Агляд прэсы: Супярэчыць каштоўнасцям



На што гатовы пайсці Лукашэнка, каб пазбегнуць ордара на арышт? Нідэрланды: чырвона-зялёная кааліцыя да старту гатова. Еўропа змагаецца са спёкай. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

У верасні сесія Еўрапарламента разгледзіць рэзалюцыю па Беларусі, у якую мяркуецца ўключыць рэкамендацыю аб выдачы ордара на арышт Лукашэнкі.  «Прычына? Беларускі дыктатар Аляксандр Лукашэнка прыкрываецца гуманітарнымі мэтамі і дапамагае выкрадаць украінскіх дзяцей і збіраецца адправіць іх змагацца супраць украінскай дзяржаўнасці», – цытуе кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушку ўкраінскае выданне UATV.

«Усіх дзяцей дэпартуюць прыкладна па той жа схеме, як высветлілі журналісты-расследавальнікі ўкраінскіх і міжнародных СМІ. Сірот ці дзяцей, чые сваякі знаходзяцца на неакупаванай тэрыторыі, адпраўляюць у нібыта медпункты. А калі прысутнічаюць сваякі, сям’я дзеліцца. Бацькоў могуць адправіць на фільтрацыю або прапанаваць дзецям пуцёўку ў летнік.  Дзіўныя прызнанні на гэты конт генеральнага сакратара Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзмітрыя Шаўцова і публічныя выказванні паралімпійца Аляксея Талая могуць сведчыць аб тым, што рэжым знайшоў асобаў, які б прынялі на сябе адказнасць, як і расейскі амбудсмен за аналагічныя злачынствы. На фоне наступнага пакета санкцый, Лукашэнку задаволіў бы варыянт, калі б расследаванне дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Беларусь скончылася выдачай ордараў на арышт Талая і Шаўцова», – рэзюмуе ўкраінскае выданне.

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін у тэлезвароце ў пятніцу абвінаваціў кіраўніцтва Польшчы ў імкненні захапіць украінскую зямлю і патэнцыйна ўварвацца ў Беларусь. «Пуцін сказаў, што НАТО сфармуе аператыўную групу, якая ўступіць у вайну ва Украіне, а потым Польшча возьме гістарычна польскія землі ў Заходняй Украіне і, магчыма, таксама ў Беларусі», – сочыць за сітуацыяй амерыканскае выданне The Jurist.

Нягледзячы на адсутнасць доказаў, Пуцін сцвярджае, што Польшча будзе прэтэндаваць на «гістарычныя землі», якія знаходзяцца ў Беларусі і Украіне, пасля таго, як іх «анэксавалі» гэтыя дзяржавы. Далей прэзідэнт Расеі ўдакладніў, што любая форма агрэсіі ў дачыненні да Беларусі будзе лічыцца агрэсіяй супраць Расеі. З 2000 года абедзве краіны знаходзяцца ў саюзе пад назвай «саюзная дзяржава». Пуцін скончыў сваю заяву, нагадаўшы Польшчы, што падчас Другой сусветнай вайны іх вызваляла менавіта Расея, а не Захад.

Прамова Пуціна адбылася пасля таго, як Польшча выказала трывогу з нагоды значнага павелічэння перамяшчэння войскаў і трэніровак каля мяжы з Беларуссю. Большую частку гэтых ваенных вучэнняў праводзілі «Група Вагнера» і беларускія вайскоўцы, паколькі кіраўнік «Групы Вагнера» Яўген Прыгожын, як паведамляецца, знаходзіцца ў эміграцыі ў Беларусі», – піша амерыканскае выданне.

У Нідэрландах намячаецца пералом у партыйным ландшафце, а на пасаду кіраўніка ўрада прэтэндуе адна вядомая асоба. На выбарах у лістападзе, якія сталі неабходнымі пасля распаду кааліцыі прэм’ер-міністра Марка Рутэ, Зялёныя і сацыял-дэмакраты маюць намер выступіць агульным спісам. Мяркуецца, што іх галоўным кандыдатам стане віцэ-старшыня Еўракамісіі Франс Цімерманс. Нідэрландская газета De Telegraaf аналізуе характар самаго Цімерманса.

«Дзякуючы лідару спісу кандыдатаў Франсу Цімермансу левыя атрымалі «палітыка да мозгу касцей»: дасведчанага, хітрага, крыўдлівага і таго, хто не цураецца цвёрдых дзеянняў. Але ў той самы час гэта чалавек з веданнем гісторыі і высакапарнымі ідэямі, якія ён так любіць падрабязна выкладаць.  Цімерманс моцны ў мастацтве дэбатаў, свае прамовы ён ведае назубок. Яго характар часам яму мяшае, прычым ён даволі часта дае зразумець, што яго недаацэньваюць. Гэта – падводныя камяні ў палітычным клімаце, які ў сённяшняй Гаазе стаў больш суровым. І паколькі Цімерманс вылучыў сваю кандыдатуру, перадвыбарная кампанія стане сапраўднай сутычкай», – прагназуе нідэрландскае выданне.

Гэты год ужо пабіў рэкорды спякоты папярэдніх гадоў. У многіх італьянскіх гарадах аб’яўлены максімальны ўзровень небяспекі. Чадзяць лясныя пажары ў Грэцыі і Іспаніі. Аднак наступстваў спякоты асцерагаюцца не толькі на поўдні кантынента. «Для вельмі многіх і ў Румыніі рэкордныя тэмпературы з’яўляюцца сапраўдным катаваннем», – піша мясцовая газета Adevărul.

«Новыя рэкорды спякоты рэгістраваліся і ў мінулыя гады метэаназіранняў – з той толькі розніцай, што зараз, год за годам, перагружанасць буйных гарадскіх агламерацый у літаральным сэнсе слова задушвае гараджан. Па вуліцах паўзуць мільёны аўтамабіляў, грукочуць сотні тысяч будаўнічых пляцовак,  і гэта нягледзячы на ўсе размовы пра тое, што людзей і навакольнае асяроддзе неабходна ахоўваць ад экстрэмальных тэмператур. Будынкі і бетон награваюцца дзень і ноч, спякота становіцца проста невыноснай, паветрам немагчыма дыхаць – і ўсё гэта абцяжарвае жыццё. Гэта сапраўднае катаванне для многіх з нас», – канстатуе румынскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка