Агляд прэсы: свой сярод сваіх



Лукашэнка як ніколі абавязаны Пуціну, што паўплывае на Украіну. Орбан- «міратворца» ў гасцях у Пуціна. Тры прэм’еры прыехалі ў Кіеў. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Калі Расея ў апошні раз уварвалася ва Украіну, Лукашэнка вызначыў сябе нейтральным пасярэднікам. Ён устрымаўся ад прызнання Крыма расейскай тэрыторыяй, адмовіўся ад удзелу Масквы ў гандлёвай вайне супраць Захаду і склікаў варагуючыя бакі ў Менску для заключэння мірных пагадненняў, якія носяць назву беларускай сталіцы.  Але праз восем гадоў, калі Расея пагражае новай вайной з Украінай, Лукашэнка стаў новым чалавекам, і куды больш абавязаным Крамлю. У пятніцу ён выйшаў на сцэну ў Менску, дзе пакляўся ваяваць за Маскву ў выпадку нападу на Расею, і абвінаваціў Захад у спробе «утапіць» расейска-ўкраінскае братэрства ў крыві», – піша амерыканская газета The Washington Post.

Як падкрэслівае выданне, змена пазіцыі Лукашэнкі адбылася пасля таго, як былы кіраўнік калгаса ледзь не страціў уладу ў 2020 годзе. Лукашэнка звярнуўся да Крамля за палітычным выратавальным кругам і ўвёў жорсткія палітычныя рэпрэсіі ў сябе дома.

«Гэтыя крокі ліквідавалі пагрозу яго ўладзе, але пакінулі яго глыбокую залежнасць ад Пуціна. Цяпер, як кажуць аналітыкі, ён вымушаны прытрымлівацца прыкладу Пуціна ў дачыненні да Украіны, што б гэта ні было. Беларуская тэрыторыя  вельмі блізкая да Кіева. Бліжэйшы памежны пераход Беларусі знаходзіцца ў 2,5 гадзінах язды на поўнач ад сталіцы Украіны праз Чарнобыль. Гэтая блізкасць ніколі не адчувалася больш пагрозлівай для тых, хто баіцца пачатку вайны ва Украіне. Надзейна забяспечыўшы Беларусь на арбіце Расеі, Масква змяніла ландшафт бяспекі, і гэта, у сваю чаргу, цяпер дазволіла ёй выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю ў якасці пляцоўкі для патэнцыйна буйной ваеннай аперацыі супраць Украіны», —  піша амерыканскае выданне.

У разгар крызісу вакол Украіны прэм’ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан накіраваўся з візітам да Уладзіміра Пуціна ў Маскву: з «міратворчай місіяй», як заявіў ён сам. Апроч гэтага падчас гутаркі гаворка ішла аб дадатковых пастаўках газу, якія Венгрыя ў выніку атрымала. Крытыкі ўжо даўно абвінавачваюць Орбана ў тым, што ён ставіць краіну ў занадта вялікую залежнасць ад Масквы,  у тым ліку ў пытанні выбару вакцыны. Што ж стаіць за цяперашнім візітам?

«Орбан усё больш адкрыта дзейнічае ў інтарэсах Масквы», – абураецца нямецкая газета Frankfurter Allgemeine Zeitung.

«Міністр замежных спраў Венгрыі нахвальвае адносіны краіны з Расеяй і крытыкуе Украіну, міністр абароны ставіць пад пытанне ўзмацненне ўсходняга флангу НАТА, а сам Орбан выступае ў Маскве такім лепшым сябрам Пуціна, і атрымлівае за гэта дамоўленасць аб пастаўках газу па больш выгаднай цане, чым уся астатняя Еўропа. І тут само сабой напрошваецца пытанне: ці не купіў такім чынам Пуцін за некалькі месяцаў да выбараў у Венгрыі магчымае вета Будапешта супраць увядзення санкцый з боку ЕЗ, у тым выпадку, калі Расея нападзе на Украіну?», – задае нязручнае пытанне нямецкая газета. 

У аўторак прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Борыс Джонсан наведаў з візітам Кіеў, дзе сустрэўся з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Адначасова ў Кіеве адбылася сустрэча прэм’ер-міністра Украіны Дзяніса Шмыгаля з яго польскім і нідэрландскім калегамі Матэвушам Маравецкім і Маркам Рутэ. Прэса разыходзіцца ў меркаваннях. Украінскае выданне 24tv.ua прынамсі адзначае.

«Чакаць заяваў аб стварэнні паўнавартаснага альянсу – рана. Аднак нас, напэўна, чакае заява аб падтрымцы і павелічэнні паставак зброі з Польшчы і Вялікабрытаніі. Рэцэпт поспеху: для таго каб атрымаць больш, трэба добра папрацаваць і паказаць, што нас аб’ядноўвае не толькі агульны вораг, але і каштоўнасці. А даказаць тое, што мы ўмеем працаваць на даверы, не падманваючы партнёраў. Шчыра жадаем усім удачы. Гэты поспех так патрэбны Украіне», – прагназуе ўкраінскае выданне.

Праз чатыры гады пасля таго, як гішпанская газета El País перадала Папе Рымскаму і старшыні Іспанскай канферэнцыі біскупаў дасье з матэрыяламі пра 251 выпадак сэксуальнага гвалту над дзецьмі з боку царкоўных службоўцаў, гішпанскія ўлады прынялі рашэнне аб заснаванні парламенцкай камісіі па расследаванні. Палата дэпутатаў адобрыла адпаведнае хадайніцтва. Гішпанская прэса асвятляе дэталі той дыскусіі. Гішпанская газета La Razón баіцца, што ўсё можа скончыцца агульным шальмаваннем.

«Усё ж такі парламент – не той орган, які павінен расследаваць выпадкі педафіліі ў царкве, хіба што плануецца падаць агульны пазоў супраць царквы як інстытуту. Спрэчкі няма, факты шакуюць, але яны ніяк не мяняюць сутнасці таго, што каталіцызм у цэлым уяўляе сабой у грамадстве. У рэшце рэшт, сэксуальны гвалт так ці інакш мае месца ва ўсіх адукацыйных установах. А таму прыняць належныя меры ёсць задачай юстыцыі. Стыгматызацыя інстытуту царквы сіламі палітычных і ідэалагічных колаў, настроеных супраць  рэлігіі, не мае нічога агульнага з пошукам справядлівасці і кампенсацыяй нанесенай шкоды», – адзначае гішпанскае выданне.

 Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка