5 працэнты. За кошт прыняцця гэтай меры рэгулятар спадзяецца ўтаймаваць высокую інфляцыю. Прэса разважае пра тое, у якім святле разглядаць гэты крок: як сведчанне ўпэўненасці ва ўстойлівасці банкаўскага сектара ці ж як крыніца рызыкі? Каталонская газета El Periódico de Catalunya ухваляе рашэнне рэгулятара.

«Барацьба з інфляцыяй ці абарона фінансавай сістэмы – такі выбар стаяў перад ЕЦБ, і ўсе напружана чакалі, якое ж рашэнне ён прыме. За кошт падняцця працэнтных ставак эканоміка некалькі астуджаецца, і кошты стабілізуюцца. У той жа самы час павышэнне ставак – гэта адна з прычын краху банка SVB . Калі ЕЦБ будзе і далей спрыяць падаражэнню грошай, то гэта значыць, што сваім прыярытэтам рэгулятар абраў барацьбу з інфляцыяй. Той факт, што ЕЦБ не стаў спрабаваць супакоіць банкаўскі сектар, можна парадаксальным чынам расцэньваць як доказ даверу: банкаўскі сектар не мае патрэбы ў дадатковых мерах, ён і так дастаткова стабільны», – адзначае каталонскае выданне.

Услед за банкруцтвам амерыканскага банка Silicon Valley Bank фінансавы свет патрэсла вестка аб рэзкім падзенні курсу акцый швейцарскага Credit Suisse (CS). На момант заканчэння таргоў у сераду акцыі банка паказвалі мінус у раёне 24 працэнтаў. Гэты гігант банкаўскага сектара абвясціў, што прыме прапанову аб дапамозе ад Швейцарскага нацыянальнага банка і мае намер узяць у яго ў пазыку да 50 мільярдаў швейцарскіх франкаў. Еўрапейская прэса спрабуе ацаніць маштаб здарэння. «Швейцарскі» больш не з’яўляецца сінонімам слова «надзейны», – лічыць італьянская газета La Repubblica.

«Ці то з-за славутай швейцарскай канфідэнцыйнасці, ці то з-за таго, што гэта – «банк глабальнага маштабу, які страціў сувязь са Швейцарыяй», але адно можна сказаць напэўна: Credit Suisse – насуперак таму факту, што ён швейцарскі, ці ж, наадварот, якраз дзякуючы гэтаму – на працягу многіх гадоў прыцягваў у шэрагі сваіх кліентаў персанажаў з вельмі цёмным мінулым і сённяшнім. Вось так паступова першакласны банк стаў «дрэнным хлопцам» у міжнародным фінансавым свеце, хлопцам, замяшаным у разнастайных скандалах. Такі гэты банк – надзейная гавань для алігархаў і дыктатараў, серыйны фундатар у самыя сумнеўныя ўгоды па абодва бакі Атлантыкі, а часам і Ціхага акіяна, а заадно яшчэ і невычэрпная крыніца інфармацыі для стваральнікаў «панамскага дасье», – гіранічна канстатуе італьянскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя