Агляд прэсы: свет дагары нагамі
Правал перамоваў у Анталлі. Вайна ва Украіне і яе наступствы для сусветнай эканомікі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.
«Калі ЗША і іх еўрапейскія саюзнікі спрабуюць пазбавіць Расею ад глабальнага гандлю і міжнародных фондаў у сувязі з яе бягучым уварваннем ва Украіну, адна краіна аказалася побач з ёй у заходнім прыцэле: Беларусь. Гэтая краіна з насельніцтвам 9 мільёнаў чалавек, якая не мае выхаду да мора, мяжуе з паўночнай Украінай і служыла плацдармам для расейскіх войскаў у месяцы, які папярэднічаў уварванню. Тут таксама адбыліся дыпламатычныя перамовы паміж Расеяй і Украінай», – піша еўрапескае выданне npr.org.
Выданне прыводзіць забарону Езразвязу беларускім банкам да доступу да глабальнай сістэмы фінансавых пераводаў SWIFT і спыненні супрацы з цэнтральным банкам Беларусі, што дапасуецца да ранейшых санкцый, што фактычна блакуюць штогадовы экспарт у ЕЗ на мільярды еўра.
«Беларусь была часткай Савецкага Саюза і стала незалежнай краінай у 1991 годзе, пасля распаду СССР. З таго часу яна падтрымлівае цесныя эканамічныя і палітычныя сувязі з Расеяй. Краіна мяжуе з трыма дзяржавамі-сябрамі NATO, якія калісьці былі камуністычнымі дзяржавамі: Латвіяй, Літвой і Польшчай. Стратэгічна Беларусь важная для расейскай вайсковай агрэсіі: менавіта з тэрыторыі Беларусі расейскія войскі падышлі да Кіева ўздоўж заходняга боку ракі Дняпро, напалі на Чарнігаў. Расейскія ракеты таксама былі запушчаныя з Беларусі. У той час як Лукашэнка заяўляе, што беларускія сілы не будуць удзельнічаць у канфлікце, Беларусь не мае паўнамоцтваў уплываць на вайну Расеі ва Украіне. У Беларусі па-ранейшаму прысутнічаюць расейскія войскі. Пуцін хоча Украіну, таму што гэта частка ягонай версіі Расейскай імперыі. Ён хоча, каб Беларусь была часткай гэтай імперыі. І гэта вельмі прыкрыя сітуацыя, таму што беларускі народ нічога не можа зрабіць», – падкрэслівае еўрапейскае выданне.
Сустрэча міністра замежных спраў Украіны Дзмітрыя Кулебы і кіраўніка расейскага МЗС Сяргея Лаўрова ў Анталлі не прынесла канкрэтных вынікаў. Міністр замежных спраў Турцыі Меўлют Чавушоглу тым не менш выказаў асцярожны аптымізм: «Ніхто не чакаў, што гэтая сустрэча вырашыць усе праблемы, але трэба было хаця б пачаць».
«Цяпер кожны аўтакрат гатовы трансляваць з сябе пасярэдніка і выратавальніка», – ківае галавой італьянская газета Avvenire.
«Прэзідэнт Турцыі разыгрывае ролю галоўнага пасярэдніка паміж бакамі вайны ва Украіне, Кітай, які ўзначальвае Сі Цзіньпін, чытае ЗША натацыі аб справядлівасці, каб прадэманстраваць свайму расейскаму сябру ўласную незалежнасць (не занадта пры гэтым забываючыся), венесуэльскі каудыльё Нікалас Мадура зноў уваходзіць у Вашынгтон, паколькі стаў захавальнікам нафтавых рэзерваў Джо Байдэна, у той час як перад апошнім зачыніліся дзверы традыцыйных саюзнікаў ЗША ў Персідскім заліве. У гэтым свеце, пастаўленым з ног на галаву ваеннай кампаніяй крамлёўскага аўтакрата, у свеце выбухаў і выпаленай зямлі, іншыя дыктатары і аўтакраты выступаюць у ролі выратавальнікаў свету, і СМІ даюць ім гэтую магчымасць», – падкрэслівае італьянскае выданне.
Узаемныя санкцыі і забарона на экспарт усё больш адразаюць Расею ад сусветнага рынку. Украіна зараз не зможа пастаўляць на сусветныя рынкі збожжа, а да вайны яна была адным з найбуйнейшых экспарцёраў збожжавых. На гэтым фоне чакаецца далейшае павышэнне коштаў на электраэнергію, бензін, асноўныя прадукты харчавання і іншыя тавары. Перспектывы вельмі невясёлыя – да такой высновы прыходзіць еўрапейская прэса.
«Расея вернецца да планавай эканомікі», – такі прагноз дае расейскае выданне The Insider.
«Мы атрымалі не проста вельмі жорсткі гаспадарчы крызіс, але і развал усёй эканамічнай мадэлі. Час скокнуў на трыццаць гадоў таму, і зноў надышоў 1991 год, толькі навыварат. Магчыма, не за гарамі і 1984-ы. Акцыі расейскіх прадпрыемстваў нельга прадаць ні за якія грошы. З 27 лютага Цэнтрабанк штодня паведамляе, што на наступны дзень таргі на фондавым рынку не адновяцца. Фактычна гэта значыць, што ўсе буйныя прыватныя капіталы абнулены. Кім жа зараз стануць іх уладальнікі? Проста галоўнымі адміністратарамі на сваіх прадпрыемствах. Іх роля не будзе адрознівацца ад ролі познесавецкіх дырэктараў», – праводзіць паралелі расейскае выданне.
Паводле ацэнак ААН, за два тыдні, якія прайшлі з пачатку вайны, колькасць бежанцаў з Украіны дасягнула двух з паловай мільёнаў чалавек. Людзі бягуць найперш у суседнія краіны – Польшчу, Румынію, Малдову, Славакію і Венгрыю. Гэта самы маштабны крызіс такога кшталту, які імкліва развіваецца, з якім сутыкалася Еўропа з часоў Другой сусветнай вайны. Славенская газета Primorske novice заклікае аблегчыць інтэграцыю бежанцам.
«Людзям, безумоўна, спатрэбіцца псіхалагічная дапамога. Да нас прыязджаюць жанчыны і дзеці, у якіх ва Украіне засталіся сваякі. Гэта жанчыны і дзеці, якія асцерагаюцца за жыццё сваіх мужоў і бацькоў і якім даводзіцца неяк уладкоўвацца ў зусім новым для іх асяроддзі. Мы ўсе ў стане хоць крыху дапамагчы ім у пераадоленні цяжкасцяў. Мы зможам дапамагчы, калі пакажам адкрытасць да дзяцей, якія будуць наведваць нашы дзіцячыя сады і школы. Мы зможам дапамагчы, наладжваючы сяброўства і кантакты і праяўляючы дабрыню да маці, якія шукаюць працу, і, магчыма, будуць працаваць побач з намі на нашых прадпрыемствах», – лічыць славенскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя