Агляд прэсы: сварка Аўстраліі з Кітаем
Кітай уводзіць прынцыпова новую знешнюю палітыку, адкрыта наважваючыся на канфлікт з Аўстраліяй.
У Аргенціне завялі крымінальную справу на асабістага лекара Дыега Марадоны. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча:
– Прэм’ер-міністр Аўстраліі Скот Морысан асудзіў фальшывую выяву аўстралійскага жаўнера, размешчаную ў Twitter прадстаўніком урада Кітаю, назваў яе „агіднай” і запатрабаваў выдалення гэтага допісу. Выява, на якой намаляваны ўсмешлівы аўстралійскі жаўнер, які трымае запэцканы крывёй нож у горле афганскага дзіцяці, была размешчана ў панядзелак у твітэры прэс-сакратара МЗС Кітаю Чжао Ліцзяня, піша „Аль-Джазіра”. На мінулым тыдні Аўстралія паведаміла 13 салдатам спецназа, што ім пагражае звальненне ў сувязі з незалежнай справаздачай аб меркаваных незаконных забойствах у Афганістане, пра гэта заявіў у пятніцу кіраўнік арміі краіны. У панядзелак Чжао апублікаваў гэты здымак у Twitter з подпісам: «У шоку ад забойства афганскіх грамадзянскіх і зняволеных аўстралійцамі. Мы рашуча асуджаем такія ўчынкі і заклікаем прыцягваць іх да адказнасці”. За тры гадзіны пасля апублікавання допіс рэтвітнулі больш за 1400 разоў. У пятніцу ўліковы запіс Чжао размясціў такое ж паведамленне, але ўжо без фальшывага малюнка. Паведамленне, на думку арабскага выдання, з’яўляецца апошнім прыкладам больш агрэсіўных адносінаў кітайскага ўрада з замежнымі краінамі, якія аналітыкі назвалі дыпламатыяй „ваяр-воўк”. Скот Морысан сказаў, што Аўстралія ўстанавіла „празрысты і сумленны” працэс расследавання абвінавачванняў у дачыненні да жаўнераў, і гэта „тое, што робіць свабодная, дэмакратычная і ліберальная краіна”. Паводле яго слоў, Аўстралія „цярпліва імкнулася” вырашыць напружанасць у адносінах з Кітаем і хацела прамой дыскусіі паміж міністрамі, піша Al Jazeera.
Лекар Дыега Марадоны падвергнуты расследаванню па падазрэнні ў ненаўмысным забойстве праз чатыры дні пасля таго, як аргентынская легенда перажыла смяротны сардэчны прыступ, паведамляе мясцовая газета La Nacion. Паводле паведамленняў некалькіх мясцовых інфармацыйных агенцтваў, у пачатку нядзелі паліцыя правяла рэйд у доме і клініцы лекара Марадоны Леапольда Луке. Ператрусы адбыліся пасля таго, як сведкі паведамілі следчым, што бачылі бойку паміж Марадонам і ягоным 39-гадовым асабістым лекарам, у якой, як мяркуецца, лекар штурхнуў легенду футболу. Газета са спасылкай на ўласную крыніцу паведамляе, што ператрусы былі прызначаныя ў рамках расследавання. Судовыя следчыя прымалі заявы ў сваякоў Марадоны, якія, паводле пракурораў, курыравалі медыцынскую дапамогу, якую былы форвард „Барселоны” і „Напалі” атрымліваў да смерці. Сам Леапольда Луке эмацыйна адрэагаваў на падазрэнні на прэс-канферэнцыі па тэлебачанні, кажучы праз слёзы: „Вы хочаце ведаць, за што я адказваю? За тое, што я яго палюбіў, паклапаціўся пра яго, падоўжыў жыццё і палепшыў да ягонай смерці”. Асабісты лекар Марадоны сказаў, што ён зрабіў „усё, што мог, аж да немагчымага, каб выратаваць свайго сябра”. Ён таксама звярнуў увагу на той факт, што ўнутры дома футбольнай зоркі павінен быў знаходзіцца дэфібрылятар, а таксама машына хуткай дапамогі, прыпаркаваная звонку, але ні адзін з гэтых збояў не залежаў ад яго. Луке заявіў пра гатоўнасць даваць паказанні перад суддзём, нават калі яго не выклікалі следчыя. Аргенціна тым часам выходзіць з трохдзённай нацыянальнай жалобы пасля смерці футбольнай легенды. Марадона памёр пасля сардэчнага прыступу ў сваім доме на ўскраіне Буэнас-Айрэса ў сераду. 11 лістапада Луке дазволіў Марадону пакінуць лякарню праз восем дзён пасля аперацыі на мозгу. У той час доктар апублікаваў у Instagram фота сябе і свайго знакамітага пацыента, на якім Марадона мае бандаж на галаве. Следчыя імкнуцца ўстанавіць, наколькі ён нёс адказнасць за апеку Марадоны і як часта ён ездзіў правяраць свайго пацыента. На момант смерці Луке не было дома ў Марадоны, але ён патэлефанаваў у экстранныя службы. Мясцовае СМІ Opinion Frontal выпусціла аўдыякліп з гэтым запісам, на якім Луке робіць выклік хуткай дапамогі. Першапачаткова Марадона быў шпіталізаваны з-за тромба ў мозгу. Шмат гадоў ён пакутаваў на сур’ёзныя праблемы са здароўем, у тым ліку шматлікія інфаркты, гепатыт і страўнікавае шунтаванне з-за праблем з вагой.
Беларускае Радыё Рацыя