Агляд прэсы: сумнявацца ва ўсім



Пуцін не адмаўляе абмеркавання пытання Беларусі з Байдэнам. Вялікая сямёрка: адзінства ёсць, але малавата канкрэтыкі. Швейцарцы не змаглі сказаць «так» выратаванню клімату і пітной вады. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Уладзімір Пуцін даў першае за апошнія тры гады інтэрв’ю замежнаму тэлеканалу NBC. Размова адбылася ў Крамлі 11 чэрвеня. Сярод тэмаў абмеркавання: адносіны з ЗША, «расейскія кіберпагрозы» і маючы адбыцца саміт у Женеве. На пытанне, ці ведаў Пуцін загадзя, што будзе перахоп авіялайнера і арышт двух людзей у Беларусі, прэзідэнт Расеі запэўніў, што не ведаў і даведаўся пра гэта са сродкаў масавай інфармацыі. Да таго ж «для Расеі гэта не ўяўляе ніякай цікавасці. Я не тое каб ухваляю і не тое, каб асуджаю. Так здарылася. Я распавядаў нядаўна ў адной з гутарак з еўрапейскім калегам, версію Лукашэнкі, пра якую ён мне расказаў і якая заключаецца ў тым, што да іх саміх паступіла інфармацыя, што на борце знаходзіцца выбуховае прыстасаванне. Яны праінфармавалі пілота, не прымушалі яго да пасадкі, і пілот прыняў рашэнне садзіцца ў Менску. Вось і ўсё». Тым самым інтэрв’ю замежнаму тэлеканалу NBC ужо зараз паказвае, якая рыторыка з боку Масквы будзе гучаць на сустрэчы з Байдэнам у Жэневе.

***

У нядзелю ў Карнуоле завяршыўся саміт Вялікай сямёркі, які згодна з планам павінен быў адбыцца яшчэ ў 2020 годзе. На ўдзельнікаў саміту ўскладалі вялікія надзеі ў плане далёкаідучых рашэнняў па пытаннях процідзеяння змене клімату, а таксама барацьбы з пандэміяй. Як ні як, зусім нядаўна краінам удалося прыйсці да агульнага рашэння аб увядзенні мінімальнага падатку для карпарацый. Аднак, як адзначае большасць СМІ, на гэты раз надзеі не апраўдаліся. «Што датычыцца адносінаў з Пекінам, то па гэтым пытанні ўдзельнікам сустрэчы не ўдалося дасягнуць згоды», – канстатуе чэшская газета Hospodářské noviny. «Паводле дадзеных Еўрапейскай гандлёвай палаты ў Кітаі, 60 адсоткаў з 585 апытаных еўрапейскіх кампаній хацелі б пашырыць сваю дзейнасць у Кітаі. І гэта знайшло сваё адлюстраванне ў Карнуоле: кіраўнікі еўрапейскіх дзяржаў і ўрадаў праяўлялі па гэтым пытанні немалую асцярожнасць, і ў першую чаргу – канцлер ФРГ Ангела Меркель, якая неўзабаве пакіне свой пост. Еўрапейцы не хацелі б апынуцца ў сітуацыі, калі ім давядзецца выбіраць паміж ЗША і Кітаем», – канстатуе чэшскае выданне.

***

У нядзелю ў Швейцарыі адбылося ўсенароднае галасаванне з нагоды трох кліматычных ініцыятываў, і ўсе тры былі грамадзянамі адхіленыя. Так, з невялікай перавагай (51,6 адсоткі галасоў) праціўнікам запланаванага Закона аб СО2 удалося прадухіліць яго прыняцце. Дзве іншыя ініцыятывы: аб паляпшэнні якасці пітной вады і забароне сінтэтычных пестыцыдаў былі адхіленыя больш значнай большасцю галасоў; супраць выказалася каля 60 адсоткаў. «Цяжкае пахмелле» – такі дыягназ вынесла краіне прэса. На думку швейцарскай газеты Tages-Anzeiger, у грамадстве пашыраецца раскол: «Сельская Швейцарыя паўстала. З аднаго боку, ёю кіруе страх, што занадта рэзкія і радыкальныя рэформы паставяць пад пагрозу іх звыклую фермерскую працу. Але быў яшчэ і іншы фактар – куды больш глыбокая крыўда. Частка абаронцаў клімату пралічылася. Знаходзячыся ў палоне ўласных уяўленняў аб надыходзячым экалагічным канцы свету, яны заклікалі грамадзян галасаваць супраць запланаванага закона аб СО2, паколькі, маўляў, ён недастаткова радыкальны. Але пры гэтым яны забылiся пра галоўны прынцып швейцарскай палітыкі: калі ты не гатовы заключыць здзелку, то нічога і не выйграеш. Пасля гэтай сапраўды падзейнай нядзелі краіна апынулася разбітай на два лагеры, якія адзін аднаго не разумеюць і не чуюць. Адметна тое, што да такой справы дайшло менавіта ў нашай краіне, здавалася б, такой невялікай Швейцарыі».

***

На 43 хвіліне матчу паміж Даніяй і Фінляндыяй, які праходзіў у рамках еўрапейскага першынства па футболе, дацкі паўабаронца Крысціян Эрыксэн страціў прытомнасць. Спартсмена прыйшлося адправіць у рэанімацыю. Апынуўшыся перад выбарам працягнуць гульню ці ж перанесці матч на наступны дзень, каманды прынялі рашэнне працягнуць гульню – пасля таго, як стан Эрыксэна, дастаўленага ў бальніцу, стабілізаваўся. Як адзначае еўрапейская прэса, тое, што здарылася пралівае святло на цэлы шэраг праблем прафесійнага футболу. Дацкая газета Politiken абвінавачвае Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый у тым, што той аказаў ціск на гульцоў дацкай каманды, якія знаходзіліся ў шокавым стане. «УЕФА павінна была выйсці наперад і сфармаваць своеасаблівае ахоўнае кола вакол гульцоў, як гэта зрабілі самі гульцы, якія шчытом акружылі Крысціяна Эрыксэна. Замест гэтага футбалістаў прымусілі працягнуць гульню, спасылаючыся на пратаколы, згодна з якімі гульня павінна быць хутка адноўлена. Толькі па завяршэнні матча, які стаў абсалютна бессэнсоўным, футбалістаў адвезлі ў гасцініцу, дзе яны правялі ноч у размовах з псіхолагамі. УЕФА адхіляе ўсякую крытыку ў свой адрас: быццам усё прайшло па правілах. Маўляў, пераносіць матч – справа практычна немагчымая. Ды і не вельмі прыемна расчароўваць праваўладальнікаў, якія заплацілі мільярды за правы на трансляцыю матчаў», – падкрэслівае дацкая газета.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.